Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускім адвакатам рэкамэндавана ўзгадняць свае інтэрвію журналістам з кіраўніцтвам юрыдычных кансультацый, дзе яны працуюць.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце за подпісам старшыні Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктара Чайчыца, накіраваным ва ўсе абласныя і Менскую гарадзкую калегіі адвакатаў, паведамляе БелаПАН.

Рэкамэндавана таксама ўскласьці на намесьнікаў старшыняў прэзыдыюмаў калегіяў адвакатаў абавязак вывучаць апублікаваныя інтэрвію сваіх адвакатаў, а інфармацыю пра іх накіроўваць у Рэспубліканскую калегію адвакатаў электроннай поштаю.

Як адзначаецца ў лісьце, гэтыя рэкамэндацыі зробленыя ў сувязі з тым, што «часта ў СМІ, часьцей у электронных, зьяўляюцца інтэрвію асобных адвакатаў са скажонай, у тым ліку зь віны журналістаў, інфармацыяй».

Як заявіў БелаПАН юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла, у БХК чулі пра існаваньне такога ліста і «вельмі нэгатыўна» ставяцца да падобных рэкамэндацый, якія супярэчаць гарантаванай Канстытуцыяй свабодзе слова:
Любое абмежаваньне адвакатаў на прадстаўленьне інфармацыі павінна абмяжоўвацца толькі правіламі прафэсійнай этыкі і законам.

«Яна можа быць абмежаваная толькі акалічнасьцямі, якія апісаныя ў законе. Ніякая службовая асоба ня мае права замахвацца на гэтую свабоду, гэта парушэньне, якое павінна перасьледавацца паводле закону».

Паганяйла адзначыў, што Рэспубліканская калегія адвакатаў «выконвае ўжо даўно карныя функцыі, а не абараняе правы і інтарэсы адвакатаў».

Паводле праваабаронцы, фігура адваката і яго праца носяць публічны характар, таму «любое абмежаваньне адвакатаў на прадстаўленьне інфармацыі павінна абмяжоўвацца толькі правіламі прафэсійнай этыкі і законам».

У 2011 годзе шэраг адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году, былі пазбаўленыя ліцэнзіяў.
XS
SM
MD
LG