Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жанчыны маўчаць, таму што баяцца страціць працу»


Жанчына працуе поруч з мужчынамі на роварным заводзе.

Жанчына працуе поруч з мужчынамі на роварным заводзе.

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў падрыхтавалі аналітычны даклад «Рынак працы і працоўныя адносіны для жанчын і моладзі ў Беларусі». Выснова, якую зрабілі адмыслоўцы: гендэрныя стэрэатыпы вельмі распаўсюджаныя ў сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці.

Юрыст Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, адна зь лідэраў жаночага руху Алена Яськова перакананая, што жанчынам у Беларусі цяжэй знайсьці працу:

«Па сканчэньні тэрміну кантракту часьцей звальняюць жанчын. Жанчыны атрымліваюць меншую зарплату за аднолькавую з мужчынамі працу, у іх больш складанае прасоўваньне па службе. На ўзроўні нейкіх падразьдзяленьняў, дзе трэба па-сапраўднаму працаваць, — там жанчыны. На кіроўных пасадах, як правіла, мужчыны. Гэта ўсё ёсьць».

У дакладзе ёсьць разьдзел пра парушэньні правоў працоўных жанчын, дзясяткі канкрэтных прыкладаў і расповедаў жанчын, як наймальнікі адмаўляюцца даваць ім замацаваныя ў заканадаўстве ільготы, нават нязначныя. Не сакрэт, што наймальнікі ня надта прыхільна ставяцца да жанчын з малымі дзецьмі — дзеці ж часта хварэюць. Але і самі жанчыны ідуць на бальнічны ў самым крайнім выпадку, бо матэрыяльна яны шмат страчваюць. Распавядае выхавацелька дзіцячага садку спадарыня Ірына:

«Калі я пайду на бальнічны, я атрымліваю голы аклад за гэты месяц і ніякай надбаўкі. Надбаўкі мне не паложаны — там некалькі пазыцый ёсьць: за творчасьць, за выкананьне нейкіх распараджэньняў. Атрымаю нашмат меней. На бальнічны я проста не магу сабе дазволіць пайсьці».

Шматдзетная маці Эла Мацьвіенка перакананая, што ў нечым вінаватыя самі жанчыны — яны не змагаюцца за свае законныя правы:
На ўзроўні падсьвядомасьці — упэўненасьць у тым, што нічога ты не даможасься.

«У тэорыі я гэта бачыла, калі працоўную дамову падпісвала, але на практыцы ў нас, па-мойму, такія рэчы ў прынцыпе не выконваюцца. Па-першае, на нормы заканадаўства мала хто зьвяртае ўвагу, мала хто пра іх ведае. Тут яны ня тое што баяцца. Праблема — у вельмі слабой інфармаванасьці людзей. Калі падпісваеш гэтую працоўную дамову, прачытаеш — так, яно ў прынцыпе ёсьць. Але ў галаву не прыходзіць, што гэтага ж можна нейкім чынам дамагчыся, гэтым скарыстацца. На ўзроўні падсьвядомасьці — упэўненасьць у тым, што нічога ты не даможасься».

Наймальнікі нават самых нязначных ільготаў стараюцца не даваць. Але на іх ёсьць управа — існуе Дзяржаўная інспэкцыя працы, тлумачыць юрыст Алена Яськова:

«Калі ў жанчыны двое дзяцей, ён абавязаны даць адпачынак летам, адзін вольны дзень у тыдзень, іншыя ільготы. І калі зьвярнуцца ў інспэкцыю працы, кіраўнік можа быць аштрафаваны ці па-іншаму пакараны. І ён дасьць гэты дзень. Але як яе патрабаваньні і адстойваньне правоў потым паўплываюць на яе працоўную дзейнасьць — гэта ўжо іншае пытаньне».

Шматдзетная маці Эла Мацьвіенка, якая працуе ў жаночым калектыве, кажа, што не было нават такіх прэцэдэнтаў, калі жанчына спрабавала нечага дамагчыся, але ёй не ўдалося. Жанчыны проста баяцца наступстваў:

«Тым больш што звычайна на прадпрыемствах ёсьць маса рычагоў, афіцыйных і неафіцыйных, калі можна нейкім чынам націснуць. Баяцца свае правы адстойваць, таму што думаюць, што ў іншай сытуацыі будзе кепска, маўляў, насустрач ня пойдуць».

Юрыст Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова кажа, што па дапамогу зьвяртаюцца лічаныя адзінкі пакрыўджаных:

«Калі гэта тычыцца, умоўна скажам, 20 жанчын, то адна-дзьве будуць нейкім чынам адстойваць свае правы. А многія маўчаць, таму што нашы жанчыны вельмі баяцца страціць працу, крыніцу існаваньня. Калі жанчына зь дзецьмі не працуе, за гэтыя мізэрныя дапамогі жыць і дзяцей гадаваць жа немагчыма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG