Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адзначаюць гадавіну магдэбурскага права


Экскурсія па колішняй гандлёвай плошчы Магілёва, сярод прысутных — Аляксандар Мілінкевіч.

Экскурсія па колішняй гандлёвай плошчы Магілёва, сярод прысутных — Аляксандар Мілінкевіч.

28 студзеня грамадзкасьць Магілёва адзначае гадавіну наданьня гораду магдэбурскага права. У гэты дзень у 1577 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторы даў гораду прывілей на самакіраваньне. Рэгіянальнае прадстаўніцтва Руху «За свабоду», аргкамітэт па стварэньні Партыі свабоды і прагрэсу, а таксама ініцыятыва «Грамадзкі магістрат» праводзяць у Магілёве шэраг мерапрыемстваў да гадавіны знакавай падзеі ў гісторыі гораду. На афіцыйным узроўні гадавіна наданьня магдэбурскага права не адзначаецца.

Зранку актывісты апазыцыйных арганізацый наведалі музэй Магілёва, які месьціцца ў ратушы, а таксама сталі ўдзельнікамі экскурсіі па старой частцы гораду. За рухам апазыцыянэраў сачылі супрацоўнікі міліцыі.

У межах сьвяткаваньня гадавіны магдэбурскага права пройдзе й канфэрэнцыя «Мясцовае самакіраваньне ўчора, сёньня, заўтра».

Адзін з арганізатараў сьвяткаваньня Аляксандар Сілкоў: «Усе мерапрыемствы, якія мы праводзім, яднае адно: каб у Беларусі ідэя магдэбурскага права актуалізавалася. У Беларусі 100 гарадоў мелі магдэбурскае права. Мы падрыхтавалі й разаслалі паштоўкі ў гарадзкія газэты, у гарвыканкам, дырэктарам школ. Мы іх павіншавалі з гадавінай магдэбурскага права. Мы хочам, каб гэты дзень стаў агульнагарадзкім сьвятам. Традыцыйна мы праводзім такія мерапрыемствы на працягу 15 гадоў і кажам: гэта наша сьвята. Апошнія два гады прадстаўнікі ўлады ігнаруюць нашы прапановы нешта правесьці ў гэты дзень разам. Такое адчуваньне, што іх гэта не цікавіць».

Адзначыць гадавіну наданьня Магілёву магдэбурскага права прыехала амаль усё кіраўніцтва Руху «За свабоду» на чале з Аляксандрам Мілінкевічам:
Кароль быў бяднейшы, а гарады багацейшыя. Гэта кажа пра тое, што каралі думалі пра багацьце краіны, а не пра сваё асабістае.

«Калі казаць пра нашу эўрапейскасьць у пабудове грамадзкага й дзяржаўнага жыцьця, то менавіта магдэбурскае права нас адрозьнівае ад земляў, якія ляжалі на ўсход, у Расеі. Там ніводзін горад ня меў магдэбурскага права. Гэта права на самастойнасьць, права выбіраць уладу — гэта адмаўленьне караля браць подаці ад магдэбурскіх гарадоў. Кароль быў бяднейшы, а гарады багацейшыя. Гэта кажа пра тое, што каралі думалі пра багацьце краіны, а не пра сваё асабістае. Канечне, гэта традыцыі велізарнага значэньня, але ж калі запытаць нашых школьнікаў, якія канчаюць школу, што такое магдэбурскае права, то большасьць ня скажа. І гэта трагедыя. Але ж гэта выправіцца. Будуць добрыя падручнікі й добрае выкладаньне».

У 1654 годзе Магілёў пазбавілі магдэбурскага права з-за здачы гораду маскоўскім войскам. Пасьля паўстаньня магілёўцаў супраць маскоўцаў 1 лютага 1661 году прывілей на самакіраваньне вярнулі з новым гарадзкім гербам. Гэты герб зьяўляецца гарадзкім і па сёньня. У 2007 годзе грамадзкія актывісты сабралі больш за тысячу подпісаў, каб улады адбудавалі сымбаль магдэбурскага права — ратушу. У 2008 годзе ратушу адкрылі. У ёй месьціцца музэй, праходзяць урачыстыя мерапрыемствы.
XS
SM
MD
LG