Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах за «самаўпраўства» судзяць Міколу Чарнавуса


Мікола Чарнавус

Мікола Чарнавус

У Баранавічах адбылося першае паседжаньне па справе актывіста мясцовай ўкраінскай грамады Міколы Чарнавуса. Яго вінавацяць у самаўпраўстве, якое ўгледзелі ў тым, што ён называе сябе кіраўніком незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Кабзар»

Судзьдзя Станіслаў Півавар не закончыў сёньня разгляд справы — перанёс паседжаньне на 10 лютага. У судзе плянуюць апытаць прадстаўніка гарвыканкаму і міліцыянта, які склаў пратакол на Міколу Чарнавуса.

Аднак Мікола Чарнавус ня верыць, што вырак будзе на яго карысьць:

«Такія пяшчотныя ўсе... каб даць штрафу. Можна ж было сёньня скончыць — складу правапарушэньня няма, і ўсё... Але ж не, бачыць, што выканкам просіць пакараць Чарнавуса, і ўсё — ён ня можа адмовіць».

Мікола Чарнавус кажа, што самаўпраўства ў ягоных дзеяньнях угледзелі ў тым, што ён вёў актыўную перапіску з гарвыканкамам, падпісваючыся старшынёй незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Кабзар».

Актывісты гэтага аб’яднаньня дабіваюцца рэгістрацыі ў Баранавічах на працягу году. Для гэтага ім патрэбнае памяшканьне для юрыдычнага адрасу. Гарвыканкам некалькі разоў адмаўляў аб’яднаньню ў адрасе.

Тым часам сытуацыя з аб’яднаньнем «Кабзар» ужо выклікала зацікаўленасьць ва Украіне. Украінскія грамадзкія арганізацыі выказваюць салідарнасьць і заклапочанасьць, а ўкраінскі дэпутат Ігар Гуз зьвярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Украіны з просьбай паўплываць на сытуацыю з парушэньнем правоў украінцаў у Баранавічах.

Пільна за сытуацыяй сочаць і ўкраінскія дыпляматы ў Беларусі. Аднак генэральны консул Украіны ў Берасьці Іван Баранчык лічыць, што магчымасьці дыпляматаў тут абмежаваныя:

«Справа ў тым, што гэта аб’яднаньне грамадзянаў Беларусі. Прадстаўнікамі і сябрамі падобных аб’яднаньняў грамадзяне Ўкраіны ня могуць быць. Мы ж тут прадстаўляем інтарэсы грамадзянаў Украіны. Але ў той жа час мы грамадзянам Беларусі дапамагаем у разьвіцьці фальклёру ўкраінскага, культуры, навыкаў мовы і гэтак далей. А афіцыйна ўмешвацца мы ня маем права згодна зь Венскай канвэнцыяй».

Пры гэтым дыплямат выказаў шкадаваньне, што стварэньне ўкраінскай грамадзкай арганізацыі ў Баранавічах сутыкаецца з праблемамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG