Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы пераходу Беларусі на расейскі рубель?


Статс-сакратар МЗС Расеі Рыгор Карасін абмяркоўваў у Менску пытаньне пра адзіную валюту. Чаму Масква так настойліва прасоўвае гэтую ідэю? Якая пазыцыя Беларусі ў пытаньні адзінай валюты? Ці можа Расея прымусіць саюзьніка да саступак?

Удзельнікі: дырэктар Цэнтру постіндустрыяльных дасьледаваньняў Уладзіслаў Іназемцаў з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.
Чаму Масква настойліва прасоўвае ідэю пераходу на адзіную валюту?

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «Апошнім часам Расея ўсё настойлівей падштурхоўвае Беларусь да пераходу на расейскі рубель. Эўфэмізм „адзіная валюта“ нікога ня ўводзіць у зман. Масква пераводзіць гэтае пытаньне ў прастору публічнай палітыкі. Пра гэта нядаўна казаў Пуцін. Раней на гэтую тэму разважаў расейскі амбасадар у Беларусі Сурыкаў. І вось, як высьветлілася з выказваньняў статс-сакратара МЗС Расеі Рыгора Карасіна, гэтае пытаньне ўжо стаіць на парадку дня двухбаковых перамоваў. Чаму Масква цісьне на гэтае пытаньне?»

Уладзіслаў Іназемцаў

Уладзіслаў Іназемцаў

Уладзіслаў Іназемцаў: «Гэтая ідэя лягічна выцякае з праекту Пуціна аб стварэньні Эўразійскага саюзу. Гэта найперш перадвыбарчы праект Пуціна, ён вылучаны для павышэньня ягонай папулярнасьці ў Расеі. Зь лета мінулага году ў Маскве кажуць, што распаўсюд расейскага рубля за межы РФ быў бы пазытыўным. І Беларусь — першая мэта ў рэалізацыі гэтай ідэі. Калі гэты праект стане пасьпяховым, то Пуцін будзе імкнуцца распаўсюдзіць яго на краіны Цэнтральнай Азіі».

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў: «Згодзен, што гэта праект перадвыбарчы, але ня толькі. Гэта праект узмацненьня ўплыву Расеі на постсавецкай прасторы. Важная акалічнасьць рэалізацыі ідэі адзінай валюты — эканамічны крызіс у Беларусі. Масква імкнецца скарыстаць гэты чыньнік, каб прымусіць Беларусь да рэалізацыі згаданай ідэі».

Якая пазыцыя Беларусі ў пытаньні адзінай валюты?

Карбалевіч: «Гэтая ідэя вельмі даўняя, сягае ў 2000 год. Але нічога ня выйшла зь пераходу Беларусі на расейскі рубель. Цяпер гаворка ідзе пра аб’яднаньне валютаў трох дзяржаў (Беларусі, Расеі, Казахстану), што цяжэй. Мінулым годам падчас інтэрвію расейскаму тэлеканалу Лукашэнка разважаў на гэтую тэму. Якая насамрэч пазыцыя Беларусі ў гэтым пытаньні?»

Фёдараў: «Так, нагадаю, што яшчэ вясной 2001 году парлямэнты двзьвюх дзяржаў ратыфікавалі пагадненьне аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель. Паводле пагадненьня выкарыстаньне расейскага рубля ў Беларусі павінна было пачацца з 1 студзеня 2005 году. А праз тры гады мусілі перайсьці на нейкую адзіную валюту. Потым пра адзіную валюту ўжо ніхто не казаў, гаворка ішла толькі пра расейскі рубель. Супярэчнасьці тады пачаліся, калі паўстала пытаньне: колькі будзе эмісійных цэнтраў. Беларусь настойвала, каб іх было два: у Маскве і Менску. РФ на гэта пайсьці не магла. Акрамя таго, Беларусь патрабавала ад Расеі выплаты вялікіх кампэнсацый.

Відавочна, што пераход Беларусі на расейскі рубель вядзе да поўнага эканамічнага і палітычнага падпарадкаваньня краіны Расеі. У сьвеце існуе толькі адзін падобны прыклад: Пуэрта-Рыка выкарыстоўвае амэрыканскі даляр. Паказальна, што гэтая краіна — нават ня сябра ААН».

Карбалевіч: «Пераход адной краіны на валюту другой азначае страту гэтай краінай значнай часткі нацыянальнага сувэрэнітэту. У Беларусі і Казахстане — аўтарытарныя кіраўнікі, якія ня хочуць траціць сваю ўладу, адмаўляцца ад уласнай грашовай, фінансавай палітыкі. Якія рэальныя пэрспэктывы ўвядзеньня адзінай валюты?»

Іназемцаў: «Гэта сапраўды пытаньне пра дзяржаўны сувэрэнітэт. Прычым гаворка можа ісьці менавіта пра расейскі рубель, а не пра нейкую іншую агульную валюту.

Пэрспэктыва ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі існуе. З улікам эканамічнага крызісу, інфляцыі ў Беларусі беларускія грамадзяне цяпер выйгралі б ад гэтага, іх даходы былі б лепш абароненыя. Зразумела, Лукашэнку ў такім выпадку цяжэй было б праводзіць сваю эканамічную палітыку.

Гаворка пра Казахстан цяпер не ідзе. Там стабільная і эканамічная палітыка, і нацыянальная валюта».

Фёдараў: «Не выключаю, што сапраўды на першым часе такі пераход на расейскі рубель быў бы выгадны для беларускіх грамадзян. Але трэба ўлічваць, што Расея — сыравінная дзяржава. Мадэрнізацыя ідзе вельмі павольна, РФ будзе і далей адставаць ад заходніх краін. Таму гэтая пэрспэктыва непрывабная».
Ці можа Расея прымусіць саюзьніка да саступак?

Карбалевіч: «На якія крокі гатовая пайсьці Расея, каб прымусіць Беларусь перайсьці на расейскі рубель? Ці такое гэта для Масквы актуальнае пытаньне, каб пайсьці на канфлікт зь Менскам?»

Іназемцаў: «Вядома, Расея зацікаўленая ў гэтым найперш з палітычнага гледзішча. Але ня думаю, што гэта такая важная для РФ праблема, каб дзеля яе ісьці на канфлікт зь Беларусьсю. Думаю, Масква будзе ўздымаць гэтае пытаньне пастаянна на перамовах, вылучаць яго ў якасьці ўмоваў пры выдзяленьні крэдытаў, паставак газу, нафты. Але да канфлікту ня дойдзе».

Фёдараў: «Канечне, у Расеі шмат вагароў уплыву на Беларусь. Тут могуць быць выкарыстаны і цэны на энэргарэсурсы. І сп. Анішчанка можа знайсьці нейкую хваробу ў беларускіх малочных прадуктах. Але ня думаю, што Расея захоча выкарыстаць увесь арсэнал, каб прымусіць Беларусь перайсьці на расейскі рубель. Гэта ня тое пытаньне, якое першым стаіць на парадку дня Расеі. Але ціск будзе працягвацца і ўзмацняцца. Гэта мы ўжо бачым.

Беларускі бок паводзіць сябе ў гэтым пытаньні далікатна. Ён не адмаўляе гэтую ідэю катэгарычна. Афіцыйныя беларускія асобы кажуць: маўляў, так магчыма, але калі-небудзь пазьней. Бо раздражняць цяпер Маскву зусім ня хочацца. Думаю, беларускі рубель — гэта апошні бастыён, які здасьць Лукашэнка Маскве».
Пэрспэктывы Эўразійскага саюзу

Карбалевіч: «Да якіх межаў рэальна можа дайсьці інтэграцыя трох дзяржаў? Можа, як толькі пачнецца пераход ад мытнага саюзу да сапраўднага эканамічнага, то ўсё затармозіцца?»

Іназемцаў: «Думаю, эканамічная інтэграцыя пойдзе досыць далёка. Будзе свабодны рух капіталаў, тавараў, рабочай сілы. Ужо даўно беларусы працуюць у Расеі на аднолькавых правах з расейцамі. Макраэканамічная палітыка, падатковая сыстэма ў пэрспэктыве будуць уніфікавацца. Інтэграцыя дойдзе да той мяжы, на якой знаходзіўся Эўразьвяз да ўвядзеньня эўра.

У выйгрышы ад гэтага найперш апынуцца Беларусь і Казахстан, асабліва Беларусь як прамыслова разьвітая краіна (Расея і Казахстан — больш сыравінныя дзяржавы).

Але я скептычна стаўлюся да ідэі Эўразійскага саюзу як палітычнага аб’яднаньня. Вось на гэтым пытаньні інтэграцыя спыніцца. Ня будзе далучэньня да гэтага хаўрусу Кіргізстану і Таджыкістану».

Карбалевіч: «Ці ня будзе перашкодай інтэграцыі той факт, што беларуская эканоміка не прыватызаваная? Іншая праблема: у Беларусі за мінулы год інфляцыя склала 108%, а ў Расеі — 6–7%. Як можна ўніфікаваць валютна-фінансавую палітыку дзьвюх краін, у якіх узровень інфляцыі адрозьніваецца ў разы?»

Іназемцаў: «У эканоміцы эўрапейскіх краін у 1990-я гады таксама была вялікая розьніца ва ўзроўні інфляцыі. Але сама задача ўступленьня ў зону эўра прывяла да рэзкага зьніжэньня ўзроўню інфляцыі, напрыклад, у Іспаніі, Партугаліі, Італіі. Думаю, нам трэба ісьці гэтым шляхам. Калі прывязаць беларускі рубель да расейскага і прыняць рашэньне празь некалькі гадоў увесьці ў Беларусі расейскі рубель, то хутка і інфляцыя, і працэнтныя стаўкі ў Беларусі зьнізяцца.

А непрыватызаваная беларуская эканоміка — ня самая прынцыповая перашкода. Бо беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы працуюць на рынкавых прынцыпах. Дый у Расеі буйныя кампаніі альбо дзяржаўныя, альбо пад кантролем дзяржавы. Пытаньне ня ў тым, у чыёй уласнасьці суб’екты гаспадараньня, а ў тым, наколькі рынкава яны працуюць».

Фёдараў: «Эканамічная інтэграцыя трох краін тэарэтычна магчымая. Але на практыцы яна наўрад ці будзе рэалізаваная. Бо гэта азначала б абмежаваньне ўлады кіраўнікоў трох дзяржаў. І гэта стане асноўнай перашкодай».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG