Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэргаў каля латыскага кансуляту ў Віцебску няма


Паводле сьпісаў, папярэдне пададзеных у консульства, атрымаць дазвол для бязьвізавага перасячэньня мяжы паміж Беларусьсю і Латвіяй выказалі жаданьне ўсяго 200 беларусаў. Mалы памежных рух паміж Беларусьсю і Латвіяй стартуе 1 лютага.

«Было шмат журналістаў, якія прыехалі асьвятляць пачатак дзеяньня пагадненьня пра бязьвізавы рэжым. А вось людзей з памежнай зоны нешта і не было. Увогуле людзей зранку не было, ня тое каб стаялі тут чэргі», — апавяла прадстаўніца страхавой кампаніі.

Сьпісы ахвотных паехаць на латыскае памежжа былі сфармаваныя паводле заявак беларускіх грамадзянаў у райвыканкамах Браслава, Верхнядзьвінску і Мёраў, а таксама ў сельсаветах гэтых раёнаў, якія трапілі ў памежную зону. Пакуль у сьпісе — толькі 200 асобаў, але сьпісы будуць абнаўляцца кожныя тры месяцы.

За латыскага боку ахвотных трапіць у Беларусь нашмат болей — каля чатырох тысяч чалавек. Прадстаўнікі консульства тлумачаць гэта геапалітычнымі прычынамі: у памежную зону з латыскага боку трапілі два буйныя гарады, Даўгаўпілс і Краслава.

Жыхары суседніх дзяржаваў ня могуць выяжджаць за тэрыторыі памежных зонаў, таму выправяцца ў Латвію перадусім тыя, хто ў «бліжэйшым памежжы» мае сваякоў, — лічыць жыхарка Верхнядзьвінску Валянціна Болбат:

«Калі ў Верхнядзьвінску сярэдні заробак пад паўтара мільёна, то ў замежжы з гэткімі капейкамі беларусу проста няма чаго рабіць! А вось латышам прыехаць у Беларусь будзе выгадна: у нас таньнейшае паліва, таньнейшыя прадукты, таньнейшы адпачынак на тых самых Браслаўскіх азёрах».

Дазвол на перасячэньне беларуска-латыскай мяжы можа выдавацца на тэрмін ад аднаго да пяці год, каштуе ён 20 эўра. Пэнсіянэры, інваліды і дзеці да 18 гадоў могуць атрымаць яго бясплатна.

Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка.

Пагадненьне пра спрашчэньне паездак жыхароў памежных тэрыторыяў Беларусі і Латвіі дазваляе жыхарам 30-кілямэтровай зоны перасякаць мяжу бяз візы.

Гэта могуць рабіць жыхары, якія стала пражываюць на гэтых тэрыторыях ня менш за адзін год, незалежна ад іх грамадзянства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG