Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залатая дзясятка кніг 2011 году. Уладзімер Някляеў. Лісты да Волі


Мы працягваем распавядаць пра кнігі, якія паводле меркаваньня дваццаці двух экспэртаў нашага радыё, склалі Залатую дзясятку-2011. Гэтым разам гаворка пойдзе пра кнігу «Лісты да Волі» Уладзімера Някляева, якая займае другі радок дзясяткі найлепшага, што выдадзена летась.

«Лісты да Волі» — гэта кніга турэмнай лірыкі, якая зьявілася з друку пры канцы мінулага году пад грыфам беларускага інфармацыйнага цэнтру ў Вільні. Яе склалі тры дзясяткі вершаў, паэма «Турма», уступ аўтара і ягонае апошняе слова на судзе. Значная частка гэтых твораў упершыню прагучала на нашым радыё ў праграме «Верш на Свабоду», прычым многія паэт здолеў перадаць з-за турэмных кратаў ды з пад хатняга арышту.


Праз краты, праз калючыя драты
Апоўначы усьміхнулася мне ты,
І я заснуў —
і праз драты,
праз краты
З тваёй усьмешкай
паляцеў
дахаты.
6.01.2011




У выходных дадзеных пазначана, што кніга падпісана ў друк 19 сьнежня 2010 году. І сапраўды, калі б не было гэтае даты ў жыцьці паэта і кандыдата на прэзыдэнта, не было зьбіцьця, выкраданьня з больніцы і саракадзённага зьняволеньня ў «амэрыканцы», не было хатняга арышту і прысуду — не было б і гэтае кнігі. І многія чытачы параўноўваюць «Лісты да Волі» Уладзімера Някляева зь «Лістамі з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага.


Паэтка Аксана Спрынчан, якая дарэчы, лічыць кнігу Някляева найлепшай паэтычнай кнігай мінулага году, знайшла ў ёй падабенства з творамі Каліноўскага ня толькі па турэмным месцы напісаньня. Ёсьць у творах гэтых аўтараў і іншыя аналёгіі.

Аксана Спрынчан
Аксана Спрынчан
«Для мяне „Лісты да Волі“ — найлепшая кніга паэзіі 2011 года. Іначай быць і ня можа. Увесь год думкі пра вязьніцу і волю былі са мною ці не штодзённа. Толькі былі б жывыя тыя, хто ў няволі, і толькі б жылі, а не існавалі беларусы, якія не ў вязьніцы.

У беларускай літаратуры найкаштоўнейшыя лісты для мяне — з-пад шыбеніцы і зь вязьніцы...

Да Мары (Марыські) зьвяртаўся Кастусь Каліноўскі. Да Волі праз паўтара стагодзьдзя — Уладзімер Някляеў. Імёны жанчын, да якіх пішуць, пацьвярджаюць — у беларусаў каханьне немагчыма адзьдзяліць ад любові да Радзімы.

Колькі словаў ня толькі пра зьмест, але і форму. Жыцьцё само абрала для кнігі аркушы ў краткі і стварыла незвычайнае завяршэньне — „апошняе слова“. Пры гэтым „апошняе слова“ Ўладзімера Някляева нібыта прамаўляе: „Напачатку было Слова і Слова было Богам“. Я веру гэтым лістам».


Першы верш кнігі пазначаны датай студзеня 2011 году.

Як плашчаніца, бел-чырвона-бела
Лунаў над лёсам сымбаль Твой сьвяты...
Калі удыхнуў Гасподзь душу мне ў цела —
Ёй стала Ты.

Ты, Воля беларуская, Ты, мара
Крывіцкая, Ты, крэўная мая!..
Калі Табе патрэбная ахвяра —
Ёй стану я.


Пасьля гэтага першага кожны студзенькі дзень мінулага году зьяўляўся новы верш зьвязененага паэта. Апошні з гэтае нізкі напісаны ужо дома, але усё роўна пад пільным вокам ахоўнікаў.

Нечакана легла карта
Мне й табе.
Днём і ноччу ў хаце варта
КДБ.

Пад гэтымі радкамі стаіць дата 01.02.2011.


«Лісты да Волі» — гэта кніга, аналягаў якое ня ведае сучасная беларуская паэзія. Хоць у гістарычнай рэтраспэктыве такое здаралася. І ня толькі ўжо згаданыя «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага" былі напісаныя ў турме. Кароткі экскурс на тэму Леаніда Дранько-Майсюка.

Леанід Дранько-Майсюк
Леанід Дранько-Майсюк
«Беларуская паэзія, створаная ў турмах, — гэта вялікая тэма. Адразу згадваецца Алесь Гарун і яго „Катаржнае пісьмо“. Таксама ж згадваюцца творы Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Хведара Ільяшэвіча, Міхася Машары — творы, якія зьявіліся ў віленскіх Лукішках. І ў гэтым зьвязку немагчыма таксама ня ўспомніць і лягерную творчасьць вялікай Ларысы Геніюш.

Аднак жа паэзія Ўладзімера Някляева — якасна іншая, бо яна створаная ня ў царскім, польскім ці савецка-сталінскім астрозе. Яна створаная ва ўласна беларускай турме. Гэта вельмі істотная розьніца.

І паэзія Ўладзімера Някляева — гэта яшчэ і душа лягальнага, законнага палітыка, за якога прагаласавалі на вядомых выбарах сотні і сотні тысяч людзей.

А яшчэ творчасьць Уладзімера Някляева — зьява ня толькі беларуская, а больш маштабная. Па адыходзе Васіля Быкава Уладзімер Някляеў выконвае ў вялікім літаратурным сьвеце тую ж функцыю: ён самы вядомы, самы рэнэсансны і самы знакаміты беларускі пісьменьнік.

І апошняе. Турэмная лірыка нашага геніяльнага творцы адрасная. Яна мае прысьвячэньне. Яна ахвяраваная Вользе — тоненькай, грацыёзнай, прыгожай і вельмі сьмелай жанчыне. Бяз Вольгі такіх вершаў не было б. Выходзіць — самыя лепшыя жонкі ў нас, у беларускіх паэтаў».

Турэмная кніга Уладзімера Някляева выдадзеная на адмысловай паперы, якая нагадвае адначасова і вучнёўскі сшытак у клетачку, і турэмныя краты.

...Цяпер, калі ты не са мной,
Не на плячы маім, не побач,
З турмой я засынаю ў поўнач
І прачынаюся з турмой.

З турмы ў турму пішу лісты:
«Каханая мая! Сьвятая!..»
І што не прачытала ты —
Турма ўначы са мной чытае.

Зьбірае ўсе да аднаго
Мае маленьні, таямніцы,
І тое сьніць са мной, чаго
Табе ніколі не прысьніцца.

Я цалаваўся зь ёю ў сьне,
Яна ў маіх абдымках спала!
«Ты закахаесься ў мяне!» —
Турма мне горача шаптала.

І не было такога сна,
Каб у якой нары ваўчынай
Табой не сьнілася яна
І не была маёй жанчынай.


...Каханая! Цябе адну
Кахаю!.. А турма зьмяёю
Шыпіць, вяртаючы са сну,
Дзе зноў табе я здрадзіў з ёю.

Ва ўсім падманка і падменка,
Яна спяшала ў сон: «Хутчэй!..»

І падала
твая сукенка
З яе аголеных плячэй.

Каб мне
табой
да ранку сьніцца,
Яна пярсьцёнак залаты
І залатыя завушніцы
Здамала, як здымаеш ты.

І кожны жэст — як твой, адзіны,
І кожны рух яе такі,
Як плаўны, лёгкі, лебядзіны,
Лятучы ўзмах тваёй рукі.


Паэма «Турма» — гэта канцэнтрацыя болю, роспачных развагаў у кароткіх перапынках паміж допытамі і катаваньнямі і скрушлівых высноваў аўтара пра беларускую рэчаіснасьць.

...Турма ў турме — і воля ў ёй.
Усе за кратамі ў краіне,
Дзе дух крывіцкі нема гіне,
Разьняты з моваю сваёй.


Чытачы кажуць, што ўсе творы кнігі сьведчаць пра тое, што Уладзімер Някляеў застаўся паэтам у зусім непаэтычных умовах ды абставінах. Чым, уласна, як зазначае каардынатар прэміі «Гліняны Вялес» Алесь Аркуш, і адрозьніваецца гэтая кніга ад іншых турэмных кніг беларускіх аўтараў, жанру, які па-ранейшаму не перастае быць надзённым для беларускіх пісьменьнікаў.

Алесь Аркуш
Алесь Аркуш
«На жаль, вось такія кнігі, прысьвечаныя турэмнаму зьняволеньню, ужо маюць у Беларусі пэўную традыцыю. Тут можам згадаць і Францішка Аляхновіча з ягонай славутай кніжкай „У кіпцюрох ГПУ“, можам згадаць і кнігу Славаміра Адамовіча „Каханьне пад акупацыяй“. І вось новая кніга Уладзімера Някляева. Бадай, з усіх гэтых кніг яна найбольш мастацкая і найбольш вартая ў сэнсе літаратуры. Някляеў на зьдзіўленьне застаецца паэтам у любых сытуацыях. Ці то ён знаходзіцца на выгнаньні ў эміграцыі, ці то ён у родных сваіх мясьцінах у Крэве, ці ён у турме — паўсюдна ён паэтычна асэнсоўвае тое, што зь ім адбываецца. І гэтае асэнсаваньне адбываецца надзвычай шчыра, бо асаблівасьць някляеўскіх вершаў — то гэта якраз вось такая гранічная шчырасьць. Таму гэтая кніга проста не магла быць незаўважанай. Яе заўважылі і чытачы, яе заўважылі і выдаўцы, яе заўважылі і ў далёкім замежжы. І я думаю, што гэтае месца яе ў дзясятцы лепшых кніг — справядлівае месца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG