Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Офіс за дэмакратычную Беларусь» і некаторыя беларускія палітыкі выступаюць за скарачэньне сьпісу неўязных беларускіх чыноўнікаў.

Паводле кіраўніцы «Офісу за дэмакратычную Беларусь» Вольгі Стужынскай, пашырэньне візавых санкцыяў на гэты момант ня ёсьць эфэктыўным мэтадам. Наадварот, яно можа пагоршыць становішча палітзьняволеных. Як ставяцца да гэтых заяваў былыя палітвязьні і палітыкі?

Мікіта Ліхавід

Мікіта Ліхавід

Былы палітвязень Мікіта Ліхавід выступае катэгарычна супраць скарачэньня сьпісу чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Ён лічыць, што гэтыя сьпісы, наадварот, трэба пашыраць.

«Сьпісы неяўзных павінны тычыцца ня толькі саміх асобаў, якія маюць дачыненьне да рэпрэсіяў у Беларусі. Але тычыцца і іх блізкіх сваякоў. Тады яны значна больш будуць задумвацца пра тое, што робяць. Гэта перашкаджае менавіта тым, хто ва ўладзе, праварочваць свае брудныя справы. Бо Лукашэнка неаднойчы ў рэзкай форме выказваўся пра гэтыя візавыя санкцыі. Асабліва яго крыўдзіла тое, што яго сыноў не пускаюць у ЭЗ».

Паводле Мікіты Ліхавіда, сьпіс неўязных можна пашырыць да некалькіх тысяч. І тыя, хто ўжо, да прыкладу, не пры ўладзе, усё роўна павінны несьці адказнасьць за свае ўчынкі. Каго яшчэ варта ўключыць у сьпіс неўязных, на думку Мікіты Ліхавіда?

«Напрыклад, увесь склад судзьдзяў Вярхоўнага суду. Бо ў іх ёсьць магчымасьць выносіць пратэсты па несправядлівых прысудах, чаго яны, на жаль, ня робяць. Хоць любому юрысту зразумела, што справа Зьмітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава — гэта фарс. Ня кажучы ўжо пра справу 19 сьнежня ці справу Сяргея Каваленкі зь Віцебску. То бок колькасьць асобаў шырокая, якую трэба дадаваць у сьпісы».

Натальля Радзіна

Натальля Радзіна

Палітуцякач Натальля Радзіна лічыць заявы кіраўніцы «Офісу за дэмакратычную Беларусь» Вольгі Стужынскай амаральнымі. Яна лічыць, што цяпер, наадварот, трэба павялічваць санкцыі, каб вызваліць палітвязьняў. Але ні ў якім выпадку не скарачаць іх.

«Мяне ўразіла,што спадарыня Стужынская назвала Зімоўскага як чалавека, якога трэба выключыць са сьпісу неўязных у Эўразьвяз. Незалежна ад таго, што Зімоўскі сёньня не працуе на беларускім тэлебачаньні, такому чалавеку проста ня месца ў ЭЗ за тое, што ён рабіў фактычна цягам 17 гадоў як рупар беларускай прапаганды».

Натальля Радзіна пацьвярджае, што «Офіс за дэмакратычную Беларусь» насамрэч рассылаў свае лісты ў амбасады эўрапейскіх краін у Беларусі і ў розныя міжнародныя арганізацыі. Яна лічыць, што спадарыня Стужынская павінна апублікаваць увесь тэкст ліста, бо гаворка ідзе пра палітвязьняў. Натальля Радзіна лічыць, што сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў трэба, безумоўна, пашыраць.

«А таксама ўводзіць кропкавыя эканамічныя санкцыі. Тое, пра што мы гаворым: на пастаўкі нафтапрадуктаў і калію. І перастаць спансіраваць рэжым Лукашэнкі. А вось гэтыя рухі, якія пачаліся вось цяпер, вельмі небясьпечныя. І гэта на руку толькі беларускім уладам і беларускім спэцслужбам».

Наста Палажанка

Наста Палажанка

Актывістка «Маладога фронту», асуджаная па справе 19 сьнежня, нявеста палітвязьня Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка лічыць, што пра скарачэньне сьпісу можна разважаць толькі тады, калі рэжым робіць нейкія крокі насустрач.

«У гэтай сытуацыі ўлада нічога ня робіць дзеля таго, каб паменшыць зьнешні ціск. Калі гэта датычна тых людзей, якія зьвязаныя з фальсыфікацыяй выбараў, то, калі ласка, давайце зьмены ў Выбарчы кодэкс. Калі гэта зьвязана з больш высокімі пэрсонамі, то, калі ласка, вызваленьне палітвязьняў. Тут жа няма пра што і з кім размаўляць, калі няма дыялёгу, а ёсьць толькі маналёг. Я думаю, нам ня трэба пра гэта клапаціцца, няхай яны самі пра сябе паклапоцяцца».

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус

Паводле былога палітвязьня Дзьмітрыя Вуса, санкцыі павінны быць пашыраныя, каб чыноўнікі ведалі, што яны займаюцца ў Беларусі беззаконьнем. І на гэта рэагуе Захад. Спадар Вус лічыць, што павінен быць яшчэ і эканамічны ціск на афіцыйны Менск. А скарачэньне санкцыяў — гэта тупік і шлях да Паўночнай Карэі.

«Эўропа цяпер корміць дубінкі, купляючы нашы нафтапрадукты, лякі, фарбы, хімвалакно і іншую прадукцыю. Уся валюта ідзе на падтрыманьне рэжыму. І ў такім выпадку рэжым будзе вечным з эканамічнай падтрымкай Эўропы. А яшчэ і нашы псэўдапалітыкі хочуць, каб яшчэ і санкцыі адмянілі адносна людзей, якія твораць беззаконьне ў Беларусі. Гэта будзе поўнае пакрыцьцё беззаконьня ў Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG