Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: прафсаюзнаму актывісту пагражаюць звальненьнем


Канстанцін Локцеў лічыць, што звальненьнем яму пагражаюць за агітацыю супрацоўнікаў ўступаць у незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці.

У адміністрацыі прадпрыемства цьвердзяць, што прычына звальненьня — недысцыплінаванасьць работніка.

Паводле Локцева, праблемы ў стасунках з начальствам пачаліся летась у кастрычніку, калі ён старшыняваў у аргкамітэце па правядзеньні ў Бабруйску «Народнага сходу». За яго ён адседзеў трое сутак арышту:

«А тут я пачаў людзей агітаваць у прафсаюз. Прывёз улёткі, каб яны азнаёміліся. І некаторыя заявы напісалі. Пасьля гэтага прыйшла папера ад начальства, што я нібыта не выконваю вытворчых заданьняў, не зьяўляўся на працы. Калі ня будзе апраўдальнага дакумэнту, мяне зьбіраюцца звальняць»,

Канчаткова лёс Локцева яшчэ ня вырашаны, паведаміў прадстаўнік адміністрацыі. Ён абвяргае тое, што Локцева перасьледуюць за грамадзкую дзейнасьць.

Канстанцін Локцеў працуе ў аздараўляльным лягеры «Мара». Паводле актывіста, у яго няма стабільнага графіку працы, таму абвінавачваньні ў прагулах ён не прымае. Локцеў кажа, што перасьледаваць на працы пачалі й двух ягоных калегаў, якія напісалі заявы ў незалежны прафсаюз РЭП. Ім таксама пагражаюць звальненьнем.
XS
SM
MD
LG