Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскія СМІ – супраць дыппашпартоў для партнэраў Лукашэнкі


Уплывовыя аўстрыйскія выданьні «Kurier», «Die Presse» ды іншыя працягваюць зьмяшчаць крытычныя публікацыі на адрас замежнапалітычнага ведамства краіны ў сувязі з выдачай дыппашпартоў тым былым фэдэральным чыноўнікам, палітыкам, бізнэсоўцам, якія сярод іншага скампрамэтавалі сябе «сяброўствам» з Аляксандрам Лукашэнкам.

Чарговым героем газэты «Die Presse» стаў экс-прэзыдэнт аўстрыйскага нацыянальнага камітэту і ўладальнік сеткі казіно «Casinos Austria» Лео Вальнэр. Журналісты «Die Presse», зьвяртаюць увагу на наступную акалічнасьць: апошнім разам тэрмін дзеяньня дыпляматычнага пашпарта Вальнэра быў падоўжаны аўстрыйскім МЗС у ліпені 2010-га, якраз у разгар гучнага скандалу вакол «шэрай касы» аўстрыйскага Нацыянальнага алімпійскага камітэту і аплаты зь яе адпачынку беларускага прэзыдэнта ў Альпах у лютым 2002 году.

За грошы аўстрыйскіх падаткаплатнікаў Вальнэр арганізаваў беларускаму дыктатару сапраўднае сьвята.
Як адзначае «Die Presse», за грошы аўстрыйскіх падаткаплатнікаў Вальнэр арганізаваў беларускаму дыктатару сапраўднае сьвята, падчас якога быў задаволены ледзь ня кожны капрыз высокіх беларускіх гасьцей. Гэта і пражываньне ў фэшэнэбэльных гатэлях, наведваньне рэстарацыяў і казіно, атрыманьне гарналыжных урокаў, так званы «карпаратыў» з удзелам DJ Ötzi (сцэнічны псэўданім аднаго з найбольш папулярных нямецкамоўных сьпевакоў Гергарда Фрыдля), арганізацыя хакейных спаборніцтваў паміж беларускай прэзыдэнцкай і мясцовай камандамі, выклік верталётнай службы, калі Лукашэнка траўмаваў сьцягно на гарналыжным спуску, наведваньне прыватнай мэдычнай установы, чартэрныя авіяпералёты і г. д. Толькі згодна з раней апублікаванымі ў аўстрыйскіх мэдыях рахункамі, з патаемнай касы на адпачынак Лукашэнкі і яго сьвіты пайшло 200 тысяч эўра. Сродкі нібыта былі пералічаныя нейкімі аўстрыйскімі кампаніямі. Назвы гэтых фірмаў і дасюль не агучваюцца.

«Мы дзейнічалі ў інтарэсах аўстрыйскай эканомікі», — так тлумачыў журналістам экс-кіраўнік аўстрыйскага НАК Лео Вальнэр сваю надзвычайную гасьціннасьць у дачыненьні да «дыктатара Лукашэнкі» і яго каманды, людзей, якія брутальна парушаюць правы чалавека і ўсякія кантакты зь якімі афіцыйна байкатуюцца ў Эўразьвязе.

З патаемнай касы на адпачынак Лукашэнкі і яго сьвіты пайшло 200 тысяч эўра.
Як адзначае «Die Presse», пры дапамозе ідэяў алімпійскай дыпляматыі, а таксама высокага ўзроўню супрацоўніцтва нацыянальнага бізнэсу і спорту Вальнэру ўдалося абысьці прынятыя эўрапейскімі краінамі ўязныя санкцыі ў дачыненьні да беларускага кіраўніка.

Нягледзячы на скандальнасьць сытуацыі, Лео Вальнэр працягвае «вандраваць па сьвеце» з чырвоным аўстрыйскім дыппашпартам, што само па сабе зьяўляецца недапушчальным, — пішуць аўстрыйскія СМІ.

Раней выданьне «Kurier» пісала таксама пра ўладальніка дыппашпарта Губэрта Горбаха, колішняга міністра транспарту і віцэ-канцлера Аўстрыі, а цяпер кіраўніка фірмы «Gorbach Consulting» і кансультанта «Wintertechnik Engeneering». Абедзьве кампаніі вядуць у Расеі і Беларусі шэраг праектаў, зьвязаных зь зімовымі курортамі. Абурэньне журналістаў выкліканае тым, што дыпляматычным імунітэтам карыстаецца лабіст Лукашэнкавага рэжыму. Горбах, які ў сьнежні 2010-га быў запрошаны ў якасьці ганаровай пэрсоны для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, даў ім вельмі станоўчую ацэнку, а дзеяньні спэцслужбаў супраць цывільных дэманстрантаў ахарактарызаваў так: «Ува ўсіх ёсьць права на самаабарону».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG