Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле кіраўніцы «Офісу за дэмакратычную Беларусь» Вольгі Стужынскай, пашырэньне візавых санкцыяў у дачыненьні да новых беларускіх чыноўнікаў на гэты момант ня ёсьць эфэктыўным мэтадам. А дзейныя сьпісы «неўязных», на думку Вольгі Стужынскай, трэба перагледзець.

Гэтыя заявы выклікалі бурную дыскусію ў беларускім грамадзтве.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты, лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Ўладзімер Някляеў катэгарычна супраць перагляду санкцыяў:

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

«Па-мойму, ня самы лепшы час выбраны, каб адмяняць гэтыя санкцыі. Саньнікаў у турме, Статкевіч у турме, Бандарэнка ў турме і не выглядае на тое, што з гэтым ягоным прашэньнем будзе памілаваньне. Вось у гэты час напругі вакол Саньнікава, вакол выбараў такая заява, вядома, павінна выклікаць раздражненьне. Нешта ў гэтым зьвязку трэба было думаць Эўразьвязу, увогуле Захаду, і ўводзіць меры, якія насамрэч паўплывалі б на сытуацыю ў Беларусі. Ці адмовіцца ад усяго гэтага, прынамсі не рабіць выгляд, што ёсьць жаданьне паўплываць. Але гэта ня ў час».

Год таму пад санкцыі Эўразьвязу трапіла шмат журналістаў праўладных СМІ і кіраўнікоў ВНУ. Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл Батура, які разам з рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам трапіў у сьпіс неўязных, узрадаваны ініцыятывай офісу, бо мусіў прапусьціць удзел у сур’ёзных навуковых сустрэчах:

«Безумоўна, станоўча я стаўлюся да прапановы офісу. Вось у мяне зараз ляжыць
гэта санкцыя, якая не дала ніякага добрага выніку ні для кога ...

запрашэньне з Латвійскага ўнівэрсытэту, які ў якасьці каардынатара ўнівэрсытэцкай сеткі Балтыйскага рэгіёну запрашае мяне ўзяць удзел у сур’ёзнай канфэрэнцыі 11–12 красавіка і выступіць там з дакладам. Вось я цяпер разважаю: што мне рабіць у гэтай сытуацыі? Гэтая санкцыя пазбаўляе канструктыўнага дыялёгу навукоўцаў. Я лічу, што гэта санкцыя, якая не дала ніякага добрага выніку ні для кога».

Што да журналістаў і кіраўнікоў дзяржаўных мэдыяў, то, сутыкнуўшыся з рэальнымі забаронамі на выезд за мяжу, яны пачалі абурацца і нават зьвяртацца ў суды. А яшчэ год таму, даведаўшыся пра санкцыі, некаторыя вельмі ганарыліся. Вось што заявіў Радыё Свабода кіраўнік Беларускага тэлебачаньня Генадзь Давыдзька роўна год таму, 3 лютага:

Генадзь Давыдзька

Генадзь Давыдзька

«Некаму здаецца, што гэта абраза, а мне здаецца, што гэта камплімэнт і нават пашана. Аказваецца, я ўваходжу ў сьпіс людзей, якія больш за іншых заклапочаны абаронай уласнай радзімы, самастойнасьці, незалежнасьці. Гэта элітны сьпіс, і я ганаруся, што трапіў у яго».

На жаль, не ўдалося даведацца цяперашняе меркаваньне спадара Давыдзькі — у прыёмнай адказалі, што ён на выезьдзе, будзе толькі ў пятніцу.

Галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін летась казаў Радыё Свабода літаральна наступнае: «Я б гэты сьпіс назваў сьпісам Ганаровага легіёну». Потым ён зьвяртаўся ў Эўрапейскі суд па правах чалавека, які, паводле слоў спадара Гігіна, прыняў пазоў да разгляду. Сёньня Вадзім Гігін кажа, што сам са зьдзіўленьнем даведаўся пра такі крок Офіса за эўрапейскую Беларусь, і калі гэта сапраўды так, то яго можна толькі вітаць. На яго думку, скасаваньне ўсіх санкцыяў увогуле не за гарамі:

Вадзім Гігін

Вадзім Гігін

«Таму што яны даказалі сваю неэфэктыўнасьць, сваю абсурднасьць. Эўропе трэба шукаць новыя шляхі адносінаў зь Беларусьсю, бо сучасная палітыка Эўразьвязу штурхае Беларусь на Ўсход, да больш шчыльнай інтэграцыі з Расеяй. Ну, а офіс „За дэмакратычную Беларусь“, які фактычна зьяўляецца афіліяванай структурай, структурай, якая знаходзіцца на ўтрыманьні, якая цалкам фінансуецца эўрапейскімі структурамі і ня мае ўласнага пункту гледжаньня, а адлюстроўвае пункт гледжаньня сваіх гаспадароў, — гэта пачатак такой выведкі боем, зьмены палітыкі Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі».

Уладзімер Някляеў адзначае, што ўся праблема ў паўмерах: сама Беларусь ня можа вызначыцца, куды крочыць, Эўразьвяз жа прапануе не канкрэтныя крокі, а паўмеры ў дачыненьні да Беларусі:

«Вось гэтыя напаўмеры, яны як праклён вісяць увесь час над Беларусьсю. Ня толькі звонку, а і ўнутры. Усе мы жывем на паўмерах: напалову дыктатура, напалову да гэтай дыктатуры санкцыі, напалову мы беларусы, напалову рускія. Мы самі ня можам вызначыцца, і ў гэтым праблема таго, што людзі вакол ня могуць вызначыцца ў адносінах да нас. Вось у чым праблема, а ня ў тым, што скажа сёньня ці заўтра Стужынская ці нехта іншы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG