Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкот ці абмежаваны ўдзел?

абноўлена

Байкот ці абмежаваны ўдзел?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:18 0:00
Наўпроставы лінк

У апазыцыйным асяродзьдзі працягваецца дыскусія наконт удзелу ў парлямэнцкіх выбарах. Ці варта апазыцыі ўключацца ў выбарчую кампанію? Што дае байкот выбараў? Ці магчыма дасягнуць адзінства апазыцыі?

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Удзельнікі: намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і старшыня прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч.

Навошта ўдзельнічаць у выбарах?


Валер Карбалевіч: «Дыскусія наконт удзелу ў выбарах набірае ўсё вастрэйшы характар з узаемнымі абвінавачваньнямі. Якой тактыкі варта прытрымлівацца, на вашу думку?»

Юрась Губарэвіч: «Я выступаю за эфэктыўнае выкарыстаньне мэханізму выбарчай кампаніі. Выбары ёсьць у календары гэтага году. Пытаньне ў тым, апазыцыя выйдзе перамогшы ці прайграўшы па выніках гэтай выбарчай кампаніі? Як зрабіць, каб апазыцыя павялічыла свой уплыў на грамадзтва? Дзеля гэтага трэба выкарыстоўваць тыя мэханізмы, якія дае выбарчая кампанія, найперш, дзяржаўныя мэдыі. Гэтае дае ў дзесяць разоў большую аўдыторыю, чым апазыцыя мае сёньня. Такім чынам, мы паведамім пра палітвязьняў нашмат большай колькасьці людзей, бо многія пра гэта ня ведаюць.

Калі на момант заканчэньня выбарчай кампаніі палітвязьні будуць за кратамі, то апазыцыйныя кандыдаты мусяць зьняцца. І гэтую пазыцыю яны павінны даводзіць сваім выбарцам падчас кампаніі».

Генадзь Фядыніч: «Колькі разоў мы ўжо ўдзельнічалі ў выбарах, у тым ліку і я сам! І якая эфэктыўнасьць гэтага ўдзелу? Сваім удзелам мы робім легітымнымі гэтыя выбары і гэтую „палатку“. Вы кажаце, што калі на момант заканчэньня выбарчай кампаніі палітвязьні будуць за кратамі, то апазыцыйныя кандыдаты мусяць зьняцца. Дык вы да верасьня даяце ўладам шанец трымаць палітвязьняў за кратамі. Выбары трэба байкатаваць. Такі настрой грамадзтва. А ўлада баіцца байкоту».

Байкот


Губарэвіч: «Байкот не вырашае ніводнай з задач, пра якія казаў сп. Фядыніч. Калі ён скажа, якія ёсьць мэханізмы, з дапамогай якіх палітвязьні заўтра могуць выйсьці на свабоду, то я далучуся да ягонай працы.

Байкот на руку ўладам. Ім ня трэба будзе фальсыфікаваць вынікі галасаваньня. У кожнай акрузе будзе некалькі кандыдатаў. Ёсьць ЛДП Гайдукевіча, якая заявіла пра ўдзел у выбарах. Знойдуцца і іншыя. Таму якраз байкот легітымізуе выбары і «палатку».

Карбалевіч: «Колькі б людзей ні прыйшло на выбары, улады абвесьцяць, што яўка склала 70–80%. Да таго ж ва ўладаў значна большыя рэсурсы, каб мабілізаваць людзей і забясьпечыць яўку, чым у апазыцыі — арганізаваць байкот».
Каго мы будзем падманваць? Няхай выбары хоць адзін раз пройдуць бяз нас.

Фядыніч: «У сьнежні наш прафсаюз разам з ТАА „Зеркало-Инфо“ правёў сацыялягічныя дасьледаваньні. На пытаньне, ад каго залежыць, якія кандыдаты пройдуць у парлямэнт, 40% адказалі, што ад Лукашэнкі, і толькі 16% лічаць, што ад волі выбаршчыкаў. Толькі 6% адказалі, што выбары будуць поўнасьцю сумленнымі. Толькі 3% людзей лічаць, што гэтыя выбары могуць зьмяніць нашае жыцьцё да лепшага.

Дык каго мы будзем падманваць? Няхай выбары хоць адзін раз пройдуць бяз нас. Хачу нагадаць, што летась шэсьць партый і арганізацый, у тым ліку рух „За свабоду“, падпісалі пагадненьне. Там быў пункт, што яны прымуць удзел у выбарах толькі тады, калі выбары будуць дэмакратычнымі, празрыстымі, калі палітвязьні будуць вызвалены. Чаму некаторыя арганізацыі забылі свае абавязаньні?»

Карбалевіч: «Наконт агучаных вамі лічбаў. Гэта беларускі фэнамэн: людзі ня вераць у дэмакратычнасьць выбараў, аднак усё роўна на іх ідуць».

Супярэчлівая тактыка


Карбалевіч: «Сп Губарэвіч, у тым варыянце, які вы прапануеце, ёсьць адна хіба. Такая тактыка заблытвае выбаршчыка. Апазыцыя пачынае ўдзельнічаць у выбарах, агітуе сабе прыхільнікаў, а потым заклікае да байкоту. І што рабіць апалітычнаму абывацелю?»

Губарэвіч: «Адказ на гэтае пытаньне павінны даць самі апазыцыйныя кандыдаты. Калі падчас камунікацыі з выбарцамі яны кажуць пра сытуацыю ў эканоміцы, пра пагрозу незалежнасьці, пра палітвязьняў, там няма заклікаў прыйсьці на выбары».

Карбалевіч: «Але ж гэта само сабою разумеецца!»
Аўдыторыя тых, хто ўдзельнічае ў выбарах, будзе значна шырэйшая.

Губарэвіч: «Гэта не разумеецца. Заклікаць да байкоту можна ад самага пачатку агітацыйнай кампаніі. Розьніца паміж тымі, хто адпачатку будзе агітаваць за байкот, і тымі, хто пойдзе на выбары, — толькі ў велічыні аўдыторыі. Прыхільнікі байкоту абмяжуюцца апазыцыйнымі сайтамі. І там яны будуць змагацца не з Лукашэнкам, а з той часткай апазыцыі, якая пойдзе на выбары. А аўдыторыя тых, хто ўдзельнічае ў выбарах, будзе значна шырэйшая».

Фядыніч: «І па нашых дасьледаваньнях 51% грамадзян гатовыя ісьці на выбары. Але трэба выбіраць: мы за выбары ці за байкот? У тых, хто пойдзе на выбары, зьявіцца такая праблема. Яны атрымаюць ад дзяржавы грошы на агітацыйную кампанію, потым здымуцца. Тады давядзецца вяртаць грошы. Дзе вы іх возьмеце? Выбаршчыкі дадуць? Можа, вы ідзяце на выбары дзеля Захаду? Ці каб захаваць структуры?»

Карбалевіч: «Сп. Губарэвіч, яшчэ адна праблема. Будзе цяжка тых кандыдатаў, якія ўвязаліся ў выбарчую кампанію, заклікаць ці прымусіць зьняцца».

Губарэвіч: «Дык мы давяраем людзям, зь якімі мы працуем, ці не давяраем? Да таго ж існуюць страховачныя мэханізмы. Калі партыя вылучае кандыдатаў, то сваім рашэньнем яна можа іх і зьняць».

Карбалевіч: «Ёсьць партыі і незарэгістраваныя, напрыклад, БХД».

Фядыніч: «Вы падыдзіце на прахадных да рабочых заводаў, спытайцеся, як яны ставяцца да выбараў. Тады зьявіцца прасьвятленьне».

Губарэвіч: «Мы спрачаемся пра розныя рэчы. Мы таксама ня верым у гэтыя выбары. Таму няма чаго спрачацца. Нашы разыходжаньні толькі ў тым, што мы прапануем выкарыстаць мэханізмы выбараў дзеля агітацыі».

Карбалевіч: «Сп. Фядыніч, вось вы кажаце, што рабочыя ня вераць у выбары. Але калі начальнік цэху скажа: альбо галасуй, альбо не працягнем кантракт, — то які выбар зробіць рабочы?»

Фядыніч: «Мы ведаем, што падказаць рабочым. Бюлетэнь жа можна ня кідаць у урну. Трэба, каб было максымум назіральнікаў, якія фіксуюць яўку выбарцаў. А для агітацыі ня трэба чакаць выбараў. Хто перашкаджае агітаваць сёньня?»

Губарэвіч: «Зразумела, частка людзей ня пойдзе на выбары. Але гэта ня будзе заслуга тых, хто ладзіць кампанію байкоту».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG