Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава возьме выдавецтвы пад поўны кантроль


Год кнігі ў Беларусі будзе адзначаны новым законам аб выдавецкай справе, які возьме недзяржаўныя выдавецтвы пад поўны кантроль.

Пра новы закон у «Звяздзе» 2 лютага распавяла дэпутат пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Алена Новік.

«Дзяржаўнае рэгуляваньне цяпер будзе ахопліваць увесь цыкль стварэньня, вырабу і распаўсюджваньня выдавецкай прадукцыі. Раней апошняе зьвяно выпадала са сфэры дзяржаўнага ўплыву», – адзначыла Новік.

«Ключавое новаўвядзеньне заканадаўцаў заключаецца ў тым, што замест дзейнага мэханізму ліцэнзаваньня зьявіцца дзяржаўная рэгістрацыя выдаўцоў, вытворцаў, распаўсюднікаў друкаванай прадукцыі з увядзеньнем адзінага рэестру», – дадала дэпутат.

Выдавец будзе абавязаны мець у штаце выдавецкага спэцыяліста, які здаў кваліфікацыйны экзамэн. А міністэрства інфармацыі атрымае практычна неабмежаваныя правы адмовіць у дзяржаўнай рэгістрацыі або ануляваць такую рэгістрацыю за «грубыя парушэньні».

«Што лічыць грубым парушэньнем, рабочая група цяпер якраз актыўна абмяркоўвае. Сярод іх значацца, да прыкладу, парушэньне заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах, выпуск прадукцыі, якая супярэчыць нацыянальным інтарэсам краіны, прапагандуе вайну, міжнацыянальную варожасьць і гэтак далей», – сказала Новік.

Паводле яе, самая жывая дыскусія паміж дэпутатамі ідзе пра электронныя носьбіты інфармацыі і электронныя кнігі.

На думку Новік, патрэба новага закона відавочная:

«Адсутнасьць прававога рэгуляваньня выдавецкай справы прывяла да дыспрапарцыянальнага разьвіцьця рынку друкаванай прадукцыі без уліку рэальных патрабаваньняў дзяржавы, грамадзтва і запаўненьня айчыннага выдавецка-паліграфічнага і кнігагандлёвага рынку няякаснай прадукцыяй, якая часта пагражае інфармацыйнай бясьпецы краіны».

Галасаваньне па праекце закона пройдзе, як чакаецца, на вясновай сэсіі.

Хто канкрэтна стаў ініцыятарам законапраекту, не паведамляецца. Апошняя інфармацыйная нагода ў выдавецкай справе зьвязаная з заявай члена савету рэспублікі нацыянальнага сходу РБ Мікалая Чаргінца, які на зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў Беларусі запатрабаваў закрыцьця незалежнага выдавецтва «Логвінаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG