Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБП пратэстуе супраць скасаваньня аддзелу беларускай літаратуры ў Віцебскай бібліятэцы


Сакратарыят «Саюзу беларускіх пісьменьнікаў» заклікае дзяржаўныя органы і кіраўніцтва Віцебскай абласной бібліятэкі аднавіць працу зьліквідаванага аддзелу.

У заяве гаворыцца, што cябры «СБП» занепакоеныя сытуацыяй ў бібліятэцы, кіраўніцтва якой вырашыла скасаваць аддзел беларускай літаратуры, стварыўшы замест яго аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.

«Падобны крок у абвешчаны Год Кнігі выглядае неабдуманым і толькі пагаршае сытуацыю з неабходнасьцю папулярызацыі нацыянальнай літаратуры», — напісана ў заяве,

«Свабода» паведамляла, што пасьля рэфармаваньня структурных адзінак бібліятэкі кнігі на беларускай мове чытачам давядзецца шукаць па розных аддзелах. А некаторыя выданьні зьнікнуць наогул, бо ў бібліятэцы ідзе масавае сьпісаньне беларускіх кніг.

Супрацоўнікаў аддзелу беларускай літаратуры перавялі на працу ў іншыя аддзелы, і ёсьць небясьпека таго, што за расфармаваным беларускамоўным фондам проста ня будзе каму працаваць — бо папулярызацыя беларускіх кніг стане дадатковым абавязкам для супрацоўнікаў бібліятэкі, частка якіх проста не валодае ў дастатковай ступені роднай мовай.
XS
SM
MD
LG