Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аршанскія і віцебскія прадстаўнікі партыі левых «Справядлівы сьвет» атрымалі адмовы ў правядзеньні пікетаў супраць пагаршэньня эканамічнага становішча грамадзян, заплянаваных на 28 студзеня.

Аршанскі гарвыканкам адмовіў заяўнікам на той падставе, што аўтары заявак не паказалі месца сваёй працы, апавёў кіраўнік гарадзкой партыйнай арганізацыі Мікалай Дзямідаў:

«Нашыя заяўнікі — пэнсіянэры, якое працоўнае месца яны мусілі ўказваць? Да таго ж усе падавалі кантактныя тэлефоны. Калі нешта патрабавалася ўдакладніць, то было як зьвязацца. Аднак улады не сьпяшаліся ні з удакладненьнямі, ні з адказамі: нам мусілі даслаць іх не пазьней як 23 студзеня, за 5 дзён да акцыі. З улікам таго, што пошта ў межах гораду перасылаецца самае большае цягам сутак, мы атрымалі адказы толькі 26-га. Каб мы не паведамілі ў незалежныя СМІ, што будзем скардзіцца ў пракуратуру, верагодна, маглі і зусім не атрымаць адказу. Інакш як непавагай гэткае стаўленьне назваць нельга».

Віцебскім заяўнікам з Кастрычніцкага і Чыгуначнага райвыканкамаў таксама адмовілі са спазьненьнем. Своечасова адказ прыйшоў толькі зь Першамайскай раённай адміністрацыі, але і ён быў адмоўны: у парку 30-годзьдзя ВЛКСМ, вызначаным пад масавыя мерапрыемствы рашэньнем гарвыканкаму, акурат 28 студзеня праводзіцца дзіцячае зімовае сьвята, і пікетоўцам там месца не знайшлося.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG