Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцэ-прэм’ер Сяргей Румас заявіў, што на наступным тыдні ўрад мусіць пакласьці на стол Аляксандру Лукашэнку сьпіс прадпрыемстваў, ад прыватызацыі якіх сёлета плянуецца атрымаць 2,5 мільярда даляраў.

Такім чынам, канстатуюць незалежныя экспэрты, афіцыйнаму Менску нічога не застаецца, як выканаць патрабаваньне саюзьнікаў па ЭўрАзЭС і пачаць распродаж стратэгічнай маёмасьці. Ад гэтага непасрэдна залежыць лёс астатняй часткі трохмільярднага крэдыту для Беларусі ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Пакуль што беларускі бюджэт атрымаў крыху больш за 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў.

Прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў на 2,5 мільярда даляраў штогод — адна з умоваў выдачы Беларусі крэдыту ЭўрАзЭС. А паколькі бюджэт ЭўрАзЭС больш чым на 90% фармуецца Расеяй, то, па сутнасьці, Менск мусіць выконваць патрабаваньні Масквы. Між тым дагэтуль невядома, якія канкрэтна аб’екты беларускі бок выставіць на продаж.

Былы генэральны дырэктар прадпрыемства «Амкадор», якое выпускае дарожную тэхніку, Васіль Шлындзікаў лічыць, што ў Беларусі няма нерухомасьці, якую можна было б ацаніць у такую суму. Да таго ж Аляксандар Лукашэнка неаднаразова даваў зразумець, што «ласыя кавалкі» эканомікі прадавацца ня будуць:

«Нашы ўлады гадамі казалі, што не дапусьцілі „прыхватызацыі“, што ўсё захавалі. А на самой справе захавалі рэшткі дзіравых будынкаў і збудаваньняў з такімі ж дзіравымі дахамі ды йржавымі трубамі, а таксама мэталалом, які калісьці называўся абсталяваньнем. І больш не захавалі нічога. І калі мы паназіраем, як праходзіць так званая прыватызацыя, то нават за тыя капейкі, за якія хочуць хоць каму-небудзь сьпіхнуць гэтую старызну, яна нікому непатрэбная. То бок ня так моцна пакупнікі тут і разгоняцца, у тым ліку і расейцы. Я, вядома, ня маю на ўвазе скупляньне прыбытковых прадпрыемстваў, за якія можна ўзяць рэальныя грошы, але такіх у нас ня так шмат. А ўсё астатняе будзе іржавець, і калі будуць улады працягваць у тым жа духу, то ўсё пойдзе пад бульдозэр. Вось і ўсё».
Захавалі рэшткі дзіравых будынкаў і збудаваньняў з такімі ж дзіравымі дахамі ды йржавымі трубамі, а таксама мэталалом, які калісьці называўся абсталяваньнем.

Сяргей Румас удакладніў, што сьпіс дзяржаўных аб’ектаў на продаж яшчэ абмяркоўваецца, таму пакуль дачасна казаць, якія канкрэтна прадпрыемствы ў яго ўвойдуць.

Аналітыкі ў гэтым зьвязку кажуць, што беларускім уладам летась пашчасьціла своечасова прадаць «Белтрансгаз», за які дзеля саюзных пачуцьцяў «Газпрам» яўна пераплаціў. Як потым прызнаўся сам Лукашэнка, іржавыя трубы таго былі ня вартыя. Аналягічную суму ў 2,5 мільярда даляраў урад мае атрымаць за продаж Менскага аўтазаводу гаспадарам КамАЗу з Набярэжных Чаўноў, аднак міжнародныя ацэншчыкі ўпарта называюць чаканьні завышанымі. Так, аўтарытэтная кампанія «Ernst&Young» ацаніла МАЗ усяго ў 800 мільёнаў даляраў, што выклікала абурэньне ва ўрадавых кабінэтах.

​Як лічыць былы дарадца генэральнага дырэктара Менскага аўтазаводу Валянцін Лопан, прадаваць прадпрыемства дзеля таго, каб толькі прадаць, няма ніякай аб’ектыўнай патрэбы. Замест гэтага варта пашукаць партнэраў, зь якімі можна было б ажыцьцявіць даўно насьпелую мадэрнізацыю:

«МАЗу абсалютна нічога не перашкаджае, ён павінен таксама шукаць сабе стратэгічнага партнэра. Гэта не абавязкова рабіць праз КамАЗ. Той жа генэральны дырэктар МАЗа Бароўскі заяўляў, што ёсьць інтарэс да італьянскага „Івэка“. І сапраўды, „Івэка“ да канца яшчэ ня вызначылася на гэтых рынках, з кім лепей працаваць, бо астатнія свае пляны збольшага агучвалі: „Даймлер“ — з КамАЗам, МАН таксама заяўляў, што знайшоў нейкага партнэра ў Расеі і зьбіраецца там арганізоўваць вытворчасьць. „Рэно-Вольва“ ў Калузе ўжо вырабляе машыны, зьбірае прынамсі. Гэта што да сур’ёзных гульцоў. У таго ж ДАФ яшчэ продажы не такія вялікія на гэтых рынках, каб думаць пра вытворчыя праекты. Чаму б не закантачыць з „Івэка“? У Эўропе „Івэка“ лічыцца ня самым дарагім аўтамабілем. Ну і нармальна. Чаму адразу намагацца стаць „Мэрсэдэсам“ на гэтых прасторах? Ёсьць свае нішы і ў іншых машын».

Сяргей Румас ня стаў удакладняць, ці будуць у сьпісе на продаж нафтаперапрацоўчыя заводы ў Наваполацку і Мазыры. Чыноўнік недвухсэнсоўна даў зразаумець, што падобнага не выключае, хоць у папярэднім пераліку са 133 аб’ектаў, вызначаных пад рэалізацыю яшчэ раней, НПЗ няма.

Але для патэнцыйных пакупнікоў найбольш прывабны з гледзішча хуткай акупнасьці — салігорскі «Беларуськалій». Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прадасьць аб’яднаньне ня меней чым за 30 мільярдаў даляраў, але такая сума інвэстараў пакуль палохае. Праўда, фінансавы кансультант Сяргей Чалы лічыць, што «Белкалій» прадаваць нельга, бо нават у крызісныя часы гэта тая курыца, якая нясе залатыя яйкі:
Што тычыцца калійных угнаеньняў, то зусім ня факт, што трэба чакаць сур’ёзнага зьніжэньня аб’ёмаў іх рэалізацыі.

«Што тычыцца калійных угнаеньняў, то зусім ня факт, што трэба чакаць сур’ёзнага зьніжэньня аб’ёмаў іх рэалізацыі. Мы ўсе памятаем прыклад 2009 году, калі кошты падалі, і тады загаварылі пра крызіс галіны. Аднак на тле высьвятленьня цэнавага пытаньня ў фізычным выражэньні аб’ёмы ня моцна і зьніжаліся. То бок цягам паўгода, калі была памятная гандлёвая вайна, продаж быў крыху зьніжаны, але ў далейшым аб’ёмы рэалізацыі былі ў прынцыпе сталыя. І, па сутнасьці, адрозна ад нафтапрадуктаў, каціроўкі па калійных угнаеньнях пакуль істотна ніжэйшыя, чым тыя, якія былі да крызісу. Адны з апошніх кантрактаў былі ў межах 500 даляраў за тону, пры тым, што пры канцы 2008 году, на пачатку 2009-га даходзіла да 1000 даляраў. Так што, хутчэй за ўсё, сур’ёзнага падзеньня ў гэтай сфэры ня будзе, таму можна казаць пра прагназаваны, стабільны прыбытак».

Экспэрты мяркуюць, што сёлета на продаж улады паспрабуюць выставіць апэратараў мабільнай сувязі МТС і Velcom. Аднак спадзяваньні выручыць па мільярду даляраў за кожны брэнд пакуль выглядаюць беспадстаўнымі. Так, аўстрыйскі ўладальнік апэратара Velcom, «Тelekom Austria Group», падлічыў: у выніку дэвальвацыі рубля і інфляцыі Velcom страціў 30% свайго кошту, у сувязі з чым уцэнены на 300 мільёнаў эўра. Што да акцыяў МТС, то некаторыя інвэстары ўжо заявілі: беларускі бок завышае суму як мінімум на 40%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG