Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Воўчак: «На Акрэсьціна добры пэрсанал, але ўмовы — як для жывёлы»


Алег Воўчак ля Акрэсьціна адразу па вызваленьні.

Алег Воўчак ля Акрэсьціна адразу па вызваленьні.

Праваабаронца Алег Воўчак выйшаў з ізалятара на Акрэсьціна і распавёў, у якіх умовах там знаходзяцца арыштанты.

Алега Воўчака сустрэлі кветкамі і гарачым чаем сябры і сваякі. Чатыры дні праваабаронца прабыў у халодных камэрах ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна і кажа, што цяпер мае асабісты досьвед знаходжаньня ў гэтым месцы. Умовы там ён назваў прыдатнымі хіба што для жывёлы, асабліва цяпер, у дваццаціградусныя маразы, а вось да міліцэйскага пэрсаналу прэтэнзіяў праваабаронца ня мае. Паводле Воўчака, галоўная праблема цяпер на Акрэсьціна — холад:

«Там ёсьць адна камэра на першым паверсе, яе называюць перасыльнай, там увогуле было градусаў 10. За ноч я паспаў, можа, хвілін 20, а потым проста раскачваўся ўвесь час, каб ня зьмерзнуць. І там мяне пратрымалі ажно 14 гадзін. Потым перакінулі ў камэру да бамжоў, дзе было крыху цяплей, але там ад іх жудасная абстаноўка. Чаму ў камэрах на Акрэсьціна холадна? Батарэі там ёсьць, і яны гарачыя, значыць, паляць, але батарэй мала. А другая праблема, што вокны са шчылінамі, і там страшэнна дзьме і не трымаецца цяпло».
Вокны са шчылінамі, і там страшэнна дзьме і не трымаецца цяпло.

У камэры, дзе потым трымалі Воўчака, увесь час лілася вада. У душ не пускалі, матрацаў і коўдры не давалі. Сьпяць людзі на драўляным подыюме, грэючыся адзін ад аднаго, але і гэта не ратуе. «Раніцай усе падымаемся закачанелыя», — кажа Воўчак.

Як цярпяць сядзельцы такія ўмовы? Праваабаронца сказаў, што людзі спрабуюць пратэставаць, але вельмі стрымана, большасьць трывае, абы адтуль вырвацца. Алег Воўчак мяркуе, што ў тым корпусе, дзе яго трымалі, даўно трэба было б зрабіць рамонт, у прыватнасьці, замяніць вокны на сучасныя шклопакеты. Праваабаронца згадаў, што ў 2014 годзе ў Менску мае прайсьці чэмпіянат сьвету па хакеі. Звычайна такія мерапрыемствы не абыходзяцца без хуліганскіх учынкаў, у тым ліку і з боку гасьцей. «І куды іх зьмяшчаць — няўжо ў гэты ізалятар? Гэта ж будзе ганьба на ўвесь сьвет», — мяркуе Алег Воўчак.

Дарэчы, паводле праваабаронцы, і цяпер на Акрэсьціна шмат замежнікаў — гэта людзі, якіх затрымалі міліцыянты ў межах апэрацыі «Нелегал». Частка зь іх парушала парадак знаходжаньня ў Беларусі ненаўмысна, але іх трымаюць у такіх жа дрэнных умовах, як і злосных хуліганаў. Прычым трымаюць не 10 ці 15 сутак, а па месяцы і болей, пакуль не разьбяруцца зь іхнай справай і пакуль ня зьявіцца магчымасьць дэпартацыі. Паводле Алега Воўчака, цяпер на Акрэсьціна двое грамадзян Расеі трымаюць галадоўку, патрабуючы апэратыўна разабрацца зь іхнімі справамі. Таксама ў ізалятары сядзяць грамадзяне Ўкраіны, быў адзін з Пакістана, згадвае Алег Воўчак.


У сваёй справе праваабаронца не зьбіраецца ставіць кропку — ён будзе абскарджваць прысуд, бо лічыць сябе невінаватым, а сьведак-міліцыянтаў называе ілжэсьведкамі:

«Мяркую, усе ў судзе пераканаліся, што доказаў маёй віны не было. Канечне, добра яшчэ, што далі 4 дні, а ня болей. Магчыма, спрацавала ўсё ж тое, што я „аўганец“ і што я папярэдзіў, што магу пачаць галадоўку».
XS
SM
MD
LG