Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча заашчадзіць 2,7 мільярда даляраў на расейскіх газе і нафце


Уладзімер Сямашка

Уладзімер Сямашка

Урад упершыню агучыў памер плянаванага гадавога эканамічнага эфэкту ад уступленьня краіны ў Адзіную эканамічную прастору з Расеяй і Казахстанам.

Першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка падчас урачыстага сходу, прысьвечанага Дню беларускай навукі, сказаў, што ад зьніжэньня кошту на расейскі прыродны газ Беларусь атрымае больш за 2 мільярды даляраў. Сямашка нагадаў, што ад 1 студзеня 2012 году пачало дзейнічаць міждзяржаўнае пагадненьне па энэргетыцы, якое вызначае прынцыпова новыя ўмовы пастаўкі газу ў Беларусь: «Гэта не 350 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў, як для іншых пакупнікоў, а 165 даляраў».

Таксама, паводле ягоных слоў, дзейнічаюць і новыя ўмовы пастаўкі расейскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Гадавы эфэкт, паводле падлікаў Сямашкі, вымяраецца 700 мільёнамі даляраў. Гэтыя сумы, разьлічвае ўрадовец, дазволяць істотна скараціць традыцыйна значнае адмоўнае сальда зьнешняга гандлю.

Але, як лічаць незалежныя экспэрты, за відавочную эканомію ўладам Беларусі давядзецца разьлічыцца як мінімум эканамічным сувэрэнітэтам. Падчас сустрэчы з вэтэранамі 27 студзеня прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што разьлічвае дамовіцца з кіраўніцтвам Беларусі адносна пытаньня агульнай валюты. Пуцін перакананы, што ва ўмовах далейшай інтэграцыі наяўнасьць двух эмісійных цэнтраў у Маскве і Менску будзе немагчымым. Ён выказаў спадзяваньне, што зь цягам часу бакі прыйдуць да паразуменьня ў гэтым прынцыповым пытаньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG