Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кось-кось — і ў аглоблі


Кіраўніцтва Расеі рыхтуе Менск да пэрспэктывы ўвядзеньня расейскага рубля ў якасьці адзінай разьліковай валюты ў межах так званай Саюзнай дзяржавы.

І хоць Нацыянальны банк Беларусі пакуль што спрабуе супраціўляцца актыўнай атацы на беларускі рубель, аднак ва ўмовах павелічэньня фінансавай залежнасьці ад Масквы адстойваць сваю пазыцыю ўсё складаней.

Увядзеньне расейскага рубля паступова ператвараецца ў адну з умоваў дапамогі эканоміцы Беларусі, якая моцна пацярпела ад мінулагодняга валютнага крызісу і не акрыяла да гэтага часу. На пачатку студзеня амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў: калі кіраўніцтва Беларусі ня хоча зноў апынуцца ў складанай валютна-фінансавай сытуацыі, яму трэба сур’ёзна задумацца пра пераход на адзіную валюту.

У мінулую пятніцу прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін выказаў шкадаваньне, што мяч, засланы на беларускі бок у выглядзе прапановы аб адзіным плацёжным сродку, пакуль што там і застаецца. Разам з тым Пуцін канстатаваў: ва ўмовах паглыбленьня інтэграцыйных працэсаў існаваньне двух эмісійных цэнтраў немагчымае.

А напярэдадні намесьнік міністра замежных спраў Расеі Рыгор Карасін пасьля перамоваў з кіраўніцтвам беларускага зьнешнепалітычнага ведамства сказаў, што пытаньне адзінай валюты з парадку дня ніхто не здымаў:

Рыгор Карасін
Рыгор Карасін
«У Міністэрстве замежных спраў Беларусі мы якраз закранулі пытаньне важнасьці правядзеньня экспэртных прэзэнтацый тых напрацовак, якія ў нас ужо ёсьць. Сярод пытаньняў, якія зараз абмяркоўваюцца, канечне ж, ёсьць і фінансавы складнік. У прыватнасьці, што будзе з рублём, ці патрэбна новая адзінка валюты Эўразійскага эканамічнага саюзу і г.д. Пытаньні гэтыя няпростыя, з наскоку іх ня вырашыш, аднак як форма далейшай інтэграцыі, паглыбленьня інтэграцыйных працэсаў сама тэматыка заслугоўвае вельмі глыбокай увагі».

Пэрспэктыва пераходу на расейскі рубель не сустракае салідарнай пазыцыі нават сярод палітычнай эліты Беларусі. Галоўным праціўнікам фактычнай ліквідацыі беларускага рубля называецца перадусім Аляксандар Лукашэнка, які ў такім выпадку страціў бы адзін з галоўных атрыбутаў эканамічнага сувэрэнітэту.

Пра дачаснасьць абмеркаваньня падобных пэрспэктываў гаварыла і старшыня Нацбанку Надзея Ермакова. Сёньня ў Беларусі, заявіла яна, няма ўмоваў для выхаду на адзіную валюту, і ўдакладніла — менавіта на расейскі рубель. А вось былы амбасадар Беларусі ў Расеі Васіль Даўгалёў лічыць, што калі беларускі бок «упрогся» ў інтэграцыйны воз, то іншых варыянтаў, апроч паўсюднай уніфікацыі, уключна зь фінансавай, папросту не існуе:

Васіль Даўгалёў
Васіль Даўгалёў
«Увогуле філязофія пабудовы інтэграцыйных аб’яднаньняў базуецца на тым, што ўсё роўна давядзецца ісьці да валютнага саюзу. Пытаньне толькі ў тым, які ён будзе. Сёньня мы маем горкі досьвед Грэцыі, ужо маса рэкамэндацый, што ім трэба выйсьці з зоны эўра і г.д. Таму гэта пытаньне, якое сапраўды патрабуе вышэйшага ўзроўню кваліфікацыі. У той жа час рух да валютнага саюзу, я лічу, проста непазьбежны. Над гэтым трэба працаваць экспэртам, мінфінам, банкам і рухацца наперад. Людзям выгадна, каб разьлічваліся адным рублём? Выгадна. Значыць, трэба шукаць, як рэалізаваць гэтую выгаду. Перш за ўсё для людзей. А астатняе прыкладзецца».

Аналітыкі кажуць, што, скарыстаўшыся фінансава-эканамічным крызісам і адсутнасьцю ахвочых матэрыяльна дапамагчы Менску, Расея яшчэ больш прывязала Беларусь да сябе. Аднак, як лічыць былы намесьнік старшыні Цэнтральнага банку Расеі Сяргей Аляксашанка, загнаць Аляксандра Лукашэнку ў кут Крамлю будзе ня так і проста:

Сяргей Аляксашанка
Сяргей Аляксашанка
«Канечне, ня толькі цяперашні эканамічны стан Беларусі, але найперш той, які фармаваўся цягам апошніх 15–20 гадоў, істотна залежыць ад расейскай фінансавай дапамогі, якая аказваецца наўпрост ці ўскосна — альбо крэдытамі, альбо праз кошты на газ, альбо яшчэ нейкімі іншымі рашэньнямі. Таму цалкам натуральна, што той узровень жыцьця, які ёсьць у Беларусі, моцна залежыць ад добрага стаўленьня Расеі да свайго саюзьніка. Але я ня думаю, што калі нават Расея перастане падтрымліваць Беларусь, найперш, эканоміку краіны, то сама па сабе дзяржава ці яе эканоміка пасьля гэтага зьнікнуць. Так, будзе складана, так, будзе дрэнна, але ж, уласна кажучы, краіна, дзяржава Беларусь застанецца».

Шмат хто з экспэртаў перакананы: спроба падвесьці Беларусь пад расейскі рубель мае пад сабой не эканамічныя, а найперш палітычныя прычыны. Так, былы міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што Расеі ў бліжэйшыя гады ня выгадны пераход Беларусі на адзіную валюту, бо ў гэтым выпадку рызыкі для расейскага рубля ад непрадказальнай беларускай эканомікі істотна павялічацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG