Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 лютага, нягледзячы на моцны мароз, у шэрагу гарадоў Расейскай Фэдэрацыі прайшлі масавыя акцыі пад агульным лёзунгам «За справядлівыя выбары!».

Над калёнамі дэманстрантаў па ўсёй краіне разносілася: «Пуцін — вон!», «Расея — без Пуціна!», «Далоў уладу чэкістаў!». Роўна праз месяц, 4 сакавіка, у Расеі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары і апанэнты Крамля абураныя намерам цяперашніх кіраўнікоў — прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева і прэм’ера Ўладзімера Пуціна — памяняцца пасадамі. Тым часам улады арганізавалі ў Маскве альтэрнатыўны мітынг, падчас якога заклікалі староньнікаў Пуціна змагацца з «памаранчавай чумой».

Онлайн-трансьляцыю мітынгаў у Маскве вялі вядучыя ўсясьветныя інфармацыйныя агенцтвы, а таксама шматлікія інтэрнэт-рэсурсы. Было бачна, што ў першых шэрагах мітынгоўцаў — вядомыя прадстаўнікі расейскага дэмакратычнага руху: Барыс Нямцоў, Гары Каспараў, Уладзімер Рыжкоў, Рыгор Яўлінскі, Дьмітрый Быкаў, Арцемій Троіцкі, Барыс Акунін ды іншыя. Пад воклічы «Прохараў — наш прэзыдэнт!» асобную калёну ўзначаліў кандыдат у прэзыдэнты, бізнэсовец Міхаіл Прохараў:

Міхаіл Прохараў

Міхаіл Прохараў

«У Расеі трэба зьмяніць вельмі многае, бо патрэбна канкурэнцыя ў палітычнай сфэры, у эканамічнай і ў сацыяльнай. І вось людзі сёньня выйшлі менавіта дзеля гэтага. Што найперш неабходна зрабіць? Для пачатку — правесьці справядлівыя выбары, каб перамог сапраўды мацнейшы. Бо яшчэ раз кажу: канкурэнцыя — гэта лепшае, што можа забясьпечыць нашай краіне магутны рух наперад. Я ведаю, што ў мяне ёсьць шмат староньнікаў, якія зараз працуюць у розных органах улады. Па прычыне таго, што ў нас грамадзтва грунтуецца не па партыйных прынцыпах, а паводле прынцыпу за разьвіцьцё і за стабілізацыю, то шмат людзей з атачэньня цяперашняга кіраўніцтва, якія насамрэч прагнуць разьвіцьця краіны, мяне падтрымліваюць. Але, зь вядомых прычынаў, робяць гэта таемна»

Шматтысячнае шэсьце апазыцыі перацякло ў мітынг. Са сцэны з заклікамі не дапусьціць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і адкідваньня Расеі да таталітарнага мінулага выступілі вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі культуры, літаратары: Ірына Ясіна, Людміла Ўліцкая, Ільля Яшын, Сяргей Удальцоў, Генадзь Гудкоў, Леанід Парфёнаў, Юрый Шаўчук, нават рок-гурт дэсантнікаў-антыпуцінцаў. Лідэр партыі «Яблоко» Рыгор Яўлінскі, зьняты рашэньнем Цэнтарвыбаркаму зь перадвыбарнай гонкі, заявіў наступнае:

Рыгор Яўлінскі

Рыгор Яўлінскі

«Нас усіх хочуць адсунуць ад выбараў. Але нічога з гэтага не атрымаецца. Мы сабраліся тут, каб убачыць, колькі нас, убачыць, што мы не адзінокія, што побач — плячо сябра. Мы ўсе разам абараняем будучыню краіны, Канстытуцыю, свабоду, жыцьцё — па правілах законаў, а не па „паняцьцях“. Ні 4, ні 5 сакавіка жыцьцё на заканчваецца. Нашы апанэнты-недругі хутка ўбачаць і, магчыма, нарэшце зразумеюць: для нас усё толькі пачынаецца, а вось для іх — заканчваецца. У гэтым годзе мы створым тысячы камітэтаў за палітычную рэформу, у гэтым годзе мы адменім цэнзуру ў СМІ, у гэтым годзе мы зробім выключна важнае: па-сапраўднаму, палітычна, асэнсавана аб’яднаемся. У гэтым годзе мы дакажам, што маральнасьць і мараль могуць быць і ў расейскай палітыцы галоўнай сілай».

Рэзалюцыя мітынгу на Балотнай плошчы была падрыхтаваная загадзя і захавала пяць асноўных пунктаў, ухваленых падчас ранейшых акцый у сьнежні мінулага году. Гэта, у прыватнасьці, патрабаваньне неадкладнага правядзеньня палітычных рэформаў, адмены вынікаў выбараў у Дзяржаўную думу і правядзеньня новых выбараў, адстаўкі кіраўніка ЦВК Уладзімера Чурава, вызваленьня палітзьняволеных. Як удакладніў адзін зь вядучых мітынгу Ўладзімер Рыжкоў, гэтым разам дадаліся заклікі масава запісвацца ў назіральнікі на выбарах і не аддаць 4 сакавіка ніводнага голасу Пуціну:

Уладзімер Рыжкоў

Уладзімер Рыжкоў

«Мы выйшлі 10 сьнежня сюды, на Балотную плошчу, мы выйшлі 24 сьнежня на праспэкт Сахарава, каб выказаць наша абурэньне подлай ракіроўкай Пуціна і Мядзьведзева 24 верасьня і подлай фальсыфікацыяй 4 сьнежня на выбарах у Дзярждуму. Мы выйшлі, каб запатрабаваць адмяніць вынікі выбараў, выправіць у адстаўку Чурава і пакараць фальсыфікатараў, каб запатрабаваць палітычных рэформаў, вызваленьня палітзьняволеных і неправасудна асуджаных. Але ўлада нас ня чуе, улада нас ігнаруе. Яна не разумее, што народ будзе выходзіць да таго часу, пакуль не даб’ецца таго, што ён патрабуе. Правільна? (шматтысячны ўхвальны вокліч мітынгоўцаў). Расея — без Пуціна, Пуціна — у адстаўку!».

У піку апазыцыянэрам пад лёзунгам «Нам ёсьць, што губляць» расейскія ўлады арганізавалі мітынг на Паклоннай гары. Па зьвестках маскоўскай паліцыі, у ім узялі ўдзел больш за 50 тысяч чалавек, тады як апазыцыянэраў, па ацэнках сілавікоў, сабралася ня болей за 14,5 тысяч, што выклікала непрыхаванае абурэньне ў дэмакратычных шэрагах. Выступоўцы на пракрамлёўскай акцыі заклікалі змагацца з «памаранчавай чумой» і прызнаваліся ў бязьмежнай любові да свайго кандыдата Пуціну, у якога за плячыма ўжо ёсьць два прэзыдэнцкія тэрміны. Іншы прэтэндэнт на вышэйшую пасаду — вэтэран прэзыдэнцкіх выбараў Уладзімер Жырыноўскі — наладзіў асобны мітынг, які сабраў каля тысячы прыхільнікаў.

Наступная акцыя расейскай апазыцыі заплянаваная на 26 лютага, за тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў 4 сакавіка. Кандыдатамі на вышэйшую дзяржаўную пасаду зарэгістраваныя Ўладзімер Жырыноўскі, Генадзь Зюганаў, Сяргей Міронаў, Міхаіл Прохараў і Ўладзімер Пуцін.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG