Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітэмігранты заклікаюць ЭЗ узмацніць санкцыі супраць Беларусі


Супольная заява прадстаўнікоў палітэміграцыі зробленая ў сувязі з ініцыятывай «Офіса за дэмакратычную Беларусь» перагледзець сьпіс неўязных чыноўнікаў, выключыўшы зь яго рэктараў дзяржаўных ВНУ, бізнэсмэна Пефціева і некаторых іншых асобаў.

«У сувязі са спробай пэўных структураў правесьці лабісцкія мерапрыемствы па адвольнай карэкціроўцы сьпісу асобаў, якія падпадаюць пад абмежавальныя санкцыі ў рамках афіцыйнай палітыкі Эўразьвязу да дыктатарскага рэжыму, які ўсталяваўся ў Беларусі, а таксама з прычыны відавочнай неабходнасьці высьвятленьня пазыцыі беларускай дэмакратычнай супольнасьці ў гэтым пытаньні, беларускія грамадзянскія і палітычныя прадстаўніцтва за мяжой заяўляюць пра недапушчальнасьць „абяленьня“ рэпутацыі памагатых дыктатуры, уключаных у „чорныя сьпісы“ ЭЗ», — гаворыцца ў сумеснай заяве цэнтраў беларускай палітэміграцыі.

Падпісанты «рашуча адмежаваліся» ад ініцыятывы «Офіса за дэмакратычную Беларусь» і назвалі гэтую ініцыятыву «безадказнай і амаральнай».

«Аргумэнтацыя зьняцьця візавых абмежаваньняў з рэктараў унівэрсытэтаў не вытрымлівае крытыкі: гэтыя асобы, пастаўленыя дыктатарам на свае пасты, адказныя за факты выключэньня студэнтаў з палітычных матываў, прымус іх да датэрміновага галасаваньня, за прамыя і ўскосныя забароны на ўдзел у грамадзка-палітычнай дзейнасьці, іншы ціск на студэнтаў», — гаворыцца ў заяве.

«Лічым неабходным пашырыць сьпіс неўязных у Эўразьвяз коштам асобаў, адказных за рэпрэсіі ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага, за катаваньні і зьдзекі з кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах 2010 Андрэя Саньнікава, Міколы Статкевіча, палітычных і грамадзкіх дзеячаў Зьмітра Бандарэнкі, Зьмітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Сяргея Каваленкі, прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і іншых палітвязьняў», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Яго аўтары лічаць, што санкцыі павінны закрануць кіраўніцтва магілёўскай турмы № 4, калёніі «Віцьба-3», бабруйскай калёніі № 2, а таксама «алігархаў, шчыльна зьвязаных з рэжымам», цытуе заяву БелаПАН.

«Мы настойваем на крымінальным перасьледзе высокапастаўленых чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі, адказных за парушэньне Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў, за зьнікненьне лідэраў апазыцыі, грамадзкіх дзеячаў, журналістаў. Патрабуем увядзеньня кропкавых эканамічных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі», — гаворыцца ў заяве.

Пра ініцыятыву, каб перагледзець сьпіс, заявіла 1 лютага кіраўніца «Офіса за дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская. Яе словы выклікалі негатыўную рэакцыю ў дэмакратычных колах Беларусі.

Пад тэкстам заявы падпісаліся:

  • Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве
  • Таварыства беларускай культуры ў Літве
  • Беларускі дом у Варшаве
  • Беларускі цэнтар ва Ўкраіне (Львоў)
  • Офіс беларускай палітычнай эміграцыі (Бэльгія)
  • Грамадзянская кампанія «Free Belarus Now» (Вялікая Брытанія)
  • Фундацыя «Мы памятаем» (ЗША)
  • Каардынацыйны цэнтар у Рызе для беларускай грамадзянскай супольнасьці
  • «Саюз Чарнобыль-Беларусь» (Кіеў).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG