Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапсаваны адпачынак заможных беларусаў


28 cтудзеня буйны расейскі турапэратар «Ланта-тур Ваяж» афіцыйна абвясьціў пра сваё банкруцтва.

Сярод пацярпелых — блізу 8 тысяч грамадзянаў Расеі, а таксама дзясяткі беларускіх турыстаў, якія карыстаюцца паслугамі маскоўскіх кампаній, бо пуцёўкі там таньнейшыя. Замест адпачынку людзі сталі закладнікамі неардынарнай сытуацыі: яны вымушаныя самі плаціць за пражываньне ў гатэлях і дарогу дадому, але ў многіх такіх грошай папросту няма.

Навіна пра неплатаздольнасьць кампаніі «Ланта-тур» засьпела тысячы турыстаў у разгар сэзону экзатычных адпачынкаў. Старэйшы расейскі турапэратар спэцыялізаваўся на такіх кірунках, як Тайлянд, Віетнам, Кітай, індыйскі штат Гоа і г.д.

У Міністэрстве спорту і турызму Беларусі ня маюць дакладных зьвестак, колькі беларусаў пацярпелі ад банкруцтва расейскай фірмы, але спадзяюцца, што ня вельмі шмат — туры на згаданыя курорты досыць дарагія, а крызіс для беларусаў яшчэ ня скончыўся. Тым ня меней дырэктар Дэпартамэнту турызму галіновага ведамства Вадзім Кармазін сёньня адляцеў у Маскву, каб высьветліць рэальную сытуацыю зь беларускімі турыстамі, якія трапілі ў складанае становішча ў Тайляндзе. Паколькі беларускай амбасады ў гэтай краіне няма, ратаваць беларусаў у выпадку неабходнасьці будзе расейскае дыппрадстаўніцтва. Супрацоўнік амбасады Расеі ў Бангкоку Віталь Акопаў кажа, што пакуль такіх зваротаў не было, але адпаведныя перамовы з зацікаўленымі бакамі актыўна вядуцца:

«У шэрагу выпадкаў нам ужо ўдалося аказаць неабходную дапамогу і забясьпечыць выезд турыстаў з гатэляў у аэрапорты, а таксама пераканаць уладальнікаў гатэляў адтэрмінаваць высяленьне кліентаў кампаніі „Ланта-тур“. Намаганьнямі супрацоўніка ганаровага консульства Расеі ў Патаі, які прыбыў непасрэдна на месца, удалося дамовіцца адносна таго, што людзі аплацяць сваё пражываньне па ільготным тарыфе з наступным прад’яўленьнем прэтэнзіяў турапэратару ўжо ў Расеі».

Праблемы ў беларускіх турыстаў тыя ж, што і ў расейцаў. Кампанія «Ланта-тур» кліентаў на адпачынак выправіла, аднак за пражываньне і трансфэр грошы не перавяла, таму гатэлі патрабуюць аплаты ад саміх турыстаў. Сваімі грашыма людзі мусяць аплаціць і вяртаньне дадому. Ці рэальна потым спагнаць гэтыя грошы? Меркаваньне экспэрта рынку турыстычных паслугаў, рэдактара газэты «Туризм и отдых» Ліліі Кобзік:

«Сытуацыя даволі складаная, і яна, канечне, зьвязаная з узаемаадносінамі, у першую чаргу, нашых фірмаў як агентаў з расейскімі кампаніямі. І ў залежнасьці
Але ў мяне ўсё ж такое адчуваньне, што беларускія турысты пойдуць па нейкім астаткавым прынцыпе ...

ад таго, якія ў іх існуюць дамоўленасьці, будуць выплачвацца нейкія кампэнсацыі фірмам. Але ў мяне ўсё ж такое адчуваньне, што беларускія турысты пойдуць па нейкім астаткавым прынцыпе, бо вельмі шмат пазоваў і ўсе страхавыя гарантыі — дзесьці 100 мільёнаў расейскіх рублёў — яны, канечне не пакрыюць. Сёньня шэраг нашых фірмаў паехалі ў Маскву, каб, умоўна кажучы, стаць у чаргу са сваімі чэкамі ў „Ингосстрах“. Гэта якраз страхавая кампанія фірмы, якая збанкрутавала. На сёньня сытуацыя такая: грошай няма, іх увогуле не існуе. То бок іх трэба аднекуль дастаць. І ў той жа час існуюць абсалютна рэальныя людзі, якія захрасьлі на курортах. Альбо, напрыклад, якія ўжо былі на чамаданах і павінны былі заўтра адлятаць зь Менску — яны заплацілі грошы, і гэтыя грошы ўжо пайшлі ў Маскву».

Тым ня меней Лілія Кобзік лічыць, што шанцы атрымаць кампэнсацыю ў беларускіх турыстаў досыць высокія. Па яе словах, людзі, якія могуць дазволіць сабе падобнага кшталту туры, на дарозе не валяюцца, а значыць, бізнэсоўцы зробяць усё, каб захаваць імідж прыстойнай фірмы, зь якой VIP-кліентам можна мець справу і надалей:

«Рэальнасьць атрымаць кампэнсацыю для турыстаў, для беларусаў, вельмі высокая, практычна 100%. З той простай прычыны, што гэтыя кампэнсацыі будуць выплачваць нашы фірмы, менавіта нашы. Беларускія фірмы выступаюць нават ня тое што як апэратары, хоць яны ўсяго толькі агенты, а як гаранты таго, што гэты кліент — ня танны кліент, бо гэта ўсе людзі, якія выбралі экзотыку. Паглядзіце, якія там кірункі: Дамінікана, Віетнам, той жа Тайлянд. Гэта досыць вялікія, прынамсі немалыя, сумы, і такія кліенты каштоўныя нашым фірмам. Таму я, трымаючы руку на пульсе і бачачы, што адбываецца, магу спрагназаваць, што здарыцца менавіта так. А як гэта будзе на практыцы — думаю, што словы таксама ня будуць разыходзіцца са справай. То бок пакуль усе выдаткі нашы фірмы гатовыя ўзяць на сябе. Канечне, турыст, які захрас у Тайляндзе і зь яго патрабуюць плату за трансфэр да самалёта, ён выкладзе гэтыя грошы з уласнай кішэні. Але фірмы абяцаюць і клянуцца, што турыстам гэтыя грошы вернуць».

На думку спадарыні Кобзік, на фірме «Ланта-тур Ваяж» у Беларусі магло «пагарэць» ня болей за 100 чалавек. І на тле прыблізна 8 тысяч расейцаў, якія трапілі ў незайздроснае становішча ў самых аддаленых кутках сьвету, сытуацыя ня з шэрагу невырашальных. Дарэчы, кіраўніца збанкрутавалай кампаніі Людміла Пучкова — родам з Барысава. Ад канца мінулага тыдня ніякай сувязі зь ёй няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG