Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліга арабскіх дзяржаваў можа цалкам адмовіцца ад назіраньня ў Сырыі


Сырыя – узброеныя апазыцыянэры

Сырыя – узброеныя апазыцыянэры

5 лютага Ліга будзе вырашаць аб поўным спыненьні назіральнай місіі ў Сырыі.

Ліга арабскіх дзяржаваў прызначыла на наступную нядзелю нараду, на якой будзе вырашацца пытаньне аб поўным спыненьні працы яе назіральнікаў у Сырыі. Напярэдадні дзейнасьць місіі была часова прыпыненая.

Афіцыйны Дамаск назваў дзеяньні Лігі спробай ціску на Раду бясьпекі ААН з мэтай падштурхнуць яе да ўмяшаньня ў сырыйскія справы. У пятніцу шэраг арабскіх краін падалі ў Раду бясьпекі ААН праект рэзалюцыі, заснаваны на пляне, распрацаваным Лігай, які прадугледжвае адстаўку прэзыдэнта Сырыі Башара Асада і стварэньне ўраду нацыянальнай згоды.

Расея бароніць Дамаск

Расея выступіла супраць гэтага пляну і падала ўласны праект рэзалюцыі, які ўскладае віну за гвалт у Сырыі як на ўрад, так і на апазыцыю. Краіны Захаду расейскую прапанову адхілілі.

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў падчас сёньняшняга візыту ў Брунэй скрытыкаваў рашэньне Арабскай лігі прыпыніць дзейнасьць назіральнай місіі ў Сырыі і падкрэсьліў, што Масква, наадварот, падтрымлівае пашырэньне колькасьці арабскіх назіральнікаў у гэтай краіне.

Расея — сталы член Рады бясьпекі ААН — мае права заблякаваць любое рашэньне Рады бясьпекі аб міжнародным умяшаньні ў сырыйскую сытуацыю. Аглядальнікі адзначаюць, што ўрэгуляваньне грамадзянскага канфлікту ў арабскім сьвеце прычыніцца да падзеньня цэнаў на энэргарэсурсы, якія складаюць больш за 70% ад экспартных даходаў Расеі.

ААН страціла лік ахвярам

ААН паведамляе, што за апошнія 11 месяцаў антыўрадавых выступаў у Сырыі загінулі прынамсі 5 400 чалавек, і зазначае, што ўзброенае супрацьстаяньне ў краіне дасягнула такога ўзроўню, што адсочваць колькасьць ахвяраў ужо немагчыма.

Паведамляецца, што толькі ў нядзелю ў Сырыі былі забітыя прынамсі 16 салдатаў і тры цывільныя асобы, бальшыня ахвяраў — у прымесьці Дамаску, дзе сёньня разгарнуліся найбольш жорсткія баі паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі. Напярэдадні 17 салдатаў і шэсьць цывільных асобаў загінулі ў баёх у горадзе Гута.
XS
SM
MD
LG