Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зноў пагражае заблякаваць рэзалюцыю ААН па Сырыі


Амбасадар Расеі ў ААН Віталь Чуркін заявіў, што Масква выкарыстае сваё права вета ў Радзе бясьпекі ААН пры галасаваньні па рэзалюцыі аб сытуацыі ў Сырыі, калі яе тэкст будзе «непрымальным», «памылковым» і такім, што «прывядзе да ўзмацненьня канфлікту».

Паводле яго, галасаваньне па праекце рэзалюцыі, падрыхтаванага эўрапейскімі і арабскімі краінамі, будзе «контрпрадуктыўна», таму што Расея не адступіць ад свайго патрабаваньня, што для выхаду з сырыйскага крызісу трэба знайсьці толькі ўнутранае рашэньне.

Чуркін заклікаў сырыйскую апазыцыю праявіць «сьмеласьць» і пайсьці на перамовы з рэжымам аўтарытарнага прэзыдэнта Башара Асада.

Расія крытыкуе цяперашні праект рэзалюцыі, паколькі яго тэкст не ўтрымлівае наўпроставага выключэньня магчымасьці замежнага ўмяшаньня ў разьвязаньне сырыйскага канфлікту.

ЗША заклікаюць Раду бясьпекі да неадкладнага дзеяньня, каб зьмяніць сытуацыю ў Сырыі, дзе штодня зьяўляюцца ўсе новыя ахвяры гвалту. Праект рэзалюцыі, прадстаўлены ўчора ў Радзе бясьпекі Лігай арабскіх дзяржаў пры падтрымцы ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі, сярод іншага, зьмяшчае заклік да Асада спыніць гвалт супраць яго праціўнікаў і адыйсьці ад улады.

Тым часам у Сырыі працягваецца гвалт. Сёньня, па паведамленьнях сырыйскіх актывістаў, у сутыкненьнях паміж урадавымі сілавымі структурамі, з аднаго боку, і праціўнікамі рэжыму і былымі сілавікамі, якія перайшлі на іх бок, у горадзе Хомс і іншых месцах у краіне загінулі ня менш як 15 чалавек, а ўсяго за апошнія тры дні — амаль 200 чалавек.

Паводле ацэнак ААН, яшчэ на пачатаку месяца ў Сырыі было каля 5 тысяч 400 загінулых у выніку падаўленьня пратэстаў супраць улады з сакавіка летась.
XS
SM
MD
LG