Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Неяк мы з калегамі абмяркоўвалі дзіўныя дадзеныя перадвыбарчых апытаньняў па Расеі: ладная частка насельніцтва, абсалютна дакладна ўсьведамляючы, што іх вынікі будуць сфальшаваныя, усё ж на іх ідзе. Выказваліся розныя меркаваньні, кшталту, баяцца ці звычку такую маюць — хадзіць на выбары, але мяркую, што найбольш глыбокую візію выказаў калега Ян Максімюк, які зазначыў, што для людзей удзел у выбарах — гэта своеасаблівая прысяга на ляяльнасьць сваёй дзяржаве. Ня ўладзе, а дзяржаве, краіне як такой.

Мне здаецца, што гэтае меркаваньне цалкам прыдатнае да цяперашніх спрэчак пра байкот ці ўдзел. Ёсьць у ідэі байкоту нешта, што супярэчыць дзяржаўнаму, нацыянальнаму пачуцьцю людзей. Ня ў нейкім вытанчаным, эксклюзіўным сэнсе, а ў самым масавым. Людзі ж ідуць служыць у войска і плацяць падаткі ня толькі таму, што за адмову аштрафуюць ці ў турму пасадзяць. А таму, што адчуваюць еднасьць са сваімі суайчыньнікамі, агульны лёс у горы і ў радасьці. І ўдзел у выбарах — з таго ж шэрагу. Выбары кепскія, яны і ня выбары наагул, і таму на іх трэба не хадзіць? А падаткі хіба не ідуць на ўтрыманьне ўсіх АМАПаў і касталомаў з КДБ, усей чынавенскай хеўры? Дык хіба ня лепш іх не плаціць, байкатаваць? А войска — хіба гэта не апірышча гэтага рэжыму, хіба не ягоныя мускулы, а ўнутраныя войскі — хіба не наўпрост яго дубіна? Дык можа лепш у яго не ісьці, байкатаваць?

Камусьці тое, што маўклівая большасьць глухая да гэтых заклікаў, падаецца сьведчаньнем яе рэакцыйнасьці і неразуменьня свайго шчасьця. А як на мой погляд, дык менавіта гэта і ёсьць заклад таго, што Беларусь была і будзе, гэта і ёсьць сапраўдная нацыянальная сьвядомасьць. Яна сама сябе так не называе, ня мысьліць нават у такіх катэгорыях, але ня будзе гэтага, пахісьнецца гэта — і ня будзе Беларусі.

Пры гэтым людзі, якія, у прыватнасьці, ідуць на выбары, дэманструюць ляяльнасьць ня сёньняшняй уладзе, якую яны могуць і ненавідзець, ня сёньняшняму ўвасабленьню беларускай дзяржавы, а беларускай дзяржаве, якая была да Лукашэнкі, ёсьць пры ім і будзе пасьля яго, якая бывае і будзе і кепскай і добрай, але ў якой, каб яна захоўвалася, усё роўна давядзецца служыць у войску, плаціць падаткі і хадзіць на выбары. І цяперашнія апазыцыянэры ў свой час, калі стануць уладай, ацэняць здольнасьць беларусаў, прынамсі большасьці , аўтаматычна рабіць усё гэта.

Папулярнасьць ідэі байкоту — гэта яшчэ адна праява асаблівай схільнасьці беларусаў, а асабліва мысьлячых і «прасунутых», да гетаізацыі. Ну вось мы мысьлім так, лічым так, супраць брыдкія адзінкі (кшталту Марціновіча :-) ) - ну хіба ж мы не Беларусь і ёсьць? Ну а астатнія — а ці ёсьць такія? А калі ёсьць, то куды ж яны падзенуцца, калі мы (самі мы!) — за?

Магчыма, гэта такая спадчына шляхецкіх часоў, калі шляхта абсалютна шчыра лічыла нацыяй выключна сябе, гэтак жа шчыра кваліфікуючы астатніх як быдла. Магчыма, тады гэта і адпавядала калі не маралі і ўяўленьням пра дэмакратыю (што ёсьць рэчы рэлятыўныя), то прынамсі сацыяльнай структуры грамадзтва і сацыяльнай псыхалёгіі, тады «быдла» ні на што асабліва ў палітыцы і не прэтэндавала. Але, як пісаў клясык, няма таго, што раньш было.

Зараз просты люд выносіць за дужкі стала значна складаней. Не, у Фэйсбуку гэтак жа лёгка, як і тады. Але ў рэале складаней.

Калі прасунутая частка грамадзтва заклікае сваіх суграмадзянаў падтрымаць іх у барацьбе з уладай і за ўладу, большасьць можа як пайсьці ім насустрач, гэтак і не. Але і ў апошнім выпадку асабліва кепскага стаўленьня да іх ня ўзьнікне.

Аднак калі людзей заклікаюць ня проста зьмяніць уладу, а разарваць грамадзянскую дамову, якая, паводле Русо, і ёсьць дзяржава, то большасьць мала таго што адрыне такія прапановы, яна палічыць іх выклікам сваім базавым каштоўнасьцям, дзякуючы якім кавалак зямлі ад Берасьця да Воршы і ад Браслава да Мазыра застаецца адзіным палітычным цэлым.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG