Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка пагодзіцца на адзіную валюту толькі пад страхам сьмерці»


Беларусь атрымала ільготныя цэны на расейскую нафту на чатыры гады — з 2012 да 2015-га. Пра гэта паведаміў сёньня журналістам старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Жылін. Ён назваў умовы пастаўкі нафты ў Беларусь «вельмі добрымі». Параўнальна зь мінулым годам аб’ёмы павялічыліся на 12%. Таксама беларускі бок атрымаў ільготныя цэны на нафтапрадукты на чатыры гады. Як камэнтуюць гэтае эканамічнае дасягненьне афіцыйнага Менску эканамісты і палітыкі?

Цяперашнія цэны на нафту для Беларусі прыкладна роўныя ўнутраным цэнам Расеі. Для Беларусі цана на нафту на 400 даляраў ніжэйшая, чым цана нафты на вонкавым рынку. Гэта значыць — «ніжэйшая, чым экспартная цана нафты Расеі ў сумежныя краіны». Паводле старшыні «Белнафтахіму», у выніку Беларусь можа больш рэнтабэльна перапрацоўваць нафту і атрымліваць вялікі даход. Але што хаваецца за гэтымі «вельмі добрымі» ўмовамі паставак нафты з Расеі? Эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак:

«Расейскі бюджэт атрымлівае вялікія грошы ад перапрацоўкі расейскімі кампаніямі нафты ў Беларусі. З 2011 году ўсё мыта на нафтапрадукты ад перапрацоўкі расейскай нафты накіроўваецца ў расейскі бюджэт. Гэта вялікія грошы».

Паводле Манёнак, афіцыйны Менск атрымаў ад Расеі нафтавы бонус найперш за інтэграцыю:

«Трэба было рабіць нейкі выбар: альбо рэфармаваць эканоміку, каб яна не патрабавала такой колькасьці энэрганосьбітаў, ды яшчэ танных. Калі яна зрабіла такі выбар, то трэба будзе плаціць. І гэтая плата будзе даволі высокая за тое, што краіна будзе страчваць інфраструктуру, што ня будзе мець самастойнай палітыкі па транзыце. Гэтаму мы ўжо сьведкі. Гэта плата за нерэфармаваную эканоміку. Як наркотыкі, Расея дае больш танныя кошты, але яны рана ці позна скончацца».
Як наркотыкі, Расея дае больш танныя кошты, але яны рана ці позна скончацца.

Ці азначаюць цэны на энэрганосьбіты, «прыкладна роўныя ўнутраным цэнам Расеі», гэтыя «вельмі добрыя» ўмовы паставак — тое, што Расея пачынае плаціць Беларусі за магчымы пераход на адзіны рубель?

Палітоляг Андрэй Фёдараў: «У канчатковым выніку я не выключаю, што Масква гэта мае на ўвазе і ставіць на мэце. Але я ня думаю, што гэта тэма найбліжэйшага часу».

Што да ўмоваў паставак нафты, то, паводле Фёдарава, на першым этапе гэта насамрэч выгадна, але ў канчатковым выніку для Беларусі будзе дрэнна:

«Заўсёды выгадна, што ты плаціш менш за тое, за што іншым разам трэба плаціць больш. Але гэта як наркотык. Гэта не прымушае беларускую эканоміку мадэрнізавацца. Яна застаецца, купляючы шмат энэрганосьбітаў, матэрыялаёмістай».

Паводле навуковага дырэктара Дасьледчага цэнтру ІПМ Ірыны Тачыцкай, у гэтых пытаньнях больш палітыкі, чым эканомікі:
Што да эканомікі, там казаць няма чаго, няхай палітолягі гавораць.

«Мне так надакучылі гэтыя энэргетычныя пытаньні з Расеяй, што мяне ад іх ванітуе. Там няма чаго камэнтаваць з пункту гледжаньня эканомікі. Што да эканомікі, там казаць няма чаго, няхай палітолягі гавораць».

Паводле сябра АГП Льва Марголіна, сказаць за Расею вельмі цяжка, пра што яна там думае:

«Я думаю, што ў іх больш рэалістычныя пляны. Гэта прыватызацыя, якую Румас абяцаў на днях прадставіць публіцы. Гэтыя цэны на нафту будуць аргумэнтам з расейскага боку , каб Лукашэнка ня моцна там задзіраў цэны на маёмасьць. Што да расейскага рубля як адзінай валюты, то Лукашэнка пагодзіцца на гэта толькі пад страхам сьмерці. Бо гэта для яго азначае эканамічную сьмерць. Калі ён не валодае рублём, эмісійным сродкам, то ён ня можа кіраваць краінай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG