Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыхарам перашкаджае мат з аддзяленьня міліцыі


Магілёўская праваабаронца з грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Крысьціна Шацікава патрабуе прыбраць з дома, у якім жыве, апорны пункт міліцыі.

Актывістка настойвае на тым, што ён стварае жыхарам перашкоды для камфортнага жыцьця. Міліцыянты тым самым, цьвердзіць Шацікава, парушаюць правы людзей:

«Фактычна штодня мы сутыкаемся з тым, што ў апорны пункт міліцыянты дастаўляюць затрыманых грамадзян, у тым ліку нецьвярозых — яны крычаць, мацюкаюцца, грукаюць у краты, за якімі гэтых людзей утрымліваюць. Гэтак жа зь імі паводзяцца й міліцыянты. Мы чуем ад іх тыя ж мацюкі, пагрозы. Гэта чуюць і нашы дзеці. У доме ўсё чуваць, нібы ў кардоннай скрынцы. Немагчыма нармальна жыць і адпачыць пасьля працы. Я ўжо не кажу, які прыклад падаюць міліцыянты тым, хто жыве вышэй за іх паверхамі. Вусныя скаргі людзей на міліцыянтаў не даюць плёну. Іх начальства толькі абяцае разабрацца», — абгрунтоўвае сваё патрабаваньне Крысьціна Шацікава.

Скаргу актывістка накіравала ў дзяржкантроль, упраўленьне ўнутраных спраў і ў магілёўскі гарвыканкам.

Акрамя патрабаваньня прыбраць пастарунак, Крысьціна Шацікава просіць навучыць супрацоўнікаў Кастрычніцкага аддзелу міліцыі адэкватнаму рэагаваньню на звароты грамадзян.

Насупраць дома, у якім жыве Крысьціна Шацікава, маці двух непаўналетніх дзяцей, знаходзіцца спэцкамэндатура з «хімікамі».
XS
SM
MD
LG