Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца паведаміў, што ў турме на вуліцы Акрэсьціна шмат нелегалаў, двое грамадзянаў Расеі трымаюць галадоўку, у камэрах вельмі халодна.

Міліцыя праводзіць апэрацыю «Нелегал». Справы некаторых затрыманых цягнуцца вельмі доўга. Так, расейсцы, якія абвясьцілі галадоўку, сядзяць на Акрэсьціна болей за 40 дзён.

Воўчак кажа, што ў камэрах ня болей за 15 градусаў цяпла. Увесь час дзьме з вокнаў. Адміністрацыя не выдае коўдры і пярыны.

30 студзеня Цэнтральны суд Менску арыштаваў Алега Воўчака на 4 сутак. Яго прызналі вінаватым у дробным хуліганстве.

Сам Воўчак заяўляе пра помсту за праваабарончую дзейнасьць.

Алега Воўчака затрымалі 27 студзеня на вуліцы і адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну. Там склалі пратакол аб дробным хуліганстве —нібыта ён мацюкаўся на вуліцы.

Ад 27-га Воўчак знаходзіўся ў турме на Акрэсьціна.

Да інцыдэнту праваабаронца быў на пошце, адпраўляў адтуль газэту «Народная воля» для праваабаронцы Івана Крука з Астраўца.

Алег Воўчак пасьля вяртаньня з Аўганістану працаваў у органах пракуратуры, быў сьледчым у асабліва важных справах. У канцы 1990-х гадоў кіраваў Цэнтрам прававой дапамогі насельніцтву, які страціў рэгістрацыю пасьля актыўнай абароны ахвяраў трагедыі на Нямізе ў 1999 годзе.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году Алег Воўчак быў даверанай асобаю кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, асуджанага на 5 з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля актыўна дапамагаў асуджанаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу. Актыўны ўдзельнік шматлікіх кампаніяў за вызваленьне палітвязьняў, у тым ліку вязьняў Плошчы.
XS
SM
MD
LG