Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ермакова: Беларусь спадзяецца на 3,6 млрд даляраў ад МВФ


Надзея Ермакова

Надзея Ермакова

Старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова паведаміла, што афіцыйны Менск па-ранейшаму спадзяецца на 3,6 млрд даляраў крэдыту ад МВФ, што хутка зьявіцца купюра ў 200 тысяч рублёў, што дэнамінацыі ў 2012-м ня будзе, што Беларусь пакуль не гатовая перайсьці на адзіную з Расеяй валюту.

У Менску прайшла прэсавая канфэрэнцыя старшыні Нацыянальнага банку Надзеі Ермаковай.
МВФ

«Прапанова беларускага боку — рэфінансаваць запазычанасьць, якая сёньня ёсьць перад МВФ», — паведаміла Ермакова.

«У лютым мы будзем весьці перамовы на гэтую тэму», — дадала кіраўніца НБ, падкрэсьліўшы, што Беларусь не адмаўлялася ад сваёй заяўкі на крэдыт МВФ.

Ермакова ўдакладніла, што цяпер запазычанасьць перад МВФ складае $3,8 млрд, у 2012 годзе пачынаецца пагашэньне гэтага крэдыту.


Яна таксама адзначыла, што Беларусь пакуль не гатовая ўвесьці расейскі рубель.

«Сёньня няма ўмоў у Беларусі, каб выйсьці на адзіную валюту або перайсьці на расійскі рубель», — заявіла кіраўніца НБ.

Нацыянальны банк Беларусі ў лютым зьнізіць стаўку рэфінансаваньня

«Зыходзячы з інфляцыі за студзень, стаўка рэфінансаваньня будзе зьніжана. Пакуль цяжка сказаць, у якой ступені», — заявіла Ермакова.

«Але інфляцыя запавольваецца, стаўку будзем прывязваць да яе», — дадала яна.

Дэнамінацыя і грошы на заробкі

Старшыня НБ заявіла, што ў 2012 дэнамінацыі ня будзе: «Трэба супакоіцца, а пасьля ўжо думаць пра дэнамінацыю».

«Эмісійныя грошы ў выглядзе крэдытаў на заробкі больш выдавацца ня будуць», — заявіла Ермакова, адказваючы на пытаньне пра магчымасьць падвысіць заробак да 500 даляраў да канца году.

Кіраўніца НБ паведаміла, што вясной у Беларусі зьявіцца купюра на 200 тысяч рублёў.

«Паводле таго, як ідзе зараз праца з расейскім Дзяржзнакам, то зразумела, што вясной мы будзем мець такую купюру», — паведаміла яна.

«Што тычыцца вываду з абарачэньня купюраў у 10 і 20 рублёў, то сытуацыя такая: гэтыя купюры больш друкавацца ня будуць. А мы будзем забіраць з абароту старыя купюры, і такім чынам атрымаецца, што гэтыя купюры выйдуць з абароту. Магчыма, для гэта спатрэбіцца год ці два», — паведаміла Ермакова.

Яна таксама заявіла, што цэны будуць акругляцца, а купюры ў 50 рублёў і вышэй з абароту ня зьнікнуць.



У беларускіх рэаліях не ад старшыні Нацбанку залежыць прытрымаць «пустыя» грошы ці пусьціць іх у ход, лічыць дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Канечне, вялікае пытаньне, ці зможа Нацбанк утрымліваць гэтую пазыцыю. Наколькі я ведаю, на першую дэкаду лютага прызначаецца важнае паседжаньне, дзе і будзе вызначана генэральная лінія — ці будуць гнацца за ВУПам? Ці будуць крэдытаваць інфляцыю? Калі так, то эмісійнае крэдытаваньне будзе, і будзе павялічвацца.

Пакуль можна казаць, што ідзе нейкае ідэйнае спаборніцтва там, „наверсе“. Бо там ёсьць прыхільнікі таго, каб гнацца за ВУПам, за плянавымі паказьнікамі. Але пакуль вельмі добра і тое, што спадарыня Ермакова разумее неабходнасьць барацьбы з інфляцыяй».

Спадар Прэйгерман працягвае:

«І калі так станецца, то, канечне, сярэдняга заробку ў 500 даляраў ня будзе. Калі зыходзіць з таго, што сёньня, можа нават, і ёсьць 350 даляраў, то, я думаю, болей за 400 ня будзе. І то гэта — максымум. А хутчэй за ўсё, будзе дзесьці 370-380».

Зрабіць сярэдні заробак у 500 даляраў беларусам можа толькі адзін чалавек у сьвеце — прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Барак Абама, упэўнены кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Абама пачынае вайну ў Армускім праліве. Цана нафты рэзка ўскоквае, працэнтаў на 40–50. Беларусь купаецца ў нафтадалярах, прадаючы за мяжу нафтапрадукты. І тады можна выдаваць па 500 даляраў.

Але для гэтага трэба зьвязвацца з Абамам. А беларускі ўрад — ён жа кажа, што вайны ня трэба...»


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG