Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Расеі не пацьвярджае інфармацыю пра галадоўку расейцаў


Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна ў Менску.

Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна ў Менску.

Амбасада Расеі ў Беларусі не пацьвярджае інфармацыю пра галадоўку расейскіх грамадзян у менскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Пра гэта РІА «Новости» заявіў прадстаўнік амбасады Ўладзімер Марчук.

«Трое грамадзян Расеі сапраўды знаходзяцца ў ізалятары. Усе яны затрыманыя ў рамках апэрацыі «Нелегал», — апавёў суразмоўца агенцтва.

Ён растлумачыў, што з расейцамі размаўлялі консульскія супрацоўнікі расейскай амбасады, і «дадзеныя пра тое, што яны праводзяць галадоўку, не пацьвярджаюцца».

Марчук удакладніў, што двое з расейцаў — асобы бяз пэўнага месца жыхарства і ня маюць ніякіх дакумэнтаў. Іх затрымалі яшчэ да Новага году. Паводле дыплямата, аднаму зь іх ужо аформілі пасьведчаньне на вяртаньне, а другому такое пасьведчаньне выпішуць днямі. Трэцяга расейца, у якога таксама няма дакумэнтаў, затрымалі ў 20-х чыслах студзеня.

Паводле праваабаронцы Алега Воўчака, які 31 студзеня выйшаў на свабоду з ізалятара на Акрэсьціна пасьля адміністрацыйнага арышту, некалькі грамадзянаў Расеі, у якіх узьніклі праблемы з дакумэнтамі, абвясьцілі галадоўку ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Менску.
XS
SM
MD
LG