Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Ганна Ўланава


Кніга Ўладзімера Арлова «Імёны Свабоды» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла ў сьвет у 2007 годзе. Цяпер зьявіўся яе гукавы варыянт – аўдыёкніга ў выкананьні аўтара. Кніга дапоўненая новымі разьдзеламі, якія мы зьмяшчаем на нашым сайце.

20.5.1985, Менск – 30.08.2004, Менск.

Пахаваная на могілках у пас. Калодзішчы, Менскі раён


Аднойчы ў філёзафа запыталіся, што такое шчасьце. «Памерці за Радзіму», – адказаў філёзаф. Потым, крыху падумаўшы, дадаў: «Шчасьце – гэта пражыць жыцьцё ў дастатку й памерці з годнасьцю». Філёзаф быў шасьцігадовай беларускай дзяўчынкаю Ганначкай Уланавай.

Але ўражваць дарослых Гануля пачала значна раней. У тры гады самастойна чытала. З кніжкай замест лялькі клалася спаць, з кніжкай ішла ўраньні ў садок. У пяць гадоў захапілася старажытнагрэцкай міталёгіяй і праштудзіравала кнігі Робэрта Грэйвэза, Фадзея Зялінскага й Мікалая Куна, пасьля чаго гаворку пра Зэўса ды ўсю алімпійскую кампанію магла ўпэўнена падтрымліваць нават з унівэрсытэцкімі выкладчыкамі.

Настольнаю кнігай сямігадовай дзяўчынкі зрабілася Біблія...

Якраз тады яна паступіла ў 2-ю менскую гімназію, але ў першую клясу прыйшла пазьней, бо ў верасьні паехала адпачываць у Італію: у Ганначкі, дзяцінства якой прыпала на першыя пасьлячарнобыльскія гады, павялічыліся лімфавузлы й зьявілася нездаровая бледнасьць.

Малая беларусачка спадабалася італійцам, і яе запрашалі на адпачынак яшчэ колькі разоў. Каб паглядзець, як жыве сям’я дзіцяці з такімі незвычайнымі здольнасьцямі, да Ўланавых адмыслова прыяжджаў мэр таго італійскага гарадка.

Ганна Ўланава
Ганна Ўланава
Ужо самае першае замежнае падарожжа надзвычай моцна паўплывала на Ганусю. Тата й мама мусілі адказваць на пытаньні, над якімі раней асабліва і не задумваліся. Чаму мы, беларусы, не размаўляем на сваёй мове? Чаму ў нядзелю ня ходзім у храм? Чаму?..Чаму?..

Ганьніны бацькі згадваюць, што вельмі часта ўзьнікалі сытуацыі, калі не яны выхоўвалі дзяўчынку, а наадварот, тая, зноў і зноў уражваючы недзіцячым поглядам на рэчы, давала ўрокі дарослым. Дзякуючы Ганьне яе расейскамоўная сям’я вывучыла беларускую мову й сур’ёзна зацікавілася нацыянальнай гісторыяй. Праўда, глеба для гэтага існавала: тата калісьці патлумачыў дачцэ, што ейнае прозьвішча – ад продка, які ваяваў ува ўланскім палку ў Касьцюшкі.

Падцягвала Ўланава й сваё гімназічнае атачэньне. І ня толькі ведамі – стаўленьнем да роднага слова, да веры, да хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Дзяўчынка магла выкрыць хлусьню і вучня, і выкладчыка. Яна забараняла аднаклясьнікам брыдкасловіць, намагалася вучыць іх быць шчырымі й спагадлівымі. За гэтыя якасьці ў гімназіі Ганну пачалі называць «мамай рымскай». Адны прамаўлялі мянушку з сымпатыяй і павагай, другія – зь іншымі пачуцьцямі.

Погляды й прынцыпы Ўланавай падабалася ня ўсім.

Яе мама Тацяна з болем згадвае, як Ганусі на школьных вечарах не дазвалялі сьпяваць са сцэны. Рэч была не ў адсутнасьці музычных і вакальных здольнасьцяў: дзяўчынка пасьпяхова скончыла музычную школу, сьпявала ў хоры Чырвонага касьцёла, у намінацыі «музычны твор» стала дыпляманткай конкурсу «Маці Божая Будслаўская ў маім жыцьці й жыцьці Бацькаўшчыны».

Прычына забароны палягала ў іншым: Ганна хацела сьпяваць па-беларуску.

У вачах дырэкцыі гэтае жаданьне разам зь бел-чырвона-белым значком, які насіла дзяўчынка, выглядала амаль злачынствам. Яно пераважвала і выдатныя адзнакі, і тое, што Ганна зноў і зноў уздымала аўтарытэт гімназіі. Заваявала першае месца на гарадзкім творчым конкурсе ў гонар 120-годзьдзя Янкі Купалы й Якуба Коласа. Атрымала ўзнагароду рэспубліканскага конкурсу «Дзень Зямлі. Беларусь – 2002». Была лепшай на навукова-практычнай канфэрэнцыі па філялёгіі, дзе бліскуча на беларускай і польскай мовах абараніла свой рэфэрат «Зьмены ў мове й мэнталітэце беларусаў з 1834-га да 1924 г. на падставе паэмаў Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і Якуба Коласа «Новая зямля». Друкавала вершы й апавяданьні ў рэспубліканскай пэрыёдыцы. (Першы ейны твор – казка «Свабода ўсяго даражэй» – зьявіўся ў часопісе «Беларусь», калі Ганьне было адзінаццаць гадоў.)

Тацяну Ўланаву выклікалі ў гімназію не дзеля таго, каб падзякаваць за выхаваньне дачкі або даведацца пра здароўе Ганначкі, якая па некалькі разоў на год трапляла ў шпіталь. Маці нагадвалі пра «страшны» значок: «Немедленно снять!». Дырэктарка ня ведала, што юная патрыётка хадзіла на апазыцыйныя мітынгі і напісала заяву на атрыманьне грамадзянства БНР, але і значка было дастаткова, каб – калі дактары не дазволілі аслаблай Ганьне наведваць заняткі – забараніць настаўнікам займацца з «нацыяналісткай» дома. Мне хочацца верыць, што ўлюбёная настаўніца, беларусістка Ірына Кавалеўская не зважала на забарону.

Ад самага маленства Ганначка сама складала сцэнар уласнага жыцьця. Таму ў ім цяжка знайсьці нешта выпадковае.

Дзяўчына ня проста думала па-беларуску. Яна думала па-беларуску ў нацыянальным маштабе.

Зьбіралася напісаць сцэнар мастацкага фільму паводле «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча. Плянавала ўзяцца за кнігу, прысьвечаную змаганьню за свабоду Беларусі ў найноўшай гісторыі. Мела запаветную мару пра незалежны беларускі тэлеканал.

Але найперш Ганна марыла стаць журналісткай і выдаваць духоўны часопіс для моладзі, у руках якой будучыня Беларусі. Яшчэ гімназісткай яна самастойна абрала месца далейшага навучаньня – Варшаўскі ўнівэрсытэт кардынала Стэфана Вышынскага.

Атрымаўшы атэстат сталасьці, паехала з мамай у Варшаву, каб трапіць на размову да рэктара. Пасьля сустрэчы зь ім Ганна пачула, што залічаная без экзамэнаў. Іх замяніла паўгадзінная размова з рэктарам пра гісторыю, тэалёгію й літаратуру. Пад увагу, безумоўна, было прынятае й тое, што гаворка ішла на некалькіх мовах – маладая беларуска, апрача сваёй, валодала яшчэ польскай, італійскай, ангельскай і нямецкай.

А перад тым была выпускная гімназічная вечарына, дзе Ганна – у белай сукенцы, аздобленай чырвонымі ружамі – усё ж прасьпявала па-беларуску палянэз Агінскага «Разьвітаньне з Радзімай». Але шэрасьць ды подласьць і тут паказалі твар: настаўніца музыкі, зь якой усё было дамоўлена, у апошні момант (найверагодней, на загад кіраўніцтва) ня выканала абяцаньня і не ўключыла музычнае суправаджэньне. Быў момант, калі дзяўчына пахіснулася, ледзьве ня ўпала, аднак здолела дасьпяваць дарагую ёй песьню.

Тым разам сэрца вытрымала…

Ганна Ўланава пакутавала ад іншай хваробы, але памерла таму, што яе зраненаму і збалеламу сэрцу хранічна не хапала кіслароду мовы і свабоды.

Quem Deus amat, iuvenis moritur – той, каго любіць Бог, памірае маладым...

Спадарыня Тацяна апавядае, што іхняя Ганначка разьвіталася з гэтым сьветам зь Бібліяй у руцэ, годна й мужна, не праліўшы ў апошнія хвіліны ні сьлязінкі. Яна адыходзіла з надзеяй, што Беларусь будзе вольнай.

Калі вы хочаце атрымаць дыск, прышліце заяўку з паштовым адрасам на svaboda@rferl.org
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG