Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Залатая дзясятка кніг 2011 году. Адам Бабарэка. Збор твораў у 2 тамах


Мы працягваем распавядаць пра кнігі, якія паводле меркаваньня дваццаці двух экспэртаў нашага радыё склалі Залатую дзясятку-2011. Ужо былі прадстаўленыя зборнік казак Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь», энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч», том выбраных твораў Эдгара По «Маска чырвонае сьмерці», пераствораных па-беларуску, раман Уладзіслава Ахроменкі «Тэорыя змовы», том выбранага Вінцука Адважнага, дакумэнтальная кніга Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька. Освальд у Менску» і чатырохтомнік Чэслава Мілаша ў беларускім перакладзе. На чарзе двухтомнік Адама Бабарэкі, які займае трэці радок Залатой дзясяткі.

Адам Бабарэка — беларускі крытык, якога сёньняшнія літаратуразнаўцы называюць крытыкам нумар адзін 1920-х. Ён быў абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай і антысавецкай агітацыі і рэпрэсаваны бальшавіцкай уладай. Спачатку засуджаны да высылкі, а потым — да ГУЛАГу, дзе ў 39-м гадовым узросьце загінуў. Вялікая, на зьдзіўленьне сёньняшніх дасьледчыкаў, ягоная творчая спадчына дзесяцігодзьдзі перахоўвалася жонкай і дочкамі, чакаючы свайго часу.

Але былі людзі, якіх і ў разгул савецкага інтэрнацыяналізму не палохала кляймо нацдэма на ягоным чале. Адным з даўніх прыхільнікаў творчасьці рэпрэсаванага клясыка стаў гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч, які наладзіў на Капыльшчыне, радзіме Адама Бабарэкі, сьвяткаваньне ягонага 70-годзьдзя,

Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч

«У 1969 годзе я, нахабнік, супрацоўнік капыльскай раённай газэты „Слава працы“, патурбаваў і Крапіву, і Лужаніна, і Броўку, і Конана, каб яны напісалі тэксты пра Адама Антонавіча. Мала таго, я падбіў мясцовыя ўлады і было наладжана сьвяткаваньне 70-годзьдзе Бабарэкі ў ягонай роднай вёсцы Слабада-Кучынка. Туды прыязджала Ганна, Бабарэкава ўдава, і дзьве дачкі, іншыя сваякі. А старшыня сельсавету, як высьветлілася, быў ягоным вучнем у Слабада-кучынскай школцы. Вось так».

Праз некалькі гадоў выйшла кніга Ўладзімера Конана пра Адама Бабарэку, але да поўнага вяртаньня на радзіму было яшчэ амаль паўстагодзьдзя. З выхадам двухтомніка сказаць, што яно адбылося. Спадчына Адама Бабарэкі прадстаўлена ў гэтых тамах на амаль дзьвюх тысячах старонках. Выданьне ахоплівае ўсе галіны, да якіх дакраналася рука творцы ― паэзію, прозу, публіцыстыку, эсэістыку, нататнікі і дзёньнікі, эпісталярый, службовыя і аўтабіяграфічныя дакумэнты і, вядома ж, асноўнае ― тэарэтыка-літаратурныя і крытычныя працы. Да гэтага часу Адам Бабарэка меў толькі адну кнігу ― «Апавяданьні», што выйшла ў 1925 годзе і пасьля якой творца перастаў пісаць мастацкія тэксты, вырашыўшы цалкам прысьвяціць сябе філязофскаму аналізу айчыннай гуманістыкі. Выданьне ягонай спадчыны сьведчыць, што ён не памыліўся ў сваім выбары і выявіўся як сапраўдны мысьляр і тэарэтык.

Збор твораў Адама Бабарэкі паводле меркаваньня экспэртаў нашага радыё заняў трэці радок залатой дзясяткі і першы ў намінацыі «дакумэнталістыка». Гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч лічыць выданьне наогул найлепшай кнігай 2011 году.

«Я ніколі не падазраваў, што Адам Антонаў Бабарэка, чыё імя мне прыйшло яшчэ ў маладыя гады, будучы ў ссылцы, жывучы ў тых цяжкіх умовах, нялюдзкіх умовах, працягваў інтэлектуальную працу. Ён быў падстрэлены на ўзьлёце. Гэтыя яго рукапісы паказваюць, які зь яго мог вырасьці крытык, філёзаф, эстэтык. І вось гэтага чалавека, надзеленага здольнасьцю мысьліць, аналізаваць, падстрэлілі. Мне здавалася, што яго спадчына невялічкая. Аказваецца, гэтыя два грунтоўныя тамы — гэта яшчэ ня ўся ягоная спадчына, яшчэ сёе-тое ня трапіла ў іх. І натуральна, я на першае месца іх паставіў таму, што вопытная архівістка Ганна Запартыка і малады вучоны, паэт Віктар Жыбуль усё гэта сабралі пад вокладкі двух тамоў, грунтоўна ўкамэнтавалі і паказалі, каго мы страцілі. І я ўпэўнены, што гісторыкі літаратуры, гісторыкі нашай філязофскай і эстэтычнай думкі цяпер гэтыя два тамы будуць мець у сваіх бібліятэках. І такім чынам Адаму Антонавічу Бабарэку пастаўлены выдатны помнік».

Гэтае фундамэнтальнае выданьне падрыхтаванае Беларускім дзяржаўным архівам-музэем літаратуры і мастацтва, і перш за ўсё ягоным супрацоўнікам Віктарам Жыбулем. Ён прызнаецца, што калі тры гады таму ідэя выданьня абмяркоўвалася ім з выдаўцом і дасьледчыкам Валер’ям Булгакавым, то яны не ўяўлялі, што архівы Адама Бабарэкі настолькі багатыя, што пацягнуць на такія два фундамэнтальныя тамы.

«У выніку мы пабачылі, што фонд Адама Бабарэкі вялікі, вельмі аб’ёмны. У ім творчая спадчына самага рознага кшталту: гэта і лісты, і дзёньнікі, і шматлікія чарнавікі крытычных артыкулаў, якія ніколі не друкаваліся, разнастайныя нататнікі. Вядома ж з гэтым усім была праведзена архіўная праца, але ўсё скамплектаваць ідэальна было немагчыма, давялося некаторыя творы складваць амаль як пазлы».

Адсоткаў восемдзесят, што ўвайшло ў збор твораў, не друкавалася ніколі. І гэта пры тым, што аўтар быў рэабілітаваны яшчэ пры канцы 50-х. Ёсьць меркаваньне, што сям’я Бабарэкі апасалася зьнявечаньня тэкстаў цэнзурай і нават канфіскацыі іх, таму і не давала доступу да архіву амаль нікому да пачатку 90-х, калі дачка Алеся вырашыла нарэшце перадаць творы бацькі ў Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва. Перасьцярога была, мяркуе Віктар Жыбуль, не беспадстаўнай, бо лісты і артыкулы высланага ў расейскую глухамань беларускага мысьляра да таксама высланых з радзімы сяброў-літаратараў выяўлялі вольныя думкі.

Віктар Жыбуль

Віктар Жыбуль

«Яны часам не баяліся ў прыватнай перапісцы выказваць свае думкі наконт таго, што адбываецца, чаму яны апынуліся ў высылцы, каму гэта было патрэбна, там была крытыка савецкай улады, крытыка цэнтральнай пазыцыі Масквы ў справе палітычных рэпрэсій, там былі развагі пра задушэньне беларускага нацыянальнага руху. І публікаваць такое ў савецкія часы, напэўна, было немагчыма. Уяўляецца нават нейкая такая сытуацыя, як, напрыклад, нейкі дасьледчык папрасіў бы апублікаваць, даў бы ў якое-небудзь выданьне, а там бы ў яго гэта, скажам так, сканфіскавалі б».

Натуральна, што пошта апальнага творцы з падобнага кшталту думкамі ня ўся даходзіла сваіх адрасатаў. Але й тое, што даходзіла, захоўваць адважваліся ня ўсе. Дый падчас вобшуку кватэры сям’і перад другім арыштам многае было сканфіскавана, хоць жонка, выявіўшы не абы якія хітрыкі, здолела падмануць канфіскантаў. Поўнага выданьня творчае спадчыны ўжо чакаць не выпадае, але і зробленым адна са складальнікаў двухтомніка дырэктарка дзяржаўнага архіва-музэя літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка задаволеная.

Ганна Запартыка

Ганна Запартыка

«Я задаволеная тым, што я выканала абяцанае калісьці Алесі Адамаўне, дачцэ Бабарэкі, апошняй з захавальнікаў сямейнага архіву, зрабіць выданьне. Рознымі шляхамі да гэтага ішлі, але трэба было сустрэцца такой вось камандзе зацікаўленых людзей, каб гэтае выданьне адбылося. Усе недахопы, якія могуць узьнікнуць пры такім пільным вывучэньні, усе мажлівыя абдрукоўкі і да таго падобнае — гэта ўжо сёньня для мяне ня так важна. Галоўнае — Адам Бабарэка вернуты ў нашу літаратуру, у літаратурны наш кантэкст. Забыты, выкрасьлены, ён сёньня жывы, таму што ёсьць гэтыя два тамы, ёсьць магчымасьць студэнтам, выкладчыкам, чытачам, літаратуразнаўцам, філёзафам, гісторыкам асэнсоўваць яго спадчыну. І гэта для мяне — найвялікшая радасьць».
XS
SM
MD
LG