Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воўчака арыштавалі на чацьвёра сутак


Алег Воўчак

Алег Воўчак

У Цэнтральным судзе Менску асудзілі на 4 сутак арышту праваабаронцу Алега Волчака, які нібыта нецэнзурна аблаяў міліцыянтаў.

Воўчак заяўляе пра помсту за праваабарончую дзейнасьць.

Алега Воўчака прывезьлі ў суд толькі ў другой палове дня, зьмерзлага і няголенага. Воўчак паведаміў журналістам, што адбыў тры дні на Акрэсьціна ў вельмі халоднай камэры і турэмшчыкі не зьвярталі ўвагі на тое, што ён вэтэран вайны ў Аўганістане і мае шэраг хранічных захворваньняў. Вось што Алег Воўчак пасьпеў распавесьці журналістам да пачатку суду:

«Прабыў у холадзе 14 гадзін, ледзьве ногі не адкінуў, хоць папярэдзіў іх, што аўганец і маю 7 захворваньняў. Закінулі да бамжоў, і толькі пасьля да нармальных людзей. Такога жахлівага абыходжаньня з „аўганцамі“ я даўно ня бачыў. Гэта сыгнал усім нам, што мы — ворагі. Гэтак і сказалі».

Алега Воўчака абвінавацілі ў дробным хуліганстве, нібыта ён аблаяў матам намесьніка начальніка Цэнтральнага РАУС Артура Шахлая і ўчастковага міліцыянта Андрэя Лявошку. Тыя затрымалі праваабаронцу на бульвары Шаўчэнкі сярод дня з падазронай, як яны палічылі, торбай і спыталі дакумэнты.

Алег Воўчак, як засьведчылі міліцыянты ў судзе, нібыта пачаў нецэнзурна лаяцца на іх асабіста і на ўсю міліцыю цалкам. Пра гэта сьведкі паведамілі судзьдзі Аляксандру Якунчыхіну, які вёў працэс. Судзьдзя забараніў журналістам і праваабаронцам весьці аўдыёзапіс, таму галасоў удзельнікаў працэсу запісаць не ўдалося. Сьведкі-міліцыянты давалі супярэчлівыя паказаньні. Артур Шахлай паведаміў, што Воўчак пачаў лаяцца, і тады яны назваліся. А Андрэй Лявошка сьцьвярджаў, што яны спачатку паказалі дакумэнты Воўчаку і пасьля гэтага пачулі ад яго лаянку. Пры гэтым абодва сьведкі прызналі, што да таго, як яны спынілі Воўчака, той ня лаяўся і мінакі на вуліцы не выказвалі да яго прэтэнзіяў.


Алег Воўчак у судзе заявіў, што насамрэч ня лаяўся, бо ніколі гэтак сябе не паводзіць, тым больш зь міліцыяй, і нагадаў, што сам юрыст і былы сьледчы пракуратуры. Паводле праваабаронцы, ён заўважыў аўтамабіль з гэтымі міліцыянтамі раней:

«Яны яўна сачылі за мной і прычапіліся, выконваючы загад на затрыманьне», — сказаў Алег Воўчак. Таксама ён зьвярнуў увагу суду на тое, што сьведка міліцыянт Лявошка быў і панятым пры працэдурных дзеяньнях пасьля затрыманьня, што ў пэўных выпадках супярэчыць закону.

Алег Волчак

Алег Волчак



Судзьдзя Аляксандар Якунчыхін, аднак, ня стаў шмат думаць над справай і адразу пасьля апошняга слова Воўчака абвясьціў сваё рашэньне — 4 дні арышту. Улічваючы, што праваабаронца ўжо адбыў у ізалятары на Акрэсьціна 3 дні, яму давядзецца мерзнуць у камэры яшчэ дзень.

Калега Воўчака па праваабарончай дзейнасьці Людміла Гразнова гэтак пракамэнтавала прысуд:

«Тры дні ўжо Алег Воўчак у халоднай камэры, і мяне мучыць сумленьне, што нічым яму ня можам дапамагчы. Але ня гэта галоўнае. Галоўнае, што ідзе разлажэньне дзяржавы, калі парушаюцца законы і службовыя асобы хлусяць у судзе».

Калі Алега Воўчака выводзілі з суду ў міліцэйскі варанок, прысутныя журналісты, праваабаронцы і сябры праводзілі яго аплядысмэнтамі. З ізалятара Алег Воўчак мае выйсьці 31 студзеня а 15:30.



Онлайн-рэпартаж


15.40 Воўчака арыштавалі на чацьвёра сутак. Ён павінен адбыць за кратамі яшчэ адны суткі.

15.18 Кароткі перапынак.

14.56 Сьведка Артур Шахлай, намесьнік начальніка міліцыі Цэнтральнага раёну, кажа, што Воўчак мацюкаўся на вуліцы.

Шахлай кажа, што міліцыянты спачатку спынілі Воўчака, ён пачаў лаяцца, і толькі пасьля яны прадставіліся.

Лявошка кажа, што Воўчак пачаў лаяцца да таго, як міліцыянты прадставіліся.

Супрацоўнікі МУС кажуць, што зьвярнулі ўвагу на Воўчака, бо ён ішоў па вуліцы зь вялікай торбай і яны западозрылі, што гэты чалавек займаецца незаконным гандлем.

Воўчак кажа, што міліцыянты сачылі за ім пэўны час да затрыманьня.

На судовым паседжаньні забаронены аўдыёзапіс.

14.40 Суд адхіліў хадайніцтвы. Воўчак не прызнае, што мацюкаўся на вуліцы.

14.32 Суд пачаўся.Судзьдзя — Аляксандар Якунчыхін. Воўчак просіць азнаёміць яго з пратаколамі.

13.45 Воўчака прывезьлі ў суд.



13.20 Воўчака ў судзе дагэтуль няма. Аднак прывезьлі дакумэнты на яго. Гэта значыць, што справу будуць разглядаць у Цэнтральным судзе пасьля абеду.

2 бамжы, якіх затрымалі, які і Воўчака, 27-га студзеня, паведамілі, што яны ўтрох усе гэтыя дні сядзелі ў вельмі халоднай камэры і іх дрэнна кармілі.

Бамжы таксама сказалі, што пасьля таго як Воўчака затрымалі, ягонай справай пачаў займацца не шараговы супрацоўнік МУС, а кіраўнік міліцыі Цэнтральнага раёну.

11.40 Воўчака ў судзе Цэнтральнага раёну няма. Міліцыянт, які развозіць падсудных, заявіў: "Вашага павезьлі ў іншы суд". Міліцыянт адмовіўся паведаміць, у які менавіта. Адвакатка Дар’я Ліпкіна спрабуе высьветліць, дзе знаходзіцца Воўчак. У канцылярыі суду ёй таксама нічога ня кажуць.

Воўчака затрымалі 27 студзеня вуліцы і адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну. Там склалі пратакол аб дробным хуліганстве.

Ад 27-га Воўчак знаходзіўся ў турме на Акрэсьціна.

Да інцыдэнту праваабаронца быў на пошце, адпраўляў адтуль газэту «Народная воля» для праваабаронцы Івана Крука з Астраўца.

Алег Воўчак — пасьля вяртаньня з Аўганістану працаваў у органах пракуратуры, сьледчы ў асабліва важных справах. У канцы 1990 гадоў кіраваў Цэнтрам прававой дапамогі насельніцтву, які страціў рэгістрацыю пасьля актыўнай абароны ахвяраў трагедыі на Нямізе ў 1999 годзе.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году Алег Воўчак быў даверанай асобаю кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, асуджанага на 5 з паловаю гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля актыўна дапамагаў асуджанаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу. Актыўны ўдзельнік шматлікіх кампаніяў за вызваленьне палітвязьняў, у тым ліку вязьняў Плошчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG