Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Twitter уводзіць у сябе цэнзуру?


Графіці на плошчы Тахрыр у Эгіпце, люты 2011 году.
Графіці на плошчы Тахрыр у Эгіпце, люты 2011 году.

Кампанія мікраблогаў Twitter абвясьціла, што будзе блякаваць пэўныя паведамленьні ў краінах, дзе яны прызнаюцца незаконнымі. Гэта выклікала абурэньне ў сусьветнай інтэрнэт-супольнасьці, ажно да заклікаў да байкоту Twitter.

Пра гэта піша ў сваёй калёнцы ў New York Times Саміні Сэнгупта.

Кампанія Twitter тлумачыць, што гэтае рашэньне — найлепшы спосаб выконваць законы розных краін. Гэтая сытуацыя — яскравая дэманстрацыя таго, што адбываецца, калі рэгіянальная інтэрнэт-кампанія спрабуе стаць міжнацыянальнай.

«Дзякуй за цэнзуру, Twitter! Зь любоўю, урады Сірыі, Бахрэйну, Ірану, Турцыі, Кітаю, Савудаўскай Арабіі і іншых,» — зь іроніяй камэнтуе рашэньне кампаніі карыстальнік са Швэцыі. Іншая карыстальніца ставіць пытаньне рубам: «Як мы зьбіраемся байкатаваць Twitter?»

Twitter, як і любая інтэрнэт-кампанія, заўсёды блякавала кантэнт, які зьяўляецца незаконным у любой краіне, напрыклад, дзіцячую парнаграфію ці парушэньне аўтарскіх правоў. Навацыяй зьяўляецца тое, што цяпер кампанія выказала гатоўнасьць блякаваць паведамленьні, якія разглядаюцца незаконнымі толькі ў пэўных краінах, і калі ўлады гэтай краіны правільна аформяць адпаведнае патрабаваньне.

Скажам, у Тайляндзе абраза манархіі караецца турэмным зьняволеньнем. Паведамленьне з такой абразай будзе заблякаванае ў Тайляндзе, але бачнае ў іншых краінах. Пры гэтым карыстальнікі Twitter у Тайляндзе будуць пастаўленыя ў вядомасьць, што нейкае паведамленьне было заблякаванае. Сытуацыя нагадвае цэнзурныя «белыя плямы» ў традыцыйных папяровых выданьнях, піша Сэнгупта.

Twitter мае каля 100 мільёнаў карыстальнікаў ва ўсім сьвеце і працягвае пашырацца. Прэзыдэнт кампаніі Джэк Дарсэй паведаміў, што Twitter адчыняе офіс у Нямеччыне, дзе забаронены публічны распаўсюд матэрыялаў нацысцкага зьместу.

Інструмэнт свабоды слова альбо камэрцыйнае прадпрыемства?

Рашэньне кампаніі Twitter актуалізуе пытаньне, чым яна зьяўляецца: інструмэнтам свабоды слова, які можа быць выкарыстаны і насуперак волі ўрадаў, як тое было летась падчас арабскіх рэвалюцый, ці камэрцыйным прадпрыемствам, якое павінна падпарадкоўвацца законам краін, дзе яно імкнецца прыцягнуць кліентаў і ўрэшце рэшт зарабіць грошы.

Дазвол карыстацца ў Twitter псэўданімамі быў асабліва карысным для ўдзельнікаў і арганізатараў пратэстаў у арабскім сьвеце. Прафэсар Цім Ву, экспэрт у пытаньнях мэдыяў, задаецца пытаньнем, ці маглі б эгіпцяне летась скарыстацца Twitter для арганізацыі пратэстаў, калі б кампанія тады прыняла рашэньне аб фільтрацыі кантэнту?

Twitter заяўляе, што новая сыстэма зьяўляецца сродкам забесьпячэньня большай празрыстасьці. Кампанія падкрэсьлівае, што ня будзе фільтраваць зьмест паведамленьняў да іх разьмяшчэньня, а таксама што выдаленьню будуць падлягаць не абразьлівыя тэксты, а такія, якія наўпрост супярэчаць закону. Аўтары заблякаваных паведамленьняў будуць атрымліваць ад кампаніі тлумачэньні аб прычынах забароны.

Паводле Сэнгупты, абмежаваньні, якія плянуе увесьці Twitter, можна будзе даволі лёгка абыходзіць, дастаткова будзе зьмяніць уласныя ўстаноўкі з краіны месцазнаходжаньня на опцыю «па ўсім сьвеце».

Крытыкі рашэньня кампаніі выказваюць меркаваньне, што Twitter пайшоў на зьмену палітыкі, атрымаўшы вялікія інвэстыцыі ад нейкага савудаўскага прынца.
Twitter пайшоў па шляху Google, які яшчэ раней пачаў фільтраваць кантэнт у пэўных краінах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG