Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самае страшнае для зэка ў такія маразы – трапіць у штрафны ізалятар».

«Самае страшнае для зэка ў такія маразы – трапіць у штрафны ізалятар. Асабліва, калі камэры знаходзяцца ў склепах ці паўсклепах і калі яны закапаныя ў зямлю. Нават пры гарачыні плюс 40 там дзесьці градусаў 12.

Зімою ў такой камэры дзесьці 8–10 градусаў. Там няма практычна паветра. Сьпіш у цалкам адсырэлай вопратцы з тонкай бавоўны кшталту мультану. Яе яшчэ называюць шызоўкай. Яшчэ плюс дзірка ў падлозе ў якасьці парашы. Добра, што нас было ў камэры чацьвёра, мы спалі ўвабдымку і пераварочваліся па камандзе. Часам увогуле спалі па 20 хвілінаў, а потым вымушаныя былі рабіць прысяданьні ці адцісканьні. Зіма ў ШЫЗА – гэта сапраўдныя катаваньні холадам», – так апісаў «Свабодзе» сваё зімаваньне ў штрафным ізалятары адной з калёніяў вязень Сяргей. Ён лічыць, што прыкладна ў такіх умовах утрымлівалі ў карцэры магілёўскай турмы №4 палітвязьня Міколу Статкевіча.

Паводле расказаў зьняволеных, СІЗА, ШЫЗА ці ПКТ могуць ацяпляцца або не ацяпляцца. Усё залежыць ад волі адміністрацыі. Самае страшнае ўзімку ў такіх камэрах – гэта сталая волкасьць. Умовы яе падтрыманьня закладзеныя ў самім характары будаўніцтва. Калі ставяць каменныя будынкі, добрыя спэцыялісты звычайна кладуць паміж падмуркам і асноваю сьценаў ліст рубэройду. Пры пабудове такіх турэмных установаў рубэройд часта кладуць толькі пасьля таго, як будзе гатовы першы паверх, або ўвогуле не кладуць. У выніку вільгаць з глебы бесьперашкодна паглынаецца сьценамі. Самі вязьні называюць гэта прышчэпкаю сухотаў.

Праваабаронца з «Плятформы» Алена Красоўская калісьці працавала мэдычнай сястрой у галоўным турэмным шпіталі пры колішняй калёніі №1 у Менску. Некалькі разоў ёй давялося наведаць адну з камэраў штрафнога ізалятару, калі аднаму са зьняволеных было кепска:

«Мне потым сказалі, што ў ПК №1 былі камэры і горшыя за тую. Сам будынак – гэта была старая пасьляваенная пабудова – ішоў пад такі схіл, і яго першы паверх нібыта ўрос у зямлю. Чым ніжэй ШЫЗА, тым халадней і вільготней. Я была ў ШЫЗА так званай сярэдняй цярпімасьці. Была вельмі халодная, як цяпер, зіма, і ў той камэры было адчуваньне, што пахне макрыцамі. Штосьці такое сапрэлае».

Паводле Алены Красоўскай, не нашмат лепш было ў самім шпіталі, у палатах на першым паверсе. Калі былі моцныя маразы за 20 градусаў, у палатах было сыра і золка, а калі на вуліцы стаяў сабачы холад, людзі за ноч прымярзалі да ложкаў:

«Калі прыходзіла раніцаю на зьмены, то бачыла, як хворыя вязьні прымярзалі да ложкаў. Гэта ў шпіталі, дзе былі заклееныя вокны. А на шыбах, на столі ў палатах быў іней. Мне нават даводзілася адрываць тых, хто прымярзаў, ад ложкаў. Пры гэтым тыя людзі надзявалі на сябе ўсю вопратку, якая ў іх была. У тым ліку целагрэйкі. І клалі на сябе ўсё, што можна было пакласьці. Дык гэта шпіталь. А ў ШЫЗА ці СІЗА ў вязьняў адбіраюць цёплае адзеньне. Калісьці вынаходлівыя зэкі прыдумалі браць у ШЫЗА вялікія махровыя лазьневыя ручнікі, якія перадавалі ім сваякі. Аднак потым турэмнікі забаранілі браць і іх. Маўляў, гэта дысцыплінарны ізалятар і нічога з вамі ня здарыцца, калі памерзьнеце».

30-цігадовы Аляксей, які ў сярэдзіне студзеня вызваліўся з Івацэвіцкай калёніі, згадвае суровыя зімы падчас адседкі як у гэтай установе, так і ў «Віцьбе» ды ў турме на менскай вуліцы Апанскага, дзе ён адбываў пакараньне раней. Знаходзіцца менавіта зімой у ШЫЗА ці ПКТ яму не даводзілася, але й барачныя ўмовы – ня самае лепшае для зімаваньня, лічыць былы вязень. У сэнсе ацяпленьня ў Івацэвічах найлепш. Найгорш жа было ў «Віцьбе»:

«Віцьба» разьмешчаная ў полі. Некалькі карпусоў. Усё адкрыта, задзімаецца-прадзімаецца.Там вельмі цяжка зіму пераносіць. Думаю, што нічога за гэты час там не зьмянілася. Карпусы тыя ж засталіся. Новага нічога не пабудавалі, акрамя царквы.

Што да Івацэвічаў, то баракі там абаграюцца. Аднак многія зь іх у аварыйнай сытуацыі. Чуў, што іх ужо некалькі гадоў зьбіраліся ламаць і будаваць новыя. Рамы адзінарныя. Падвойных рамаў ужо няма даўно. Неяк заклейваем, забіваем. Але самі сабе ўявіце, коўдры вельмі тонкія. Многія сьпяць у целагрэйках, нават не разьдзяваючыся. Але ж якое там адзеньне? Вопратка, якую выдаюць – тонкая. Шмат рэчаў браць не дазваляюць. Калі штосьці цёплае з адзеньня трапляе, дык пры ператрусах гэтыя рэчы якраз і забіраюць як лішнія. Што найбольш цяжка зносіш, дык гэта доўгія шыхтаваньні на дварэ пры марозе.

Лазьня, якая ёсьць раз на тыдзень, у гэтым сэнсе не выратоўвае. Вельмі кароткі час на мыцьцё даецца. Разагрэцца не пасьпяваеш. Толькі памыўся, куляй выскокваеш на двор – іншыя мусяць мыцца. Радасьці няшмат».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG