Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя амбасадары ЗША зьвернуцца да беларусаў зь відэазваротамі


31 студзеня амбасада ЗША ў Беларусі абярэ фіналістаў конкурсу на лепшы дызайн лягатыпу, які сымбалізуе 20-гадовую гісторыю дыпляматычных стасункаў паміж ЗША і Беларусьсю.

Як паведамілі ў амбасадзе ЗША, работы, адабраныя ў фінал, будуць апублікаваныя на старонцы Інфармацыйнага цэнтру амбасады ЗША ў сацыяльнай сетцы Facebook. Пераможца, які набярэ найбольшую колькасьць галасоў карыстальнікаў Facebook, атрымае прыз конкурсу — iPad.

Абраны лягатып цягам году будзе выкарыстоўвацца на розных мерапрыемствах, у інтэрнэце, на сувэнірах.

Таксама з нагоды 20-годзьдзя ўсталяваньня дыпстасункаў паміж ЗША і Беларусьсю ўсе былыя амбасадары ЗША ў Беларусі даслалі свае відэазвароты да беларусаў. Гэтыя звароты таксама зьявяцца ў бліжэйшы час на Facebook, Youtube. На іх будуць спасылкі і з афіцыйнага сайту амбасады.

Апроч таго, будзе адчынена невялічкая фотагалерэя, прысьвечаная гадам працы амбасады ЗША ў Беларусі, пэўным цікавым момантам, былым амбасадарам, праграмам, якія ажыцьцяўляе амбасада ў Беларусі.

Злучаныя Штаты прызналі незалежнасьць Беларусі 25 сьнежня 1991 году. Пасьля таго як дзьве краіны ўсталявалі дыпляматычныя стасункі, у Менску 31 студзеня 1992 году была афіцыйна адкрытая амбасада ЗША. Першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў 25 жніўня 1992 году і завяршыў тэрмін сваіх паўнамоцтваў у студзені 1994 году. Наступнымі амбасадарамі ЗША ў Беларусі былі Кенэт Ялавіц, Дэніэл Спэкхард, Майкл Козак і Джордж Крол. 21 ліпеня 2006 году прэзыдэнт Джордж Буш рэкамэндаваў на пасаду амбасадара ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт. Яна прыбыла ў Менск 18 верасьня 2006 году.

Пасьля ўвядзеньня ў 2008 годзе беларускім урадам у аднабаковым парадку абмежаваньняў на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў, якім дазволена працаваць у Беларусі, амбасада ЗША была вымушана скараціць свой штат з 35 да 5 дыпляматаў і адклікаць зь Беларусі амбасадара. «Вымушанае скарачэньне штату істотна абмежавала магчымасьці амбасады па ажыцьцяўленьні ўзаемавыгадных дыпляматычных праграм і стасункаў, уключаючы культурныя і адукацыйныя абмены, праграмы дапамогі і візавыя паслугі», — адзначаецца на сайце амбасады ЗША.

ЗША і Беларусь абмяняліся афіцыйнымі візытамі на вышэйшым узроўні: старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч сустрэўся ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам у ліпені 1993 году, а прэзыдэнт ЗША наведаў Беларусь 15 студзеня 1994 году.

Урад ЗША праводзіць адносна афіцыйнага Менску палітыку выбарачных кантактаў. Яна была распачатая ў 1997 годзе з прычыны праведзенага беларускім урадам неканстытуцыйнага рэфэрэндуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG