Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына не прагназуе акцыяў пратэсту пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына сумняецца, што вынікі парлямэнцкіх выбараў у Беларусі прывядуць да такіх акцыяў пратэсту, якія праходзілі ў Расеі.

«Ці магчыма паўтарэньне падобнай сытуацыі ў нас пасьля правядзеньня парлямэнцкіх выбараў? Шчыра кажучы, наўрад ці», — заявіла Ярмошына ў інтэрвію часопісу «Беларуская думка».

Ярмошына патлумачыла, што ў Беларусі прынятая мажарытарная, а не прапарцыйная выбарчая сыстэма: «Таму нельга адназначна сьцьвярджаць, што перамагла праўладная сіла ці наадварот. У нас кожны кандыдат прадстаўляе сам сябе ці ў пэўных выпадках — партыю».

Да акцыяў, якія праходзілі ў сьнежні ў Расеі, Ярмошына ставіцца «з пэўным жалем». «Большасьць зь іх удзельнікаў проста ня ведалі, чаго хочуць — іх не задавальнялі ні тыя, ні іншыя партыі. У наяўнасьці была поўная адсутнасьць ідэалягічных арыенціраў, а натоўпы народу, якія сабраліся ў Маскве і ў некаторых іншых буйных расейскіх гарадах, асобныя палітыкі выкарыстоўвалі ў якасьці сьляпой прылады ў сваіх неахайных руках», — заявіла старшыня ЦВК.
Ярмошына называе сябе прыхільніцай прапарцыйнай выбарчай сыстэмы

«Я ўсё ж прыхільніца прапарцыйнай сыстэмы. Нікога не жадаючы пакрыўдзіць, заўважу, што пры выбарах па партыйных сьпісах ёсьць шанец атрымаць больш важкі і падрыхтаваны кантынгент кандыдатаў, якія балятуюцца ў парлямэнт», — заявіла Ярмошына.

«Аднак на прапарцыйную сыстэму мы пакуль перайсьці ня можам», — кажа яна.

Старшыня ЦВК дадала, што ў Канстытуцыі Беларусі прапісаны інстытут адкліканьня дэпутатаў. «Пакуль існуе адкліканьне, мы ня можам ужываць прапарцыйную сыстэму, таму што там няма пэрсанальнага галасаваньня за кандыдата ў дэпутаты. А калі яго не абіралі, то яго і немагчыма адклікаць. Вось у гэтым і заключаецца асноўная супярэчнасьць», — патлумачыла Лідзія Ярмошына, перадае Інтэрфакс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG