Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіча пасьля турэмнага карцэра перавялі ў сьледчы ізалятар


Чаму Мікалая Статкевіча перавялі ў магілёўскі сьледчы ізалятар? Плату за інтэрнат на «хіміі» Севярынца не павялічылі. 30 студзеня віцебскі раённы суд разгледзіць скаргу адвакатаў Андрэя Саньнікава. Стан здароўя Алеся Бяляцкага палепшаў. Гэтымі днямі Мікалая Аўтуховіча могуць прывезьці ў гарадзенскую турму.

Марына Адамовіч мае сваю вэрсію адносна таго, чаму яе мужа Мікалая Статкевіча пасьля карцэру не вярнулі ў турму, а накіравалі ў адзіночку ў сьледчым ізалятары:

«Бывалыя людзі тлумачаць гэта вельмі проста: што зьмясьцілі ў ізалятар, каб не было як камунікавацца. Бо ў турме гэта больш наладжана, чым ў ізалятары. Адтуль дакладна цыдулку не прышлеш».

Былога кандыдата на прэзыдэнты Мікалая Статкевіча ў пачатку месяца перавялі з Шклоўскай калёніі ў Магілёўскую турму, у больш жорсткія умовы, і там адразу пасадзілі ў карцэр за парушэньні, нібыта зробленыя яшчэ ў калёніі. Пасьля адбыцьця карцэру палітвязень мусіў вярнуцца ў турэмную камэру, але, як сьцьвярджае Марына Адамовіч, апынуўся ў камэры-адзіночцы ў будынку сьледчага ізалятару, які знаходзіцца за адным плотам з турмой. «Ведаю, што пасьля карцэру ён хоць крыху адагрэўся», — кажа Марына Адамовіч.


У панядзелак, 30 студзеня, у Віцебскім раённым судзе будзе разгледжаная скарга адвакатаў былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Абаронцы скардзяцца на тое, што іх да падабароннага Саньнікава не дапускаў начальнік калёніі «Віцьба-3» Агнісьцікаў. Той адказваў, што ў яго нібыта няма зьвестак, што вязьню Саньнікаву патрэбная юрыдычная дапамога. На апошняй сустрэчы з сынам маці Саньнікава Ала Ўладзімераўна даведалася, што Андрэй зьвяртаўся з просьбамі па юрыдычную дапамогу, але марна. Ала Ўладзімераўна з болем згадвае сустрэчу з сынам у калёніі «Віцьба-3»:
Тое, якім я яго ўбачыла, і першая ягоная фраза, што ён ужо не спадзяваўся нас убачыць, мяне літаральна зьнічтожылі.

«Тое, якім я яго ўбачыла, і першая ягоная фраза, што ён ужо не спадзяваўся нас убачыць, мяне літаральна зьнічтожылі. Я ужо пасьля гэтага мала што разумела. Добра, што побач была Іра, якая далей вяла размову».

Паводле Ірыны Халіп Андрэй Саньнікаў яшчэ 2 месяцы таму пад ціскам і пагрозамі падпісаў прашэньне аб памілаваньні, але дагэтуль яно нават не разгледжанае.


Плату за інтэрнат на «хіміі», дзе адбывае пакараньне Павал Севярынец, зьбіраліся падвысіць болей як удвая і давесьці да 340 тысяч за месяц, пра гэта нават ужо паведамілі «хімікам» і запатрабавалі тэрмінова плаціць грошы, але днямі перадумалі. Чаму? Севярынец зьвязвае адмену непапулярнага рашэньня ў тым ліку з тым, што пра гэта стала шырока вядома:

«Падняўся шум у інтэрнэце і недзе праз тыдзень абвясьцілі, што плата за інтэрнат застанецца 140 тысяч на месяц. Гэта больш-меньш прымальная плата. Людзі нават дзякуюць, ва ўсякім разе разумеюць, што сыстэма ў нейкі момант адступіла».

Сузаснавальнік партыі БХД Павал Севярынец адбывае за Плошчу пакараньне «хіміяй» у Пружанскім раёне.

27 студзеня жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук бачылася зь ім ў Жодзінскім ізалятары. Натальля кажа, што Алесь пачуваецца лепш — раней у яго была прастуда, а цяпер прыкметаў захворваньня няма. Куды могуць накіраваць Алеся для адбыцьця пакараньня?

Натальля Пінчук: «Ніколі гэтага не ўгадаеш, але ён сказаў, што могуць некуды на Віцебшчыну закінуць. Яму гэтак здаецца».

На гэтым тыдні адбыўся разгляд касацыйнай скаргі Бяляцкага, прысуд яму пакінулі бяз зьменаў і цяпер у любы момант праваабаронцу могуць адправіць з жодзінскага сьледчага ізалятару ў калёнію.

У Гарадзенскую турму з Івацэвіцкай калёніі гэтымі днямі можа трапіць Мікалай Аўтуховіч, але дакладных зьвестак пра гэта няма. Жонка палітвязьня Алена сказала, што не атрымлівала ад яго апошнім часам лістоў. Аўтуховіча, як і Статкевіча, прысудзілі ў калёніі да адбыцьця пакараньня ў больш жорсткіх умовах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG