Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць загінулых у выніку моцных маразоў у краінах Усходняй Эўропы ўзрасла, паводле апошніх дадзеных, да 110.

63 чалавекі памерлі за апошнія два тыдні ва Ўкраіне, зь іх 13 — ад пераахаладжэньня за апошнія суткі. Улады адзначаюць, што большасьць загінулых — бяздомныя. У Сэрбіі, дзе з прычыны халадоў памерлі ня менш за 6 чалавек, больш за 11 тысячаў жыхароў блякаваныя ў вёсках пасьля сьнегападаў.

У Польшчы ахвярамі маразоў сталі 29 чалавек.



У Італіі вялікагрузным аўтамабілям забаронены выезд на шашы, адмененыя некалькі футбольных матчаў. Падобныя захады прынятыя на поўначы Грэцыі, дзе тэмпэратура панізілася да мінус 16 градусаў. У некалькіх гарадах Баўгарыі зарэгістраваныя тэмпэратурныя рэкорды – мінус 29 градусаў.

У горныя раёны Босьніі-Герцагавіны харчаваньне і мэдыкамэнты даводзіцца дастаўляць на гелікоптэрах. Да 4-х мэтраў сьнегу выпала і ў шэрагу раёнаў Сэрбіі. Дзясяткі населеных пунктаў апынуліся без электрычнасьці: драты абарваліся пад цяжарам лёду і сьнегу.

Тоўстая ледзяная кара скавала Чорнае мора на ўзьбярэжжы Румыніі. Такога на румынскім курорце Канстанса ня згадваюць нават старажылы.

Самая высакагорная царква Нямеччыны стала зімовай славутасьцю. Яна знаходзіцца ў Альпах на амаль 2-х кілямэтровай вышыні над узроўнем мора. Гэты храм ужо назвалі «ледзяной царквой», і аматарам зімовага турызму ёсьць на што паглядзець. У Бэрліне слупок тэрмомэтра паказвае 12 градусаў марозу.

На высьпе Корсыка ў Міжземным моры – сьнег вельмі рэдкая зьява. У цэнтральных раёнах выспы вышыня сьнежнага покрыва дасягнула 20-ці сантымэтраў. Амаль па ўсёй Корсыцы з-за непагадзі адмененыя заняткі ў школах, тысячы дамоў засталіся бязь электрычнасьці.

Хваля халадоў, выкліканая распаўсюджаньнем на Эўропу зоны высокага ціску з Сыбіры, па прагнозах дасягне сваёй найбольшай сілы ў гэтыя выходныя.
XS
SM
MD
LG