Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў патрабуе вызваліць Алега Воўчака


Алег Воўчак
Алег Воўчак
Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў запатрабавала ад беларускіх уладаў вызваліць затрыманага ў пятніцу ў Менску праваабаронцу Алега Воўчака, паведамляе сайт цэнтру «Вясна».

Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў (супольны праект Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека і Міжнароднай арганізацыі супраць катаваньняў) заклікала ўлады Беларусі:

1. Гарантаваць пры любых абставінах фізычную і псыхалягічную недатыкальнасьць Алега Воўчака, як і ўсіх праваабаронцаў Беларусі;

2. Неадкладна і безумоўна вызваліць Алега Воўчака, бо яго затрыманьне зьяўляецца самавольным;

3. Пакласьці канец усім формам перасьледу Алега Воўчака, у тым ліку на юрыдычным узроўні, як і ўвогуле ўсіх праваабаронцаў у краіне;

4. Прытрымлівацца прадпісаньняў Дэклярацыі ААН аб праваабаронцах, паводле якой «кожны мае права, аднаасобна і супольна зь іншымі, займацца заахвочваньнем, абаронай і рэалізацыяй правоў чалавека і асноўных свабодаў на дзяржаўным і міжнародным узроўнях»;

5. Забясьпечыць павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасьці з Усеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека і міжнароднымі і рэгіянальнымі праваабарончымі дакумэнтамі, ратыфікаванымі Беларусьсю.

***
Як мы раней паведамлялі, праваабаронца Алег Воўчак быў затрыманы міліцыянтамі ў Менску 27 студзеня. Як паведаміў сам Воўчак па тэлефоне, яго затрымалі на вуліцы і адвезьлі ў Цэнтральны РАУС, дзе склалі пратакол аб дробным хуліганстве. Праваабаронцу будуць судзіць у панядзелак у Цэнтральным судзе Менску, а да таго часу адправілі пад варту ў цэнтар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

Вядома, што да інцыдэнту Алег Воўчак быў на пошце, адпраўляў адтуль газэту «Народная воля» для праваабаронцы Івана Крука з Астраўца.

Алег Воўчак — былы «аўганец», пасьля вяртаньня з Аўганістану працаваў у органах пракуратуры, сьледчы ў асабліва важных справах. У канцы 1990 гадоў кіраваў Цэнтрам прававой дапамогі насельніцтву, які страціў рэгістрацыю пасьля актыўнай абароны ахвяраў трагедыі на Нямізе ў 1999 годзе.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году Алег Воўчак быў даверанай асобаю кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, асуджанага на 5 з паловаю гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля актыўна дапамагаў асуджанаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу, зь якім яго аб’ядноўвае аўганскі досьвед. Актыўны ўдзельнік шматлікіх кампаніяў за вызваленьне палітвязьняў, у тым ліку вязьняў Плошчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG