Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здараецца, у Беларусі палітыкі кажуць мэдыям не рэальныя прычыны сваіх паводзінаў, аднак нейкую маскіруючую інфу, якая павінна зьбіць з панталыку ды заблытаць тых, хто можа перашкодзіць зьдзяйсьненьню нейкага мудрагелістага пляну. Калі менавіта так справа абстаіць з байкотам, калі насамрэч ёсьць нешта, пра што ня варта казаць (напрыклад, што рэальная прычына — у недахопе актывістаў ды рэсурсаў, каб арганізаваць паўнавартасны ўдзел) — няма пытаньняў: маскіруйцеся!

Аднак, калі тыя матывы, што называюцца зараз у якасьці чыньнікаў байкоту — гэта сур’ёзна ды насамрэч, дык цяжка ўстрымацца, каб гучна не выявіць іх спрэчнасьць ды хісткасьць. Пра агульнапалітычныя слабасьці байкоту шмат ужо сказана палітычнымі актарамі: пра тое, што няможна вылучаць патрабаваньне вызваленьня палітвязьняў ды прапаноўваць у выпадку невызваленьня сцэнар, які найбольш спрыяльны для ўладаў (улады зацікаўлены ў байкатаваньні апазыцыяй гэтай кампаніі, бо тады не патрэбны будуць парушэньні). Усе магчымыя паралелі з Расіяй, у якой удзел у парлямэнцкіх выбарах дэмакратычных партыяў прывёў да Балотнай плошчы ды палітычнай рэформы, ужо таксама выказаныя. Тут мы сканцэнтруемся на мэдыйных прычынах, па якіх байкот ня толькі ня варты, аднак і немагчымы ў Беларусі.

1. Байкот — не нагода

Шмат кажуць пра тое, што байкот павінны стаць нагодай для папулярызацыі поглядаў дэмакратычных сілаў і, у прыватнасьці, узмацненьня гучаньня мэсыджу аб неадкладным вызваленьні палітычных зьняволеных. Аднак як мэдыйная нагода байкот значна меней прывабны, чым удзел. Бо байкот — гэта ўстрыманьне. Не вылучэньне. Не агітацыя ці агітацыя з адмоўным мэсыджам. Пісаць жа заўсёды цікавей пра посьпех, удзел, агітацыю. Усіх вабяць сытуацыі, калі нешта адбываецца. Байкот — гэта падзея з нулявым узроўнем актыўнасьці. Таму яна будзе трапляць у мэдыі радзей, чым удзел.

2. Медыі ня любяць паўтораў

Некалі кампанія «Гавары праўду» трапіла ў фокус мэдыйнай увагі з-за таго, што яе тэхнолягі пачалі прапаноўваць прынцыпова новыя інфармацыйныя нагоды, якія Беларусь дагэтуль ня ведала. «Паштоўка прэзыдэнту», «вуліца Быкава» — ідэі былі на паверхні, аднак ніхто да таго іх не агучваў. Байкот — гэта вельмі старая ідэя. Байкот існуе ад 2000 году. Горш за старую ідэю — толькі тая старая ідэя, якая спараджала бясспрэчныя доказы ўласнай памылковасьці. За 11 гадоў у Беларусі не было ніводнага пасьпяховага байкоту. Заўсёды выбары адбываліся, улада перамагала. Калі жадаеце зрабіць байкот, рабіце гэта так, каб слова «байкот», ад якога ванітуе ўсіх, хто назірае за палітыкай ад 1994 г., не фігуравала наогул.

3. Прывабнасьць кандыдацкага статусу

Асьвятляць байкот, гэта значыць ускосна прызнаваць тое, што выбары — фальсыфікаваныя. Статус жа кандыдата ў дэпутаты для палітыкаў — як дыпляматычная недатыкальнасьць. Гэта такі просты шлях для «нябачных» зрабіцца «бачнымі». Адна справа, калі «апазыцыйны» палітык кажа пра ахвяраў рэжыму. Зусім іншая — калі амаль афіцыйная асоба, кандыдат з пасьведчаньнем, запрашае на сустрэчу з выбарцамі. Гарантавана, што другая нагода выкліча больш увагі, чым першая. Кандыдацкі статус — магчымасьць на кароткі тэрмін выйсьці за межы гета. Магчымасьць паспрабаваць знайсьці адну мову з тымі, хто не чытае «палітызаваныя» сайты. Магчымасьць распавесьці беларусам пра іх праблемы ды шляхі іх вырашэньня. Кандыдат — гэта інсайдэр. Яму нешта вядома, ён бывае ў кабінэтах, ён размаўляе з уладамі. Мэдыі любяць інсайдэраў. І ня любяць лузэраў.

4. Легальнасьць агітацыі

Кандыдат у дэпутаты можа легальна папулярызаваць уласную праграму ў мэдыях. Хіба ж аднаго гэтага недастаткова, каб ісьці на выбары?

5. Яўка будзе

Агульны наклад усіх незалежных грамадзка-палітычных мэдыяў, уключна з колькасьцю клікаў на сайтах кшталту «Беларускага партызана», «Хартыі» ды «Нашай нівы» — меней за наклад аднаго нумару галоўнай беларускай газэты. У якой, як вы разумееце, ідэя байкоту ня знойдзе вялікай падтрымкі. Дадайце да таго рэспубліканскія каналы, якія будуць запрашаць на ўчасткі; дадайце абавязковае датэрміновае галасаваньне, дадайце студэнтаў ды вайскоўцаў, дадайце працоўных, якія пойдуць у школы за таннай кілбасой, у наяўнасьць якой падчас выбараў наш чалавек невыкараняльна верыць, ды прыйдзіце да высновы: выбары адбудуцца!

Спрэчка аб мэтазгоднасьці байкоту — гэта ня спрэчка аб ягонай татальнасьці ды гамагеннасьці. Бо калі ўсе суб’екты возьмуць удзел у выбарах, а толькі адна партыя устрымаецца ды здолее правесьці байкот так, што выбары праваляцца з-за адсутнасьці яўкі — дык сьцяг ёй у рукі! Усім астатнім будзе сорамна! Падкрэсьлім: прынцыповы момант — ня колькасьць партыяў, якія ўдзельнічаюць у байкоце, а колькасьць людзей, якія, згодна з афіцыйнымі дадзенымі (пра іншыя ніхто не даведаецца), прыйшлі галасаваць. І сытуацыя мэдыйнага дамінаваньня, якая ёсьць з боку ўлады, гарантуе, што байкот тэхнічна немагчыма ажыцьцявіць.
Пры гэтым відавочна: няўдзел не дэлегітымізуе выбары. Адзінае, што можа даць падставу аспрэчваць вынікі выбараў — зафіксаваныя парушэньні. Каб былі парушэньні, патрэбна палітычная альтэрнатыва ў бюлетэнях: інакш няма сэнсу фальсыфікаваць.

6. Яўка будзе, нават калі яе не будзе

Уявім, што выбары не адбыліся. Уявім, што ў некага ёсьць доказы гэтага. Як зрабіць, каб насельніцтва ўсьвядоміла, што дэпутаты не абраныя? Адзіны шлях — папулярызаваць гэтую інфу праз мэдыі. Таму, што кампанія «ад дзьвярэй да дзьвярэй» — пазамінулы век: гэта павольна, неэфэктыўна ды патрабуе цэлай арміі абходчыкаў, якой у дэмакратычных сілаў зараз няма. У мэдыях дамінуе дзяржава (глядзі пункт 5). Якая па ўласных каналах растлумачыць, што выбары прайшлі пасьпяхова, апазыцыя набрала палову адсотка, бо палітычныя партыі не карыстаюцца даверам у насельніцтва. Кандыдацкі статус — магчымасьць, хай сабе на кароткі час, хай з абмежаваньнямі, датыкнуцца да communicative channels дзяржавы.

7. Чаканьне герояў

Як ужо падкрэсьліў блогер Будзімір: краіна чакае герояў. За апошні год палітычная апазыцыя проста зьнікла з мэдыяў. Часткова з-за таго, што самыя актыўныя сядзяць. Часткова — з-за таго, што тыя, хто не сядзяць — баяцца. Часткова з-за таго, што баяцца мэдыі. Аднак у чытача гэта выклікае адчуваньне, нібыта палітыкаў у Беларусі не засталося. У XXI ст. калі нечага няма ў мэдыях, гэтага няма ў рэале. Удзел у парлямэнцкіх выбарах актуалізуе новую генэрацыю палітычных актараў. Нават калі там будуць старыя прозьвішчы, гэта будуць людзі «Беларусі пасьля 19-га сьнежня». І — хто б ні быў тымі героямі — іх зьяўленьне спародзіць надзею. Бо без надзеі жыць немагчыма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG