Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагаласаваўшы ў 1994 годзе за Лукашэнку, Беларусы выявілі сваю ўнікальнасьць, зьяўляючыся адзіным у сьвеце народам, які падтрымаў чалавека, чый галоўны лёзунг быў — ліквідацыя іх краіны. Я ня ведаю ніякага іншага падобнага прыкладу ў гісторыі. Былі выпадкі падману, калі палітык, прыйшоўшы да ўлады, пачынаў дзейнічаць у інтарэсах іншай дзяржавы, безьліч выпадкаў, калі памылкі палітыкаў прыводзілі да анэксіі, але каб чалавек адкрыта заяўляў, што дасягненьне незалежнасьці краіны — гэта злачынства, і што трэба ізноў быць калёніяй у імпэрыі, а людзі за яго галасавалі — такое ў гісторыі чалавецтва ўпершыню.

Цяпер беларусы маўчаць, калі зьнішчаюць іх мову (ня ўсе, канешне, але -- пераважная большасьць). Вось гэта ўжо ня дзівіць, тут няма ўнікальнасьці, такое здаралася, і не аднойчы. І амаль заўсёды ўсьлед за зьнікненьнем мовы зьнікаў і народ.

Прычым вельмі часта зьнікаў і фізычна — напрыклад, з голаду.

Беларусы маўчаць, калі зьнішчаюць іх мову ...

Ці ня кожны дзень прыносіць зьвесткі, што недзе ліквідуецца апошняя беларуская кляса, недзе міліцыя схапіла чалавека, пачуўшы беларускую гаворку, недзе судзьдзя адмовілася весьці працэс над актывістам апазыцыі на беларускай — дзяржаўнай! — мове.

Скасаваньне беларускага аддзелу ў Віцебскай абласной бібліятэцы і скарачэньне набору на беларускамоўныя спэцыяльнасьці па ўсёй краіне — дзьве падзеі, якія адлюстроўваюць тэндэнцыю.

«Уяўляеце дзе-небудзь у Нямеччыне аддзел нямецкай літаратуры, альбо ў Польшчы — аддзел польскай, гэта абсурд! — заявіў дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі ў інтэрвію „Салідарнасьці“. — Такая аптымізацыя, гэта нармальна. Атрымліваецца, што ў Беларусі ў бібліятэцы існуе аддзел беларускай літаратуры, нібыта яна замежная! Дзе такое бачылі?»

Мае рацыю спадар Сёмкін — ня будзе ў Кракаўскай бібліятэцы аддзелу польскай літаратуры, ці ў Манчэстэрскай бібліятэцы — аддзелу англамоўнай, у Бардо — аддзелу франкамоўнай літаратуры.

Але прэзыдэнт Польшчы ніколі не дазволіць сабе заявіць, што на польскай мове нельга стварыць нічога вартага. У Вялікабрытаніі тэле- і радыёвяшчаньне вядучых дзяржаўных і прыватных кампаніяў вядзецца на ангельскай мове. У Францыі дзейнічае даволі жорсткі моўны закон, які абараняе францускую мову астранамічнымі штрафамі (і, напрыклад, уладальнік крамы ў Парыжы можа павесіць на фасадзе шыльду па-ангельску ці па-нямецку толькі заплаціўшы за дазвол прыстойныя грошы). Мала таго. Для Бэрліну, Варшавы, Парыжу прапаганда нямецкай, польскай ці францускай мовы ў іншых краінах зьяўляецца важным складнікам зьнешнепалітычнай дзейнасьці — і таму дзяржаўны бюджэт фінансуе культурныя цэнтры ў замежных сталіцах. Тое самае, між іншым, тычыцца і Масквы — моўная экспансія ідзе наперадзе газавых «прапаноў, ад якіх нельга адмовіцца».

Калі б у Беларусі была моўнай сытуацыя хаця б такая, як у Літве — дзе выдаецца тысячы назваў гістарычнай, дакумэнтальнай, дзіцячай, навуковай, тэхнічнай літаратуры па-літоўску, дзе ўся заходнеэўрапейская (і расейская) клясыка перакладзеная на літоўскую мову — не было б пытаньня.

Але пытаньне ёсьць, бо на кніжным рынку Беларусі беларускамоўныя выданьні займаюць вельмі маленькі сэгмэнт — і паводле асартымэнту, і паводле накладаў.

І ліквідаваць такі аддзел — значыць, па-просту растварыць беларускамоўныя кнігі акіяне расейскамоўнай літаратуры. І зрабіць цяжкадаступнымі для чытача.

Канешне, у ліквідацыі беларускага аддзелу можна знайсьці і «пабочныя» прычыны — у тым ліку і мэту зьнішчыць, можа быць, адзінае ў Віцебску месца, дзе людзі непраўладных меркаваньняў маглі б сабрацца пад дахам. З прыходам некалькі гадоў таму новага загадчыка аддзелу тут спыніліся сустрэчы зь менскімі і мясцовымі літаратарамі, але людзі хаця б маглі спаткацца. Раней, пры старой загадчыцы, тут з задавальненьнем прымалі (і, што важна, уносілі ў каталёг) выдадзеныя ў беларускім замежжы кнігі, якія нельга атрымаць ні па якіх афіцыйных каналах. Калі летась, ужо пры новым загадчыку, я прапанаваў перадаць новыя выданьні, мне сказалі, што іх ня прымуць. А вось цяпер, калі ліквідавалі аддзел, абвешчана, што некаторыя кнігі «сьпішуць» — няцяжка здагадацца, якія менавіта.

Прыняты ў студзені 1990-га Вярхоўным Саветам 11-га скліканьня Закон аб мовах прадугледжваў выпраўленьне той гістарычнай несправядлівасьці, якая паставіла мову на мяжу выміраньня. І хаця Васіль Быкаў крытыкаваў яго за палавінчатасьць і занадта доўгія тэрміны ўводу ў дзеяньне — калі б закон выконваўся хаця б так, як было вызначана, — сёньня ў Беларусі была б зусім іншая моўная сытуацыя.

Праўда, з адной умовай: калі б ў 1994 годзе да ўлады не прыйшлі сілы, якія (я ў гэтым перакананы) галоўнай мэтай сваёй паставілі ліквідацыю Беларусі як незалежнай дзяржавы.

У працэсе ж ліквідацыі дзяржаўнасьці зьнішчэньне мовы займае прыярытэтнае месца.

У працэсе ліквідацыі дзяржаўнасьці зьнішчэньне мовы займае прыярытэтнае месца.
...

Бо калі нацыя пазбавілася мовы, яна адначасна пазбаўляецца і самапавагі. Яна перастае быць нацыяй, а тое, у што яна ператворыцца, прагаласуе на рэфэрэндуме за ліквідацыю дзяржавы — навошта тая дзяржава, калі безь яе прасьцей атрымаць каўбасу і рубель?

І менавіта гэтым, мяркую, трэба тлумачыць цяперашні стан беларускай мовы.

Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што не Лукашэнка пачаў: яшчэ ў 1993 годзе Вольга Абрамава разам з паплечнікамі з «Движения за демократические реформы» выступіла з ініцыятывай рэфэрэндуму аб дзяржаўнасьці расейскай мовы, ці, як казалася, «роўнасьці» расейскай і беларускай мовы (пагадзіцеся, вельмі падобна на жаданьне кіраўніка віцебскай бібліятэкі «ураўняць» беларускую і рускую кнігі).

Іншыя «інтэлектуалы» (некаторыя зь іх потым увайшлі ў каманду Лукашэнкі) наракалі на нібыта «дыскрымінацыю» за няведаньне беларускай мовы.

Насамрэч, ніхто і ніколі так і ня здолеў прывесьці ніводнага прыкладу, калі б у гады нацыянальнага Адраджэньня (канец 1980 — пачатак 1990 гг.) кагосьці ня ўзялі на працу ці звольнілі з працы з-за няведаньня беларускай мовы.

Затое цяпер ня тое што звальненьні — затрыманьні міліцыяй і спэцслужбамі людзей на вуліцах за адну толькі беларускую гаворку зрабіліся ня выпадкамі, а рутыннай практыкай.

І, між іншым, я ня чуў пратэстаў з гэтай нагоды ад тых, хто ў пачатку 90-ых выступаў за моўную «роўнасьць».

Яшчэ ніколі на памяці майго пакаленьня (тых, каму 40-50; а магчыма, і пакаленьня нашых бацькоў, якім 70-80) беларуская мова не знаходзілася ў такіх ня тое што неспрыяльных — а вынішчальных умовах.

Можна жыць ў Беларусі гадамі, не пачуўшы нідзе беларускай мовы.

...

Пакаленьне, якое нарадзілася пры Лукашэнку, ужо ня ведае значэньня беларускіх слоў. Ужо можна жыць ў Беларусі гадамі, не пачуўшы нідзе беларускай мовы.

Спачатку мову заганялі ў гета (не беларускамоўная ўсеагульная сыстэма адукацыі, а — асобныя беларускамоўныя клясы, ці нават толькі беларускамоўныя групы, не беларускамоўны эфір на тэлебачаньні, а - троххвілінны сюжэт, і гэтак далей).

Якія б эмоцыі ні выклікала слова «гета» — але ў рэальнасьці беларуская мова за гады кіраваньня Лукашэнкі была мэтанакіравана і пасьлядоўна загнаная ў гета.

Цяпер зьнішчаюцца ўжо і гета — і, магчыма, мы бачым апошні акт нацыянальнай трагедыі.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG