Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год кнігі бяз кнігі


Як зьмянілася становішча беларускай літаратуры за часы незалежнасьці? У 2011 годзе Саюз беларускіх пісьменьнікаў зьвярнуўся да лябараторыі «Новак» з просьбай правесьці апытаньне.

Сацыёлягі высьвятлялі, колькі чытаюць беларусы, што іх цікавіць у літаратуры, і хто з сучасных беларускіх літаратараў найбольш падабаецца чытачу.

Вынікі апытаньня 30 студзеня апублікаваныя на сайце СБП. Як падкрэсьлівае прэсавая служба Саюзу, вынікі несуцяшальныя:

• Беларусы чытаюць мала. Ніколі не бярэ ў рукі кнігу – траціна насельніцтва (33,7%). Палова беларусаў кніг не купляе, у лепшым выпадку пры патрэбе пазычаюць у знаёмых ці бяруць у бібліятэцы.

• Сучасную замежную літаратуру (у першую чаргу, расейскую) ведаюць лепей за сваю. 62% апытаных наогул не цікавяцца беларускімі кнігамі. Істотная частка (13,3%) зусім ня ўмее чытаць па-беларуску.

• На пытаньне пра тое, якіх сучасных беларускіх пісьменьнікаў вы ведаеце, найчасьцей называюць імёны, якія сталі знакавымі яшчэ за савецкім часам: Васіля Быкава (6,5%), Уладзімера Караткевіча (3,8%), Івана Шамякіна (3,2%). Пераважная ж большасьць ня ведае нікога (74,6%). Для параўнаньня: у сучаснай масавай расейскай літаратуры беларусы абазнаныя значна лепей. 17,8% ведаюць, хто такая Дар’я Данцова.

• Што да густаў, то ў безумоўных лідэрах дэтэктывы — ім аддаюць перавагу 38,3% аматараў чытаньня, 28,1% калі і бяруць у рукі кнігу, то гэта жаночы раман. Кнігу клясыка з паліцы здымаюць 26,5% ад усіх беларусаў, якія чытаюць хаця б раз на год.

• На думку нашых суайчыньнікаў, зрабіць беларускую літаратуру больш папулярнай маглі б цікавыя аўтары і творы (52,4%), іх большая жанравая разнастайнасьць (27,2%), а таксама лепшая рэкляма (22,9%).

• Варта таксама адзначыць, што дзейнасьць найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі — Саюзу беларускіх пісьменьнікаў станоўча ацэньваюць 61,4% апытаных.

Вось як камэнтуе вынікі апытаньня старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч:

Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч
«Вынікі, як і чакалася, — ня самыя прыемныя. Выяўляецца, што літаратурныя імёны-брэнды савецкіх часоў беларусы дагэтуль памятаюць, а вось новых так і не зьявілася. Гэта значыць, што той курс, які ўзяла Беларусь у культурнай сфэры ― малаэфэктыўны.

Год кнігі ― добрая нагода, каб аб’яднаць высілкі дзяржавы і грамадзкіх арганізацый дзеля зьмены сытуацыі. Самы важны клопат дзяржавы ў галіне культуры ― падтрымліваць мову карэннай нацыі краіны. Гэта тычыцца ўдасканаленьня і пашырэньня школьных праграм па мове і літаратуры, павелічэньня колькасьці адукацыйных устаноў зь беларускай мовай навучаньня, стварэньня, нарэшце, цалкам беларускамоўнага Нацыянальнага ўнівэрсытэту.

Абсалютная большасьць беларусаў дагэтуль спажывае інфармацыю праз тэлебачаньне. Але на беларускім ТБ няма беларускай кнігі, няма беларускіх аўтараў, ды і наагул беларускай мовы збольшага няма. Такім чынам інфармацыя пра новыя кнігі і новых аўтараў не даходзіць да чытачоў.

Палітыка беларускай дзяржавы павінна стаць беларусалюбнай. Ну а пісьменьнікам розных саюзаў трэба часьцей і безь перашкод сустракацца з чытачамі, каб папулярызаваць лепшае са створанага».

Астатнія вынікі апытаньня выглядаюць наступным чынам:


Мова літаратуры

97,1% беларусаў не чытаюць замежную літаратуру ў перакладзе на беларускую мову. 68,4% зь іх ні пры якіх умовах не абралі б беларускамоўную вэрсію кнігі. Аднак 20,3% згодныя набыць замежны твор па-беларуску пры ўмове добрай якасьці перакладу.

Шлях кнігі да чытача

Асноўны шлях кнігі да беларускага чытача – ад сяброў і знаёмых. 44% аматараў чытва пазычаюць кнігі, 28,7% – купляюць у кнігарнях, у тым ліку праз інтэрнэт, 26,8% — па-ранейшаму наведваюць бібліятэкі. 12,6 % спампоўваюць кнігі з інтэрнэту. 49,9% беларусаў ніколі не купляюць кнігі.

Айчынныя літаратары

Ніводнай сучаснай беларускай пісьменьніцы не змаглі назваць 84,9 % апытаных. Першая ж шасьцёрка названых выглядае так: Сьвятлана Алексіевіч (2,8%), Цётка (2,5%), Валярына Кустава (2,1%), Раіса Баравікова (1,5%), па 1,1% набралі Натальля Батракова і Яўгенія Янішчыц.

А вось сярод айчынных пісьменьнікаў, якіх беларусы ня проста ведаюць, але і любяць чытаць: Васіль Быкаў (7,4%), Уладзімер Караткевіч (7,4%), Якуб Колас (5,5%), Янка Купала (3,9%) і Іван Мележ (2,9%).

Замежныя аўтары

Сітуацыя з замежнымі аўтарамі ў Беларусі лепшая. Іх не ведаюць і не любяць чытаць “усяго” 48,7% і 39,0% адпаведна. Улюбёныя небеларускія пісьменнікі: Дар’я Данцова (11,3%), Аляксандра Марыніна (5,6%), Таццяна Усцінава (3,4%), Леў Талстой (2,5%) і Юлія Шылава (2,0%).

Пэрыядычныя выданьні

Што тычыцца пэрыядычных выданьняў, 91,9% беларусаў не чытаюць айчынныя літаратурныя часопісы, а 98,9% не чытаюць часопісы замежныя, у тым ліку расейскія.

«Литературную газету» і часопіс «Наш современник» чытаюць 0,3% беларусаў. Крыху больш чытачоў у дзяржаўных айчынных выданьняў, якія цэнтралізавана выпісваюць бібліятэкі: часопіс «Нёман» (2,9%), газэта «Літаратура і мастацтва» (2,6%), часопісы «Полымя» (2,2%), «Маладосць» (2,2%). Зь незалежных літаратурных выданьняў чытаюць часопіс «Дзеяслоў» (0,6%) і дадатак да газэты «Новы Час» «Літаратурная Беларусь» (0,4%).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG