Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта адказ тым, хто кажа, што ўлады за беларусізацыю»


Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

У беларускіх ВНУ будзе скарочаны шэраг спэцыяльнасьцяў, і перадусім тых, на якіх рыхтуюць адмыслоўцаў у галіне беларускай мовы. Чаму зьніжаецца патрэба ў выкладчыках беларускай мовы? Наколькі прэстыжнай сёньня выглядае прафэсія настаўніка? Чаму дзяржава не забясьпечвае дзяржаўнасьць беларускай мовы? На гэтыя пытаньні адказвае выкладчык беларускага гуманітарнага ліцэю, кандыдат філялягічных навук, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Лявон Баршчэўскі.

Цыганкоў: Прадстаўнікі ўладаў заяўляюць, што скарачэньне навучаньня адбываецца ў адпаведнасьці зь неабходнасьцю ў гэтых спэцыяльнасьцях. Маўляў, няма ўжо патрэбы ў столькіх настаўніках беларускай мовы. Наколькі абгрунтавана выглядаюць такія тлумачэньні? І чаму зьнізілася патрэба ў навучаньні беларускай мове ў сярэдніх школах?

Баршчэўскі: Фармальна яны маюць рацыю — спачатку яны зьнішчылі беларускую мову ў школах, фактычна скараціўшы яе ў 2,5 разу ў параўнаньні з тым, што было ў 90-я гады. А цяпер ім і ня трэба спэцыялісты. Бо пра гэта гаварылася, што скарачэньне выкладаньня беларускай мовы і літаратуры ў старэйшых клясах школы да 2 гадзінаў непазьбежна прывядзе да скарачэньня настаўнікаў. Таму яны спачатку зьнішчылі мову ў школах, а потым ім непатрэбныя і спэцыялісты.

Гэта, дарэчы, адказ некаторым аптымістам, якія кажуць, што ўлады плянуюць нейкую беларусізацыю. З кім яны будуць праводзіць гэтую беларусізацыю? Улады плянуюць далейшае вынішчэньне беларускай мовы, і моўная палітыка відавочна накіраваная ў адзін бок.

Цыганкоў: Нават у тых беларускамоўных школах, колькасьць якіх памяншаецца, часам не хапае настаўнікаў. У чым тут галоўная прычына? Агульная стратэгія ўладаў на скарачэньне ўжытку беларускай мовы, як вы лічыце, ці проста агульная дэградацыя прафэсіі настаўніка?
Калі б у нас было рэальнае дзьвюхмоўе, як гэта запісана ў Канстытуцыі, філёлягі зь веданьнем беларускай мовы былі б масава патрэбныя.

Баршчэўскі: Калі б у нас была беларуская дзяржава, яна б знайшла прымяненьне спэцыялістам зь беларускай мовай. Калі б у нас было рэальнае дзьвюхмоўе, як гэта запісана ў Канстытуцыі, філёлягі зь веданьнем беларускай мовы былі б масава патрэбныя. Трэба было б перакладаць дакумэнтацыю, рабіць у рэкляме, бізнэсе, ва ўсіх сфэрах. Але калі відавочна, што Канстытуцыя парушаецца, што ніякага дзьвюхмоўя няма, то застаецца толькі школа і настаўніцтва.

Фармальна, «на паперы», спэцыялістаў для школы хапае, я думаю. Але натуральна, што людзі не ідуць працаваць на непрэстыжныя спэцыяльнасьці, і таму ўзьнікае недахоп, якога не павінна быць. Калі б дзяржава сапраўды была беларускай, то попыт на спэцыялістаў з добрым веданьнем беларускай мовы быў бы ў шмат разоў больш.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG