Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пунтус: Нонсэнс, калі каманда вышэйшай лігі здымаецца са спаборніцтваў


Ва ўмовах крызісу дзяржава ня здольная фінансаваць многія спартовыя праекты. Крытычная сытуацыя склалася ў беларускім футболе, дзе банкрутуюць цэлыя каманды.

3 лютага Беларуская фэдэрацыя футболу вырашыць лёс менскага клюбу «Партызан», які летась атрымаў пуцёўку ў вышэйшы дывізіён, але напярэдадні новага сэзону так і не знайшоў сабе фундатараў. З аналягічнымі праблемамі сутыкнуўся і шэраг калектываў першага дывізіёну.

Згодна з графікам ліцэнзаваньня футбольных клюбаў на сэзон-2012 удзельнікі чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе мусілі да 31 студзеня падаць у Беларускую фэдэрацыю футболу заявы на атрыманьне ліцэнзій. Клюб «Мінск», берасьцейскае «Дынама» і мазырская «Славія» прадставілі паперы ня ў поўным аб’ёме, а сталічны «Партызан» не падаў заяўкі ўвогуле.

У зьвязку з гэтым фэдэрацыя павінна вызначыць колькасны склад удзельнікаў унутранага чэмпіянату. І калі першая тройка атрымала адтэрміноўку для падрыхтоўкі дакумэнтаў, то кіраўніцтва «Партызана» ўжо апусьціла рукі. Дырэктар каманды Людас Румбуціс заявіў, што паходы ў «Газпром» і да сталічных уладаў плёну і грошай не далі. Гульцы чакаць разьвіцьця падзеяў ня сталі і пакінулі фактычна збанкрутавалы «Партызан». Між тым, як лічыць Юрый Пунтус, экс-галоўны трэнэр МТЗ-РІПО, папярэдніцы «Партызана», менавіта цяперашні мэнэджмэнт паставіў на мяжу існаваньня адзін са славутых беларускіх калектываў:

«Ніколі ня мог нават уявіць, што каманду можа чакаць такі бясслаўны канец. І самае галоўнае, у яе маглі б быць нармальныя пэрспэктывы, калі б гэтыя людзі ці самі нешта рабілі, ці іншых падключылі б. Але ж так званым гаспадаром там літоўскі бізнэсовец Раманаў, хоць насамрэч юрыдычна ён ніякі не гаспадар, таму няма сэнсу гаварыць пра яго асабіста. Магу толькі сказаць, што калі я быў у гэтай камандзе, то людзі ішлі туды менавіта з мэтай захаваць і разьвіваць каманду. Але цяпер ідзе якая гульня? Дайце яшчэ грошай за тое, што цяперашнія дзеячы ўвагналі клюб у даўгі. То бок калі б яны аддалі каму-небудзь клюб, то каманда існавала б, магла б гуляць і перамагаць. Аднак яны ж хочуць яшчэ 10 мільёнаў за клюб! За які? Дзе няма ўжо футбалістаў? І ўвогуле, апрача даўгоў, няма нічога? Хочуць прадаць, мякка кажучы, сапсаваны тавар. Які самі ж і сапсавалі».

Разам з тым спадар Пунтус лічыць абсалютна ненармальнай зьявай, што клюб з такімі традыцыямі з маўклівай згоды спартыўных ды гарадзкіх функцыянэраў ідзе на дно. На яго думку, наўрад ці такая сытуацыя магла б здарыцца, прыкладам, у хакеі:

«З хакеем у нас нешта наўпрост параўноўваць увогуле складана, але ўсё гэта, канечне, ненармальна. Прынамсі, мы ж гаворым не пра задворкі, дзе хтосьці вырашыў пагуляць у другой лізе і не атрымалася — бывае такое, гэта зразумела і нават цалкам натуральна. Але калі раскручанае кола, вышэйшая ліга, і каманда здымаецца са спаборніцтваў — то гэта ўвогуле нейкі нонсэнс».

Незайздросная сытуацыя і ў іншых футбольных дывізіёнах. Яшчэ ў разгар валютнага крызісу пачаліся праблемы ў камандаў першай лігі «Баранавічы» і «Полацак». З адмовай спонсараў ад «балясту» ў выглядзе навязаных камандаў заробак футбалістаў апусьціўся да 100 даляраў, а ўрэшце і такая сума аказалася непад’ёмнай. «Баранавічы» бясслаўна вылецелі ў другую лігу і пакуль нават ня ставяць за мэту вярнуцца на ранейшую прыступку. Гаворыць трэнэр каманды Андрэй Хлебасолаў:

«Пакуль ніякія задачы ня ставяцца, таму што яшчэ абмяркоўваем фінансаваньне, некаторыя пытаньні дагэтуль адкрытыя. Спадзяюся, што паўтарэньня мінулагодняй сытуацыі ня будзе. Тым ня меней зразумела, што ўмовы не дазваляюць нам зрабіць баяздольную каманду для выхаду ў першую лігу. Але, прынамсі, наша моладзь, маладыя баранавіцкія хлопцы будуць атрымліваць у другой лізе сур’ёзную практыку. Таму тут ёсьць і свае плюсы. То бок нешта рабіць спрабуем, неяк агульную мову знаходзім з уладамі. Там нібыта запэўнілі, што каманда ў горадзе павінна быць. Таму ўсё пакуль яшчэ ў працэсе абмеркаваньня. Час яшчэ ёсьць, мы нікога ня гонім — у другой лізе рэглямэнт іншы, ліцэнзаваньне не прадугледжанае».

Тым часам улюбёны спорт Аляксандра Лукашэнкі — хакей — на тле футболу займае ў Беларусі прывілеяванае становішча. Праўда, адзін зь дзіцячых трэнэраў наракае, што ўнутраны чэмпіянат застаецца збольшага месцам для зарабляньня грошай легіянэрамі, а падрыхтоўка ўласных кадраў не вядзецца

«Той жа чэмпіянат Беларусі сярод дзіцячых, юнацкіх камандаў праводзіцца, даецца выніковая табліца: згулялі так і так, занялі такое месца. Але зірнуць глыбей у гэтую табліцу, і стане адразу зразумела: хто еў кашу з маслам, хто зь іншым, а хто ўвогуле невядома чым займаўся. Шчыра кажучы, прыходзіш у жах, калі ў юнацкім чэмпіянаце каманды ў нас прайграюць 0:20, 3:15. Выдаткоўваюцца вялізныя сродкі, але куды яны ўрэшце перацякаюць? І нікому да гэтага няма ніякай справы! Што, з гэтага можна атрымаць нейкі вынік? Прайграючы 5–10 шайбаў, вы ніколі ня выканаеце пастаўленыя задачы. Гэта значыць, альбо ўвогуле каманда непадрыхтаваная, альбо яна з вуліцы набраная, закрываюцца нейкія незразумелыя дзіркі і г.д. Гэта вельмі глыбіннае пытаньне, якое патрабуе гэткага ж прынцыповага рашэньня».

У сакавіку 2010 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб падтрымцы спартовых клюбаў. Аднак ва ўмовах фінансавага дэфіцыту дзяржаўныя і камэрцыйныя прадпрыемствы, на балянс якіх улады намагаюцца «павесіць» шматлікія каманды, адмаўляюцца ўкладацца ў дзейнасьць, якая прыносіць толькі страты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG