Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» — аўдыёкніга паводле твораў Сяргея Вітушкі


Вядомыя выканаўцы, паэты і пісьменьнікі, акторы, артысты і нават адзін дыплямат узялі ўдзел у праекце «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі».

Праект складаецца з 12 казак аўтарства Сяргея Вітушкі і прысьвячаецца ўсім, хто верыць у свае сілы, незалежна ад узросту і абставінаў.

Ідэя праекту належыць гісторыку Сяргею Харэўскаму, які задумаў зрабіць аўдыёпрацяг выдадзенай нядаўна кнігі Сяргея Вітушкі ў аздабленьні Міхала Анемпадыстава.

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

«Летась зьдзейсьнілася мара аўтара, калі пабачыла сьвет яго кніга, якая стала пераможцай у намінацыі „Дзіцячая літаратура“ на Радыё Свабода і заняла пачэсную пазыцыю ў агульным рэйтынгу беларускіх навінак. Але сам аўтар, наш герой, ня зможа яе ўбачыць. Так склаўся лёс, што праз хваробу ён страціў зрок. Таму зноў талакой, як і ў колішнія легендарныя часы, мы зьдзяйсьняем яшчэ адзін цуд — пераўвасабляем літары ў гукі, стварыўшы гэтую гукавую кнігу казак Вітушкі. Цяпер яе зможа пачуць і сам герой, і тысячы іншых людзей па ўсім сьвеце», — кажа Харэўскі.

У праекце «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» ўзялі ўдзел:

  • народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка
  • Уладзімер Арлоў
  • Адам Глобус
  • Андрэй Хадановіч
  • тэле- і радыёвядучая Тамара Лісіцкая
  • акторка Ганна Хітрык
  • амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан
  • Лявон Вольскі
  • Зьміцер Вайцюшкевіч
  • Алег Хаменка
  • Алесь Камоцкі
  • Сяржук Сокалаў-Воюш.

Кожны зь іх агучыў адну з казак аўтарства Сяргея Вітушкі, беларускага пісьменьніка зь Вільні.

На думку каардынатара праекту, рэдактара парталу Tuzin.FM Сяргея Будкіна, як казкі, так і само жыцьцё Сяргея Вітушкі вучыць быць моцным і ніколі не скарацца абставінам.

Сяргей Будкін

Сяргей Будкін

«Аўтар гэтых казак — адкрыты і шчыры чалавек, які, нягледзячы на цяжкасьці, працягвае пісаць жыцьцесьцьвярджальныя гісторыі і зьмяняць гэты сьвет да лепшага. Таму гэтае выданьне прызначаецца ўсім тым, хто верыць у свае сілы, незалежна ад узросту і абставінаў», — адзначае Будкін.

Праект падтрымала Беларускае Радыё Рацыя. «Ведаю аўтара казак з другой паловы 80-х і магу сказаць, што столькі веры, надзеі і любові да роднага, беларускага ў адным чалавеку сустракаецца зрэдку», — кажа кіраўнік радыё Яўген Вапа.

Прэзэнтацыя аўдыёдыску «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» з казкамі ды сьпевамі ад удзельнікаў праекту пройдзе 19 лютага (нядзеля) а 14.00 у менскай кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасьці, 37а).

Сяргей Вітушка — пісьменьнік, гісторык, актор, журналіст, адзін зь лідэраў нефармальнага моладзевага руху ў 80-х гадах. Кіраваў суполкай «Талака», якая займалася аховай помнікаў гісторыі і архітэктуры, адраджэньнем народных сьвятаў, ладзіла экалягічныя акцыі і культурныя мерапрыемствы, змагалася за стварэньне беларускіх клясаў і школ. З 1991 году жыве ў Вільні, браў удзел у стварэньні беларускай гімназіі, дзе быў настаўнікам. Працаваў на віленскім тэлебачаньні і на радыё «Балтыйскія хвалі». Вымушаны быў спыніць актыўную дзейнасьць праз праблемы са здароўем. У 2011 годзе была выдадзена кніга казак ягонага аўтарства «Дзінь-дзілінь: Пара гуляць у казкі».
XS
SM
MD
LG