Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрнэсту Сабілу перашкаджаюць будаваць царкву


Эрнэст Сабіла
Эрнэст Сабіла

Пастар з Асіповічаў Эрнэст Сабіла дамагаецца, каб выкрылі й пакаралі злодзеяў, якія крадуць яго маёмасьць з будоўлі пратэстанцкай царквы.

Летась яго рабавалі тры разы.

Эрнэст Сабіла зьвяртаўся ў міліцыю. Рабаўнікоў шукалі. Знайшлі маладога хлопца. Яго судзілі. Вынікам суду сьвятар застаўся незадаволены.

«Відавочна гэта была асоба падстаўная. Я так бачу, што гэтыя зладзюжкі лазяць да мяне ня столькі каб нешта скрасьці, колькі каб убачыць, што робіцца ў маёй хаце. Сьледзтва было такім ужо лібэральным, нават сяброўскім. Сьледчыя гэтага хлопца ледзьве не абдымалі. На судзе, калі я пачаў высьвятляць абставіны, то пракурор так акрысілася, кажучы па-народнаму, што мне нават яе стала шкада, што яна такая безабаронная. Адным словам, зладзюжка той застаўся без пакараньня. Крадзяжы былі, але працэс выглядаў на спэктакль. Буду пісаць скаргу ў абласны суд. Я калі быў у пракурора, дык яму казаў, што ў Асіповічах рэвалюцыянэраў няма, то хлопцам у цывільным трэба ж апраўдваць свой заробак — вось яны й ладзяць паляваньне на баптыста», — заявіў Сабіла.

Пратэстанцкую царкву ў Асіповічах Эрнэсту Сабілу дапамагаюць будаваць актывісты дэмакратычных арганізацыяў. Час ад часу ў ягонай хаце адбываюцца розныя мерапрыемствы. Паводле сьвятара, гэта і непакоіць спэцслужбы.

Прэсьбiтар Беларускай эвангельскай царквы Эрнэст Сабіла ў 1951 годзе быў асуджаны на расстрэл за антысавецкую агітацыю, абцяжараную «рэлігійнымі і нацыяналістычнымі забабонамі». Прысуд быў заменены на дваццаціпяцігадовае зьняволеньне. Па вызваленьні ў 1964 годзе Сабіла падпадае пад перасьлед з боку КДБ.

Эрнэст Сабiла актыўна падтрымлівае беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух. Набажэнствы вядзе па-беларуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG