Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прадмесьцях Дамаску трэці дзень працягваюцца баі з ўжываньнем танкаў паміж ўрадавымі войскамі і паўстанцамі – так званай Свабоднай арміяй Сырыі.

Баі пачаліся 29 студзеня, адразу пасьля таго, як Ліга арабскіх дзяржаў абвясьціла аб прыпыненьні місіі сваіх назіральнікаў у Сырыі. На наступны дзень ахвярамі рэпрэсій супраць удзельнікаў пратэстаў, паводле зьвестак сырыйскай апазыцыі, сталі па ўсёй краіне каля 60 чалавек. У нядзелю былі таксама пахаваныя 50 байцоў сырыйскіх спэцпадразьдзяленьняў, забітых у сутыкненьнях. Усяго з пачатку супрацьстаяньня ў Сырыі, паводле зьвестак ААН, загінулі больш за 5 з паловай тысяч чалавек.

Са словаў сырыйскіх афіцыйных асобаў, урадавае войска змагаецца з «бандамі тэрарыстаў», і падчас гэтых баёў былі забітыя каля 2000 супрацоўнікаў сілаў бясьпекі.

Кіраўнікі сырыйскіх апазыцыйных аб'яднаньняў паведамляюць, што цяперашнія баі ў прадмесьцях Дамаску сталі самымі жорсткімі за ўвесь час пратэстаў і выступаў супраць кіраўнічага рэжыму. Напрыклад, толькі на аблогу і штурм аднаго раёну, Гуты, на працягу двух апошніх дзён урадавае войска кінула 50 танкаў.

Сёньня раніцай улады заявілі, што ўсталявалі кантроль над усходнімі прадмесьцямі Дамаску – Гутай і Эйн-Тармо. Аднак Свабодная армія Сырыі сьцьвярджае, што ўсё яшчэ ўтрымлівае шэраг аб'ектаў паблізу сталіцы, і што яе адступленьне было тактычным манэўрам. Паводле відавочцаў страляніна працягваецца у 4 кілямэтрах ад урадавага кварталу Дамаску, дзе знаходзіцца рэзыдэнцыя прэзыдэнта Башара Асада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG