Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лунінецкі суд не вярнуў правы Алегу Стахаевічу


Раённы суд Лунінца пацьвердзіў рашэньне начальніка лунінецкай ДАІ аб пазбаўленьні правоў кіроўцы кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» Алега Стахаевіча.

Судьдзя Міхаіл Дзенісовіч палічыў аргумэнты міліцыянта больш важкімі. Алег Стахаевіч пазбаўлены правоў на 6 месяцаў і аштрафаваны на 210 тысяч рублёў. Тэрмін дзеяньня часовых правоў, якія яму выдалі ў ДАІ, сканчваецца 10 лютага. Пасьля гэтага Стахаевіч ужо ня зможа працаваць кіроўцам «БелАЗу» і яму пагражае звальненьне з прадпрыемства.

Алег Стахаевіч апавёў «Свабодзе», што лічыць гэтую справу замовай. Ён кажа, што бачыў, што судьдзю было няёмка:

«Дзенісовіч сказаў, што гэты відэазапіс яго пераканаў у маім правапарушэньні. Гэты судьдзя зарэкамендаваў сябе як добры мужык, справядлівы судьдзя, але тут яму давялося выносіць такое рашэньне. Было бачна, што яно цяжка яму далося».

Сакратар-скарбнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Анатоль Літвінка, які зьяўляецца юрыстам па адукацыі, кажа, што рашэньне было несправядлівым:

«Асноўны тэзіс адваката быў у тым, што незапратакаліравана асноўная асоба — пацярпелая бабулька, якой Алег быццам бы не саступіў дарогу. Яе не апыталі, таму ў пратаколе пацярпелай няма. Таму адвакат лягічна хадайнічаў накіраваць справу на дапрацоўку. Аднак гэтага зроблена не было. Начальнік ДАІ Сяргей Канапацкі, які пазбавіў Алега правоў, паводзіўся ў судзе дзіўна. Ён толькі казаў завучаныя словы, што падтрымлівае тое, што напісана ў пратаколе. А паказаньні сьведак мне падаліся вельмі супярэчлівымі. Увогуле, як можна сьцьвярджаць, што ты прычыніў шкоду, калі няма пацярпелага? Гэта ж аксіёма, што без пацярпелага ня можа быць шкоды».
З суду я зрабіў выснову, што ў нашай Фэміды вочы завязаныя, а вушы знаходзяцца блізка да тэлефоннай слухаўкі.

Спадар Літвінка кажа, што відэазапіс, які быў галоўным доказам, яго не пераканаў:

«Я думаю, што пацярпелая не фігуруе ў справе і ня была апытаная, бо яе ўвогуле і не было. На відэа было проста накладаньне, ад чаго і здавалася, што бабулька была блізка да машыны. Гэта нібы эфэкт, калі на відэа стаіць чалавек у Парыжы і трымае Эйфэлеву вежу на далоні… Проста так зьнятае відэа. А з суду я зрабіў выснову, што ў нашай Фэміды вочы завязаныя, а вушы знаходзяцца блізка да тэлефоннай слухаўкі».

Алег Стахаевіч кажа, што плянуе абскарджваць вырак Лунінецкага суду у Берасьцейскім абласным судзе. Ён па-ранейшаму перакананы, што справа з пазбаўленьнем яго правоў — помста за тое, што ён ачоліў суполку незалежнага прафсаюзу на мікашэвіцкім «Граніце».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG