Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія ўлады не прапусьцілі ніводнай апазыцыйнай акцыі ў свае вароты


Спаборніцтвы моладзі на стадыёне, дзе быў заяўлены пікет супраць зьбядненьня насельніцтва.

Спаборніцтвы моладзі на стадыёне, дзе быў заяўлены пікет супраць зьбядненьня насельніцтва.

28 студзеня Магілёўская абласная арганізацыя партыі левых «Справядлівы сьвет» зьбіралася правесьці пікет супраць зьбядненьня насельніцтва.

Магілёўскі гарвыканкам акцыю пратэсту не дазволіў. Адмову аргумэнтавалі тым, што на стадыёне на вуліцы Чалюскінцаў, дзе меўся адбыцца пікет, пройдзе іншае мерапрыемства.

Веры чыноўнікам арганізатары апазыцыйнай акцыі не далі. Вырашылі спраўдзіць, ці адбудзецца нешта на стадыёне. У час правядзеньня заплянаванага пікету прыехалі на спартовую пляцоўку. На ёй ужо была моладзь, якая актыўна займалася спортам.

На ўваходзе на стадыён знаходзіўся пост з супрацоўнікаў міліцыі. Каля самога стадыёна таксама было багата міліцыянтаў. За спаборніцтвамі сачыў прадстаўнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму.

Лёзунгі на стадыёне актывісты «Справядлівага сьвету» плянавалі ўздымаць больш прадметныя.

Лёзунгі на стадыёне актывісты «Справядлівага сьвету» плянавалі ўздымаць больш прадметныя.



Кіраўнік абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валерый Беразіенка: «Такое ўражаньне, што ўлада баіцца хоць нейкага пратэсту, нейкага выступу, і неістотна якога — вялікага, ці малога. І будзе рабіць усё, каб гэтыя пратэсты не адбыліся. Вось гэтае мерапрыемства, якое яны праводзяць цяпер — гэта ў піку нам. Ніякіх аб’яваў у газэтах я ня бачыў аб гэтым мерапрыемстве. Ну, што ж — яны за гадзіну й скончаць свае спаборніцтвы. Маглі б па сканчэньні іхнага мерапрыемства дазволіць і нам наша правесьці. З намі ніхто ня раіўся, каб перанесьці час і месца пікету. Нам адмовілі, і ўсё. Мы пікет зьбіраліся правесьці супраць зьбядненьня людзей. Цэны ўзрасьлі ў два-тры разы, а заробкі падымаюць на 10-20%, што ад гэтага мяняецца? Нічога не мяняецца людзі як былі бедныя, так і застаюцца».

Валерый Беразіенка

Валерый Беразіенка



Паводле Валерыя Беразіенкі, пра адмову ў правядзеньні пікету ён даведаўся толькі ўчора. У гарвыканкаме яму заявілі, што паведамленьне даслалі яму поштай, але калі пачалі разьбірацца, то высьветлілася, што яго адправілі не на адрас Беразіенкі. Палітык заяўляе, што будзе скардзіцца на парушэньне чыноўнікамі закону. Арганізатары для правядзеньня пікету заключылі дамовы з камунальнікамі, мэдыкамі й міліцыяй, але не аплацілі іх паслугаў.

Стадыён на вуліцы Чалюскінцаў вызначаны гарвыканкамам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, якія арганізоўваюцца грамадзкімі арганізацыямі, палітычнымі партыямі і групамі грамадзян. За апошнія гады на ім не дазволілі правесьці ніводнай апазыцыйнай акцыі. Стадыён знаходзіцца ў баку ад людных вуліц гораду.
XS
SM
MD
LG